Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зяленскі і эўрапейскія лідэры правялі онлайн-саміт з Трампам


Уладзімір Зяленскі і Фрыдрых Мэрц падчас відэаканфэрэнцыі 13 жніўня 20025
Уладзімір Зяленскі і Фрыдрых Мэрц падчас відэаканфэрэнцыі 13 жніўня 20025

Прэзыдэнт Украіны Ўладзімер Зяленскі, лідэры шэрагу эўрапейскіх краін, ЭЗ і NATO ў сераду правялі перамовы ў рэжыме відэаканфэрэнцыі з прэзыдэнтам ЗША Дональдам Трампам і віцэ-прэзыдэнтам Джэй Дзі Вэнсам.

Камэнтуючы вынікі перамоваў, Зяленскі заявіў, што Трамп згодны з тым, што Ўкраіна павінна атрымаць цьвёрдыя гарантыі бясьпекі. Ён таксама падкрэсьліў, што санкцыі супраць Расеі павінны быць узмоцненыя, калі яна не пагодзіцца на спыненьне агню.

«Пуцін блефуе, кажучы, што санкцыі не працуюць, яны ня важныя. Яны дапамагаюць, б’юць па расейскай вайсковай эканоміцы. Так, у іх больш зброі, артылерыі, але ў тры разы больш стратаў. Я сказаў Трампу, што Пуцін ня хоча міру, ён хоча акупацыі нашай краіны. Мы працягнем ціск дзеля міру, узмацненьне ня толькі амэрыканскіх, але і эўрапейскіх санкцыяў», — сказаў Зяленскі.

«Фармат перамоваў: усё, што тычыцца Ўкраіны, павінна абмяркоўвацца з Украінай. Мы падтрымліваем трохбаковы фармат перамоваў. Павінна быць спыненьне агню, павінны быць гарантыі бясьпекі. Прэзыдэнт Трамп заявіў, што падтрымлівае гэтыя прапановы», — цытуюць прэзыдэнта Ўкраіны інфармацыйныя агенцтвы.

Канцлер Нямеччыны Фрыдрых Мэрц на супольнай зь Зяленскім прэс-канфэрэнцыі ў Бэрліне адзначыў, што Ўкраіна гатовая абмяркоўваць з Расеяй тэрытарыяльныя пытаньні, але адпраўным пунктам для перамоваў павінна стаць цяперашняя лінія «баявога судакрананьня». Паводле Мэрца, юрыдычнае прызнаньне захопленых Расеяй тэрыторыяў «не абмяркоўваецца».

«Вайна працягваецца. Гэта залежыць ад гарантыяў бясьпекі. Гэта наша эўрапейская праблема. Украіна знаходзіцца на першай лініі барацьбы з расейскім імпэрыялізмам. Успомніце, яны пачалі яшчэ ў 2008 годзе на Каўказе і могуць пайсьці далей», — заявіў, у сваю чаргу, прэзыдэнт Францыі Эманюэль Макрон.

Онлайн-саміт праводзіўся з мэтай узгадніць пазыцыі Ўкраіны, яе хаўрусьнікаў у Эўропе і ЗША перад сустрэчай Трампа з прэзыдэнтам Расеі Ўладзімерам Пуціным, якая адбудзецца ў пятніцу ў Анкорыджы. Акрамя Зяленскага і Мэрца, у ім удзельнічалі лідэры Вялікай Брытаніі, Францыі, Італіі, Польшчы і Фінляндыі, старшыня Эўракамісіі Урзуля фон дэр Ляен, старшыня Эўрапейскай рады Антоніу Кошта і генэральны сакратар NATO Марк Рутэ.

Лідэры краін-удзельніц сустрэчы і Эўракамісія ў сераду выступілі з супольнай заявай, у якой гаворыцца, што зьмена межаў немагчымая сілавым спосабам, а перамовы пра мір не павінны праходзіць без прэзыдэнта Зяленскага. На публічным узроўні большасьць зь іх патрабуюць і сяброўства Ўкраіны ў NATO, хоць адмысловы пасланьнік Трампа Кіт Кэлаг казаў, што як мінімум чатыры краіны зьвязу лічаць магчымым заблякаваць доступ Украіны да зьвязу.

Дзяржсакратар ЗША Марка Рубіё тыдзень таму заяўляў, што пазыцыі Вашынгтону і Масквы павінны быць «амаль цалкам узгодненыя» перад вочнымі перамовамі Трампа і Пуціна.


Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG