Вайскова-палітычны экспэрт Юрый Фёдараў: «Эўропа ня зможа ў поўнай меры кампэнсаваць страты, зьвязаныя са спыненьнем дапамогі ЗША»
Расейскі вайскова-палітычны экспэрт Юрый Фёдараў адзначыў, што прыпыненьне паставак узбраеньняў ад ЗША сур’ёзна ўскладніць становішча Ўкраіны на фронце. На яго думку, у цяперашніх умовах Кіеў можа падтрымліваць баявыя дзеяньні на працягу шасьці месяцаў, але далейшае разьвіцьцё падзей застаецца нявызначаным. Аналітык лічыць, што Эўропа, нягледзячы на нарошчваньне вытворчасьці зброі, відавочна, ня зможа кампэнсаваць страты, зьвязаныя са спыненьнем амэрыканскай дапамогі, якая ўключае ня толькі пастаўкі ўзбраеньня, але і прадастаўленьне выведных дадзеных.
Яшчэ адзін важны фактар, заўважае вайсковы экспэрт, палягае на тым, што праблемы Ўзброеных сіл Украіны «зьвязаныя ня толькі з матэрыяламі, з жалезам, з боепрыпасамі, узбраеньнямі». «Гэта праблема камплектацыі ўзброеных сіл асабовым складам. Тут ёсьць вельмі сурʼёзныя цяжкасьці», — лічыць ён.
Аднак Фёдараў падкрэсьлівае, што і Расея сутыкнулася з сурʼёзнымі праблемамі ў вядзеньні вайны:
«Нягледзячы на перавагу ў колькасьці і рэсурсах, Масква не змагла дабіцца вырашальнага посьпеху за тры гады. Гэта паказвае на сыстэмныя недахопы расейскіх узброеных сіл».
Украінскі палітоляг Уладзімір Фясенка: «Трэба спалучаць гнуткасьць і гатоўнасьць да кампрамісу»
Украінскі палітоляг Уладзімір Фясенка заявіў, што Кіеў ужо робіць захады для разрадкі напружанасьці ў адносінах з Вашынгтонам.
«Робяцца захады, каб зьняць канфліктнае напружаньне. Ужо ёсьць заявы пра гатовасьць падпісаць як мага хутчэй рэсурснае пагадненьне, таму што ў Трампа і Белага дома захоўваецца цікавасьць да гэтага пытаньня», — тлумачыць Фясенка.
Але ключавое пытаньне палягае на тым, ці пойдуць ЗША на дадатковыя саступкі, ці, наадварот, запатрабуюць іх ад Украіны. Экспэрт падкрэсьлівае, што Кіеву давядзецца праявіць гнуткасьць, але не адмаўляцца ад стратэгічных інтарэсаў.
Адно з асноўных патрабаваньняў адміністрацыі Трампа — дэманстрацыя гатовасьці Ўкраіны да мірных перамоваў. Аднак, як адзначае Фясенка, рытарычныя заявы тут не дапамогуць — неабходна канкрэтная прапанова аб спыненьні агню з дакладнымі парамэтрамі.
«Любое выказваньне Зяленскага, дзе гаворка ідзе аб абароне ўкраінскіх інтарэсаў, [Трамп] успрымае як адмаўленьне самай гатовасьці да міру і мірных перамоваў. А нам трэба пацьвердзіць, што мы гатовыя да перамоваў аб спыненьні агню, але гэта павінны быць не абстрактныя палітычныя заявы, а рэальныя перамовы пра лінію судотыку, працэдуру спыненьня агню і гэтак далей», — лічыць палітоляг.
Такі падыход, на ягоную думку, мог бы стаць кампрамісам, які задаволіць Белы дом і пры гэтым не нашкодзіць украінскай пазыцыі.
Адным з самых складаных пытаньняў у перамовах застаюцца асабістыя адносіны паміж Зяленскім і Трампам. У адміністрацыі ЗША незадаволеныя цьвёрдасьцю ўкраінскага прэзыдэнта і чакаюць ад яго публічных знакаў саступлівасьці. «Ім вельмі не спадабалася ўпартасьць і наравістасьць Зяленскага. Тое, што ён публічна адстойвае свае і ўкраінскія інтарэсы, ня хоча паказваць, што ён гатовы выконваць усё, што будзе казаць прэзыдэнт ЗША. І яны хочуць нейкіх публічных знакаў таго, што Зяленскі схіляецца перад прэзыдэнтам ЗША», — адзначае Фясенка.
І папярэджвае, што гэта можа быць небясьпечнай пасткай:
«Калі гэта будзе ў зьневажальнай форме, тады нас пачнуць гнабіць па поўнай праграме, і ўкраінскую думку проста ня будуць браць пад увагу, таму што гэта Трамп, — кажа палітоляг. — І зараз трэба выстаяць. Трэба спалучаць гнуткасьць і гатоўнасьць да кампрамісу».
Украіна ўжо сутыкнулася з тым, што асабістыя адносіны Зяленскага і Трампа не прыносяць чаканых вынікаў. На думку Фясенкі, Кіеву варта засяродзіцца на працоўных перамовах на ўзроўні ўпаўнаважаных прадстаўнікоў, а не рабіць стаўку на асабістыя кантакты лідэраў.
Вайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
- 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
- З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
- Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.
Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.
Форум