На гэтыя пытаньні Юрыя Дракахруста ў праграме « ПіК Свабоды» адказвае былы дыплямат, кіраўнік Агенцтва Эўраатлянтычнага супрацоўніцтва Валер Кавалеўскі.
— Вось некалькі адметных фактаў апошняга часу: візыт прадстаўніка Дзярждэпартамэнту Крыстафэра Сьміта ў Менск, вызваленьне трох палітвязьняў, публікацыя ў NYT пра амбітны плян адміністрацыі Дональда Трампа наконт вялікага абмену — вызваленьне палітвязьняў на аслабленьне санкцыяў. Публікацыя зьявілася 15 лютага. З таго часу былі нейкія крокі ў рэалізацыі гэтага пляну?
— Так, сапраўды, плян досыць амбітны. Але пакуль што ў нас ёсьць інфармацыя выключна ад The New York Times, то бок гэта не афіцыйная крыніца. Ні беларускі, ні амэрыканскі бакі ніякім чынам не камэнтавалі яе. Але не было і нейкага абвяржэньня гэтай інфармацыі. А тое, што мы ня бачым публічнай інфармацыі пра тыя крокі, якія маглі б рабіцца дзеля рэалізацыі гэтага праекту, гэтай угоды, не азначае, што нічога ня робіцца. Наадварот, мне здаецца, што якраз зараз той час цішыні, які патрэбны для таго, каб узгадніць пэўныя элемэнты гэтай дамоўленасьці: як яна будзе выглядаць і як выконвацца. Я ня зьдзіўлены. Наадварот, мне здаецца, што тут усё разьвіваецца досыць лягічна.
— Летась у дэмакратычных сілах Беларусі сталі выразна бачныя два прынцыпова розныя падыходы: стаўка на санкцыі, на ціск на рэжым і яго ізаляцыю, а з другога боку — стаўка на дыялёг, на абмен прызнаньня рэжыму і вызваленьня палітвязьняў на аслабленьне санкцыяў. Чуткі пра новую палітыку амэрыканскай адміністрацыі — ці паглыбілі яны гэты падзел у шэрагах беларускай апазыцыі?
— Я якраз належу да другой плыні, якая выступае за тое, каб усё ж такі дыпляматыя была больш актыўнай, каб санкцыямі карыстацца дзеля вызваленьня людзей. Я бачу, што палітычныя структуры (гэта офіс Сьвятланы Ціханоўскай, Аб’яднаны пераходны кабінэт) усё ж такі падцягваюцца да гэтай пазыцыі таксама, таму што амэрыканцы зараз ідуць падобным трэкам. Гэта тая рэальнасьць, зь якой трэба лічыцца, і процідзейнічаць ёй даволі складана.
— А як жа прынцыпы?
— Я думаю, што прынцыпы — гэта важна. Мы не адмаўляемся ад прынцыпаў: трэба вызваляць людзей, трэба дамагацца зьменаў у Беларусі, абараняць яе незалежнасьць, аднаўляць сувэрэнітэт. Іншая справа, ці прызнаем мы рэальнасьць зьмены ў парадыгме. І што мы робім з гэтымі зьменамі? Ці адаптуем сваю палітыку да гэтага новага кантэксту? Дэмакратычны рух мае досыць абмежаваны набор інструмэнтаў, з дапамогай якіх можна ўплываць на сытуацыю ў Беларусі. Я выступаю за тое, што гэтыя зьмены патрэбныя, бо кантэкст зьмяніўся вельмі моцна і яго немагчыма ігнараваць.
— Літаральна ў апошнія дні мы назіралі істотныя зьмены ў палітыцы ЗША адносна вайны ва Ўкраіне. Рэзкая размова прэзыдэнтаў ЗША і Ўкраіны Трампа і Зяленскага на мінулым тыдні, саміт эўрапейскіх краінаў з удзелам Зяленскага, прыпыненьне амэрыканскай вайсковай дапамогі Ўкраіне. Пасьля размовы Зяленскага з Трампам Сьвятлана Ціханоўская напісала: «Вайна Расеі супраць Украіны — гэта вайна супраць самой свабоды. Адважны народ Украіны змагаецца ня толькі за ўласную будучыню, але і за свабодную, мірную і бясьпечную Эўропу. Беларусы на баку Ўкраіны».
Яшчэ больш выразная пазыцыя — у кіраўніка НАУ Паўла Латушкі: «Гэта фіяска не Зяленскага — тое, што адбылося ў Авальным кабінэце. А гэта фіяска амэрыканскай дыпляматыі. Большасьць лідэраў, палітыкаў, эўрапейскіх дэмакратый, дэмакратычных дзяржаў ва ўсім сьвеце ўсьвядомілі пасьля гэтай гутаркі, што ЗША больш не зьяўляюцца лідэрам свабоднага сьвету» А якая пазыцыя ў гэтым пытаньні іншай плыні ў дэмакратычных сілах? Ці выказаная яна?
— Я насамрэч таксама адрэагаваў у тоне, які быў падобны да таго паста, які напісала Ціханоўская. Я падкрэсьліў, што тон размовы быў недастаткова паважлівы. Але я думаю, што вельмі заўчасна зараз казаць пра тое, што Злучаныя Штаты больш ня лідэр свабоднага сьвету. Я б не сьпяшаўся з такімі пасьпешлівымі ацэнкамі. Гэтаксама як і казаць, што тактыка Злучаных Штатаў у дасягненьні міру ва Ўкраіне адназначна пройгрышная. Усё ж такі трэба аддаць належнае Дональду Трампу — ён разварушыў гэтую сытуацыю, прымусіў дзейнічаць і Расею, і Эўропу, і Зяленскага.
«ПіК Свабоды»
«ПіК Свабоды» — гэты штодзённая YouTube-праграма і падкаст, у якой журналісты Свабоды абмяркоўваюць галоўную падзею дня з палітыкамі, грамадзкімі дзеячамі, экспэртамі і аналітыкамі. Вострыя пытаньні і актуальныя камэнтары пра важныя падзеі для Беларусі і беларусаў.
Як глядзець на YouTube
Падпішыцеся на наш YouTube-канал «Свабода Premium», каб не прапусьціць ніводнага выпуску.
Як слухаць падкаст
Калі вам зручней слухаць, а не глядзець, наш праект дасяжны на асноўных падкаст-плятформах. Выберыце тую, якая падыходзіць менавіта вам.
• Наш сайт
• Apple Podcasts
• Spotify
• Soundcloud
• Podcast Republic
Чароўная спасылка — клікнуўшы на яе, вы аўтаматычна трапіце на адну з папулярных плятформаў.
Форум