Паводле яго слоў, якія цытуе BNS, Літве неабходна гарантаваць сваю бясьпеку, і гэта не заўсёды дасягаецца адной толькі жорсткай пазыцыяй.
«Як вы ведаеце, сёньня ў Сейме мы адклалі прыняцьце падрыхтаванай намі рэзалюцыі, каб знайсьці магчымасьці для абмеркаваньня розных варыянтаў», — сказаў Олекас у праграме «Тэма дня» на тэлеканале LRT.
«Нам патрэбная бясьпека, нам патрэбная эканамічная бясьпека, і гэта не заўсёды дасягаецца адной толькі жорсткай пазыцыяй, але дасягаецца і дыпляматычнымі шляхамі. Менавіта таму і нараджаюцца такія прапановы», — дадаў ён.
Рэзалюцыя, зарэгістраваная прадстаўнікамі кіроўнай большасьці і апазыцыі, павінны былі прадставіць у Сейм у аўторак, але гэтае пытаньне было зьнятае з парадку дня пленарнага пасяджэньня.
У праекце рэзалюцыі сярод іншага напісана, што «выкарыстаньне кантрабандысцкіх паветраных балёнаў, бесьпілётных лятальных апаратаў (дронаў) і іншых тэхнічных сродкаў з тэрыторыі Беларусі супраць Літоўскай Рэспублікі зьяўляецца гібрыднай атакай», і літоўскія ведамствы павінны разглядаць гэта як «комплексную варожую апэрацыю супраць Літоўскай дзяржавы».
У дакумэнце ўраду было б прапанавана скаардынаваць дзеяньні ў адказ з боку суседніх краін Эўрапейскага зьвязу, у тым ліку адносна закрыцьця межаў, шматразовых перасячэньняў мяжы Беларусі, арганізаваных рэйсаў зь Беларусі на тэрыторыю краін ЭЗ або зь яе, а таксама набыцьця нерухомасьці грамадзянамі Беларусі на тэрыторыі краін ЭЗ.
Пасьля сустрэчы прадстаўніка прэзыдэнта ЗША Джона Коўла з Аляксандрам Лукашэнкам амэрыканскі прадстаўнік паведаміў, што Лукашэнка паабяцаў спыніць запуск паветраных балёнаў з кантрабандай у Літву.
Закрыцьцё пераходаў на мяжы Літвы і Беларусі
- 8 жніўня 2023 году Літва закрыла пункты пропуску Шумск (з боку Беларусі Лоша) і Цьверач (Відзы), 1 сакавіка 2024-га — Лаварышкі (Катлоўка) і Райгорад (Прывалка). На мяжы зь Беларусьсю працягвалі працаваць два памежныя пераходы — Меднікі (Каменны Лог) і Салечнікі (Беняконі).
- Урад Літвы 27 кастрычніка 2025 году зусім закрыў мяжу зь Беларусьсю на месяц пасьля таго, як некалькі разоў вымушана прыпынялася праца аэрапортаў у Вільні і Коўне з прычыны зьяўленьня паблізу іх аэрастатаў, якія ляцелі зь Беларусі, несучы цыгарэты.
- Улады Беларусі ў адказ 31 кастрычніка забаранілі літоўскім грузавікам выяжджаць цераз польскую і латвійскую мяжу.
- 10 лістапада на загад Аляксандра Лукашэнкі ўсе літоўскія фуры, якія знаходзяцца ў Беларусі, сабралі на адмысловых пляцоўках і ўзялі пад ахову з выстаўленьнем рахункаў — 120 эўра на содні. Паводле Лукашэнкі, фураў было больш за 1100.
- 10 лістапада Вільня зьвярнулася да Менску з просьбай дазволіць выезд грузавікоў сваіх кампаніяў у Літву. Менск адмовіў.
- Вільня марна спрабавала вярнуць транспарт шляхам кантактаў на ведамасным узроўні. Беларусь прапанавала Літве або скасаваць рашэньне аб закрыцьці мяжы, або выйсьці на палітычна-дыпляматычнае разьвязаньне праблемы.
- 19 лістапада ўрад Літвы вырашыў, што закрытыя ў кастрычніку два пункты пропуску на мяжы Літвы і Беларусі Меднікі і Салечнікі адкрыюцца з 20 лістапада. Перад гэтым прэмʼер-міністарка Інга Ругінене заявіла, што апошнім часам паветраных балёнаў з кантрабандавымі цыгарэтамі стала меней.
- Аднак пасьля таго як урад Літвы зноў адкрыў мяжу, Віленскі аэрапорт зноў некалькі разоў закрывалі з прычыны аэрастатаў зь Беларусі, а літоўскім фурам па-ранейшаму не даюць выехаць у Літву. Беларускі бок патрабуе ад Вільні пачатку палітычных перамоваў.