Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Сур’ёзныя рэпрэсіі супраць абаронцаў правоў жанчын». У ААН зрабілі рэкамэндацыі для Беларусі па ліквідацыі жаночай дыскрымінацыі


Ілюстрацыйнае фота. Затрыманьне жанчыны на акцыі пратэсту 2020 году ў Беларусі
Ілюстрацыйнае фота. Затрыманьне жанчыны на акцыі пратэсту 2020 году ў Беларусі

Камітэт па ліквідацыі ўсіх формаў дыскрымінацыі ў адносінах да жанчын зрабіў заключныя заўвагі паводле дзявятага пэрыядычнага дакладу Беларусі, які разгледзелі на пасяджэньнях 6 лютага 2025 году.

У рэкамэндацыях Камітэт згадаў адсутнасьць у Беларусі ўсёабдымнага закону аб гендэрнай роўнасьці і антыдыскрымінацыйнага заканадаўства, выказаўся пра сур'ёзныя рэпрэсіі ў дачыненьні да абаронцаў правоў жанчын, палітычных актывістак і журналістак і пра бесчалавечныя ўмовы ўтрыманьня жанчын пад вартай, а таксама заклікаў перагледзець крымінальныя справы і вызваліць усіх жанчын, чыё зьняволеньне становіць пагрозу іх здароўю або жыцьцю, піша «Вясна».

Сярод іншага, Камітэт рэкамэндаваў Беларусі:

  • Забясьпечыць поўны пераклад Канвэнцыі аб ліквідацыі ўсіх формаў дыскрымінацыі ў адносінах да жанчын на ўсе нацыянальныя мовы, яе інтэграцыю ў нацыянальнае заканадаўства і актыўны ўжытак у судовай практыцы, зьбіраць і публікаваць зьвесткі пра судовыя рашэньні ў справах, зьвязаных з дыскрымінацыяй жанчын у Беларусі.
  • Прыняць усёабдымны закон аб гендэрнай роўнасьці, забясьпечваць сыстэматычны перагляд усіх законапраектаў на прадмет іх уплыву на правы жанчын і гендэрную роўнасьць да іх прыняцьця.
  • Прыняць усёабдымнае антыдыскрымінацыйнае заканадаўства, якое спэцыяльна забараняе ўсе формы дыскрымінацыі ў дачыненьні да жанчын і дзяўчат, уключна з прамой і ўскоснай дыскрымінацыяй у дзяржаўных і прыватных сфэрах.
  • Перагледзець усе абвінавачваньні супраць жанчын, незаконна затрыманых за ажыцьцяўленьне сваіх свабодаў выказваньня думак, асацыяцыі і сходаў або за выкананьне сваіх законных функцыяў і спыніць усе распачатыя справы.
  • Гарантаваць права на справядлівы суд для ўсіх, умацаваць незалежнасьць судовай сыстэмы, спыніць практыку завочных судоў, аднавіць грамадзянства і юрыдычныя дакумэнты ўсім жанчынам, супраць якіх ужывалі палітычна матываваныя абвінавачаньні.
  • Спыніць выкарыстаньне законаў аб супрацьдзеяньні экстрэмізму і тэрарызму супраць тых, хто ажыцьцяўляе свае законныя правы, такія як свабода выказваньня думак, асацыяцыі і сходаў, або хто зьвязаны з арганізацыямі грамадзянскай супольнасьці, асабліва тымі, якія выступаюць за гендэрную роўнасьць і правы жанчын.
  • Забясьпечыць, каб абаронцы правоў жанчын, палітычныя актывісткі, прадстаўнікі арганізацый грамадзянскай супольнасьці і журналісткі ў Беларусі і «на выгнаньні» маглі свабодна выказваць сваю думку і займацца праваабарончай дзейнасьцю без пагрозаў перасьледу, цэнзуры і г. д.
  • Правесьці расьсьледаваньне і прыцягнуць да адказнасьці вінаватых у парушэньні правоў чалавека ў Беларусі, уключна з адвольнымі затрыманьнямі, перасьледам, цэнзурай і гендэрным гвалтам у дачыненьні да абаронцаў правоў жанчын, палітычных актывістак і журналістак; забясьпечыць эфэктыўную абарону і пакрыцьцё шкоды ахвярам.
  • Ліквідаваць ўсе неабгрунтаваныя бар’еры і празьмерныя абмежаваньні для працы НДА і арганізацый грамадзянскай супольнасьці, асабліва тых, якія прасоўваюць правы жанчын і гендэрную роўнасьць.
  • Адмяніць палажэньні Закону № 337-Z і прэзыдэнцкага ўказу № 37, якія дапускаюць безразборнае ўжываньне сілы супраць жанчын, дзяцей, уключна з жанчынамі і дзяўчаткамі з інваліднасьцю, і забясьпечыць, каб усе захады па падтрыманьні грамадзкай бясьпекі і парадку былі прапарцыйныя і адпавядалі міжнародным стандартам у галіне правоў чалавека.
  • Прывесьці ўмовы ўтрыманьня жанчын пад вартай у адпаведнасьць зь міжнароднымі стандартамі.
  • Правесьці расьсьледаваньне ўсіх зарэгістраваных выпадкаў сьмерці жанчын, якія ўтрымліваюцца пад вартай, з траўня 2020 году. Перагледзець крымінальныя справы і вызваліць усіх жанчын, чыё зьняволеньне становіць непасрэдную пагрозу іх здароўю або жыцьцю, з гуманітарных меркаваньняў.
  • Забясьпечыць затрыманым жанчынам эфэктыўны, даступны і, пры неабходнасьці, бясплатны доступ да юрыдычнай дапамогі. Адмяніць надгляды з распрананьнем, якія праводзяць ахоўнікі супрацьлеглага полу, забараніць усе формы абыходжаньня, якое зьневажае годнасьць.
  • Стварыць канфідэнцыйны і эфэктыўны мэханізм для прыёму скаргаў на сэксуальны гвалт.
  • Адмяніць прымусовую працу як крымінальнае пакараньне і рэгуляваць добраахвотную працу гарантыямі справядлівага ўзнагароджаньня і захаваньня нормаў годнай працы. Цалкам выканаць рэкамэндацыі наглядных органаў МАП і рэзалюцыю Міжнароднай канфэрэнцыі працы па Беларусі (чэрвень 2023 г.), уключаючы прыём місіі МАП з эфэктыўным доступам да месцаў утрыманьня пад вартай.

Таксама Камітэт выказаўся па шэрагу іншых тэмаў, сярод якіх гендэрныя стэрэатыпы, гвалт у дачыненьні да жанчын і дзяўчатак, гандаль людзьмі і ўцягваньне ў прастытуцыю, удзел жанчын у палітычным і грамадзкім жыцьці, занятасьць жанчын і сэксуальныя дамаганьні на працоўным месцы, жанчыны-ўцякачкі, жанчыны — прадстаўніцы ЛГБТК-супольнасьці і інш.

Рэкамэндацыі Камітэту цалкам можна паглядзець тут.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG