Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«У найбліжэйшай будучыні ЗША незаменныя для нашай абароны». Што ў Літве гавораць пра зьмены ў амэрыканскай палітыцы


Амэрыканскі зьнішчальнік пятага пакаленьня F-22 Raptor над вайсковай базай у літоўскім Шаўляі, красавік 2016
Амэрыканскі зьнішчальнік пятага пакаленьня F-22 Raptor над вайсковай базай у літоўскім Шаўляі, красавік 2016

Зьмены ў палітыцы ЗША ў дачыненьні да Ўкраіны і Эўропы закранаюць бясьпеку Літвы і іншых балтыйскіх краін. Як гэта адаб’ецца на рэгіёне і чым можна замяніць падтрымку Вашынгтона? Адказваюць літоўскія экспэрты.

Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп прыпыніў усю вайсковую дапамогу Ўкраіне пасьля сустрэчы з Уладзімірам Зяленскім на мінулым тыдні. Пра гэта паведамляюць амэрыканскія СМІ са спасылкай на прадстаўніка адміністрацыі Белага дому.

Яшчэ да сустрэчы Трампа і Зяленскага ў ЗША пачалі думаць пра аслабленьне санкцый супраць Расеі. Літва знаходзіцца непасрэдна на мяжы зь Беларусьсю, улады якой падтрымліваюць Расею ў вайне. Перамены ў замежнай палітыцы ЗША ўжо выклікалі рэакцыю літоўскіх палітыкаў.

Прэм'ер-міністар Літвы Гінтаўтас Палуцкас заявіў, што ў кароткатэрміновай пэрспэктыве Ўкраіна не пацярпіць ад прыпыненьня вайсковай дапамогі, абвешчанай Злучанымі Штатамі ў аўторак 4 сакавіка. У той жа час, падкрэсьлівае прэмʼер-міністар, Літве варта ўстрымацца ад «рэзкіх заяў» у адрас Вашынгтона.

Міністар замежных спраў Літвы Кястуціс Будрыс заявіў, што яны “прыфрантавая дзяржава», а таму “ўсе наступствы тых ці іншых пагадненьняў аб Украінебудуць непасрэдна адчувацца ў Літве”.

Што азначае для Літвы зьмена ў палітыцы ЗША і як гэта адаб’ецца на бясьпецы краіны? Пра гэта Свабода распытала літоўскіх палітолягаў і палітыкаў.

«Мы ўспрымалі ЗША як ключавога саюзьніка»

Калі Ўкраіна зможа абараніцца, то Літва не апынецца пад пагрозай вайны, упэўнены дырэктар віленскага Цэнтру геапалітычных і стратэгічных дасьледаваньняў (GSSC) Лінас Каяла.

«Наша бясьпека залежыць ад ЗША – як у пляне ядзернага стрымліваньня, так і ўсіх іншых магчымасьцяў стрымліваньня NATO. Любыя сурʼёзныя зьмены ў палітыцы ЗША непасрэдна паўплываюць на нашу бясьпеку. Асноўнае пытаньне, вядома, зьвязанае з Ўкраінай, бо мы ўспрымаем будучыню Ўкраіны як сваю ўласную. Калі Ўкраіна зможа абараніцца, мы не апынёмся пад пагрозай вайны. Калі не – усходні флянг NATO апынецца пад прамой пагрозай з боку Расеі», – зазначае Лінас Каяла.

Лінас Каяла
Лінас Каяла

Рызыка ваеннай эскаляцыі на ўсходнім флянгу NATO выклікае трывогу ў Літве, працягвае экспэрт. А рэзкая зьмена рыторыкі ЗША стала сюрпрызам для літоўскіх палітыкаў, кажа суразмоўца.

«Людзей вельмі зьдзіўляе, што ЗША раптам становяцца гульцом у сусьветнай палітыцы, які фактычна прадстаўляе ў сваіх заявах, ва ўсялякім разе ў апавядальным сэнсе, пазыцыі Крамля. Раней мы ўспрымалі ЗША як ключавога саюзьніка, які заўсёды падтрымлівае дэмакратычныя сілы, у тым ліку Ўкраіну. Таму рэзкая зьмена рыторыкі і той факт, што ЗША цяпер трансьлююць такую пазыцыю на Захадзе, гэта сюрпрыз і вялікая трывога для многіх людзей», – дадае Лінас Каяла.

Паводле экспэрта, у пляне падтрымкі Літве няма кім у найбліжэйшым часе замяніць ЗША. Аднак гэта магчыма ў далёкай пэрспэктыве, кажа суразмоўца.

«Літва заўсёды разумела, што ЗША адыгрываюць велізарную ролю ў нашай бясьпецы і абароне. На жаль, у Эўропы пакуль няма дастатковых магчымасьцяў, каб замяніць ЗША ў кароткатэрміновай пэрспэктыве. Магчыма, праз 3, 5 або 7 гадоў мы будзем гатовыя, калі пачнём інвэстыцыі ўжо цяпер. Але ў найбліжэйшай будучыні ЗША незаменныя. Таму застаецца толькі шукаць спосабы размаўляць з Трампам, зь ягонай камандай, і спадзявацца, што ён ня прыме радыкальных рашэньняў адносна Ўсходняй Эўропы», — гаворыць Каяла.

Суразмоўца зьвяртае ўвагу на тое, што Літва ўваходзіць у топ-5 краін NATO ў выдатках на абарону ў працэнтным суаднясеньні да ВУП (3,2%, ці 2,4 мільярда эўра).

Таксама ён зазначае, што Літва актыўна інвэстуе ў вайсковую інфраструктуру. Пры гэтым экспэрт выказвае шкадаваньне, што Літва, Латвія і Эстонія не былі прадстаўленыя на саміце аб бясьпецы ў Лёндане, які праходзіў 2 сакавіка.

«Галоўнай цэльлю будуць балтыйскія краіны»

Бясьпека Літвы наўпрост залежыць ад сытуацыі на фронце ва Ўкраіне, такую думку ў размове са Свабодай выказвае галоўны рэдактар інфармацыйнай агенцыі ELTA Вітаўтас Брувярыс.

«Наша бясьпека наўпрост залежыць ад таго, як будзе разьвівацца расейская агрэсія і вайна ва Ўкраіне. Злучаныя Штаты, выходзячы з Украіны, пакідаючы Ўкраіну на волю расейскай агрэсіі, значна ўскладняюць сытуацыю ва Ўкраіне і становішча на фронце. Эўрапейскія краіны, якія застануцца з Украінай, прыкладуць максымум намаганьняў, каб у выніку на працягу гэтага году стабілізаваць фронт. Спыніць расейскі наступ, каб расейцы фізычна не змаглі прасоўвацца далей», — мяркуе Вітаўтас Брувярыс.

Вітаўтас Брувярыс
Вітаўтас Брувярыс

З другога боку, празь зьмены палітыкі ЗША расейскі бок можа адчуць, што ініцыятыва цяпер у яго руках, дадае суразмоўца. Ад гэтага могуць узмацніцца гібрыдныя атакі на балтыйскія краіны, мяркуе экспэрт.

«У першую чаргу галоўнай цэльлю будуць балтыйскія краіны – Літва, Латвія, Эстонія. І я думаю, што Расея падвоіць або патроіць тэрарыстычную агрэсію супраць нашых краін. На працягу году гэта адбудзецца адразу», — разважае суразмоўца.

У 2024 годзе ў Балтыйскім моры адбылася сэрыя інцыдэнтаў, падчас якіх танкеры пашкоджвалі падводныя кабэлі. У адказ NATO пачало новую місію па назіраньні ў Балтыйскім моры, каб перадухіліць спробы атак на падводную інфраструктуру ў рэгіёне. Эўракамісія падрыхтавала плян абароны падводнай інфраструктуры, згодна з якім ЭЗ выдзеліць сотні мільёнаў эўра на абарону падводных кабэляў ад дывэрсій.

Вітаўтас Брувярыс ня думае, што беларускія ўлады захочуць у новых умовах узмацняць ціск на Літву празь міграцыйны крызіс на мяжы. Ад гэтага крызісу нелегальнай міграцыі Польшча, Літва і Латвія цярпяць з 2022 году. Паводле экспэрта, «менскі рэжым зразумеў, што такі мэтад агрэсіі не працуе».

Вітаўтас Брувярыс таксама зазначае, што ўлады ў Літве ад падзей у геапалітыцы ў разгубленасьці.

«Цяперашняя ўлада і дыпляматычныя вярхі, па сутнасьці, у разгубленасьці. Спрабуюць сачыць за эўрапейскім фарватэрам, таму што эўрапейцы яшчэ не страчваюць надзеі вярнуць ЗША ў Эўропу і ва Ўкраіну. Я думаю, што гэта наіўна і бессэнсоўна, прынамсі на наступныя чатыры гады. Але ў той жа час прыходзіць усьведамленьне, што цяпер мы застаёмся сам-насам з Украінай. Я маю на ўвазе наш рэгіён і дэмакратычную Эўропу ў цэлым», — кажа суразмоўца.

Што да размоваў аб магчымасьці адпраўкі міратворцаў ва Ўкраіну, то такія тэмы адводзяць убок ад праблемы, працягвае Брувярыс. Пры гэтым можна думаць пра ўвядзеньне асобнага кантынгенту ва Ўкраіну ў крытычнай сытуацыі, мяркуе экспэрт.

«Размовамі пра міратворцаў пасьля таго, як расейцы спыняць страляць, расейцаў не прымусіш перастаць страляць. У першую чаргу вялікаму эўрапейскаму Захаду трэба гаварыць пра тое, як разам з украінцамі спыніць расейцаў на фронце. Вядома, увядзеньне заходняга кантынгенту, boots on the ground, ва Ўкраіну – гэта сурʼёзная і рэальная тэма. Мы разумеем, якога ўзроўню гэтае рашэньне. Але сытуацыя такая, што пра гэта сурʼёзна давядзецца пачаць думаць», — гаворыць экспэрт.

«Украіна цяпер на варце бясьпекі ў Эўропе»

Паводле дэпутата літоўскага Сейму Томаса Тамілінаса, у бягучых геапалітычных зьменах задача Эўропы – інвэставаць у бясьпеку. Для гэтага трэба шукаць магчымасьці і фінансавыя інструмэнты, упэўнены палітык.

«Відавочна, што адбываюцца вялікія зьмены ў палітыцы ЗША адносна вайны ва Ўкраіне. Ня думаю, што ёсьць нейкія зьмены ў дачыненьні да бясьпекі Літвы ці NATO. Ідзе размова, каб ствараць сур’ёзныя фінансавыя інструмэнты для супольнай абароннай эўрапейскай палітыкі. Добра, што гэтым таксама займаецца і Вялікая Брытанія», — кажа дэпутат.

Томас Тамілінас
Томас Тамілінас

Томас Тамілінас падкрэсьлівае, што стаўленьне да падтрымкі Ўкраіны ў Літве не зьмянілася, бо Ўкраіна пакуль стрымлівае пагрозу для Эўропы.

«Эўрапейцы мусяць інвэставаць у бясьпеку, Эўропа заўсёды была моцнай і ведае, што такое вайна. Трэба зьмяніць прыярытэт, недзе падвоіць тое, што мы зараз выдаткоўваем на абарону. У Літве стаўленьне да падтрымкі Ўкраіны не зьмянілася. Няма нават нейкай палітычнай сілы, якая б пра такія зьмены гаварыла. Літва ставіць інтарэсы Ўкраіны ў прыярытэт, бо цяпер яна стаіць на варце бясьпекі ў Эўропе і стрымлівае пагрозу», — кажа палітык.

Што да адсутнасьці балтыйскіх краін на нядаўнім форуме ў Лёндане, то дэпутат адзначае адсутнасьць там і некаторых іншых краін ЭЗ. Напрыклад, там не было Партугаліі, Баўгарыі. Самае важнае, на думку палітыка, што буйныя дзяржавы Эўропы пачынаюць думаць пра абарону.

«Мы пасьпеем пабыць разам. Ня бачу праблемы, калі вялікія дзяржавы Эўропы пачынаюць думаць пра абарону. Для нас гэта аўтаматычна добра, і мы даўно пра гэтую абарону гаворым», — дадае Тамілінас.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG