Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Супольнасьць чыгуначнікаў: у Беларусі фармуюць вайсковыя эшалёны для перакідваньня салдат і тэхнікі


Архіўнае ілюстрацыйнае фота
Архіўнае ілюстрацыйнае фота

Зь лютага 2025 году ў Беларусі праходзіць так званая праверка баявой гатоўнасьці Ўзброеных сілаў. «Супольнасьць чыгуначнікаў Беларусі» сьцьвярджае, што атрымала інфармацыю аб фармаваньні ў Беларусі воінскіх эшалёнаў для «маштабнага» перакідваньня вайскоўцаў і тэхнікі.

«Улічваючы колькасьць заплянаванага да задзейнічаньня рухомага складу, меркаваныя воінскія перавозкі могуць мець даволі вялікі маштаб», — адзначае супольнасьць.

У сувязі з праверкай баявой гатоўнасьці для перавозкі вайскоўцаў і тэхнікі ўжо задзейнічалі некаторую колькасьць чыгуначных саставаў, адзначае «Супольнасьць чыгуначнікаў Беларусі». Разам з тым, паводле інфармацыі Супольнасьці, пачынаючы з 18 лютага на станцыі Багатырова Менскага аддзяленьня Беларускай чыгункі пачаўся яшчэ адзін «этап» адбору пасажырскіх вагонаў на замову Мінабароны. Адначасова былі пададзеныя заяўкі ў «Белінтэртранс» пра неабходнасьць выдзяленьня адпаведных вагонаў грузавога парку (крытых вагонаў і вагонаў-плятформаў) для перавозкі вайсковай тэхнікі, боепрыпасаў і спадарожнага абсталяваньня вайсковага прызначэньня.

Па стане на 25 лютага, паводле зьвестак Супольнасьці, на станцыі Багатырова падрыхтавалі больш за 48 вагонаў з прызначэньнем на розныя станцыі, разьмешчаныя каля буйных вайсковых частак і аб’ектаў стратэгічнага прызначэньня, дзе адбываецца фармаваньне воінскіх эшалёнаў. Як сьцьвярджае «Супольнасьць чыгуначнікаў Беларусі», асноўныя станцыі, куды адпраўляюць вагоны з Багатырова, наступныя:

  • Азярышча — месца разьмяшчэньня 120-й асобнай гвардзейскай мэханізаванай брыгады;
  • Барысаў — раён г. Барысаў, месца разьмяшчэньня 72-га Абʼяднанага навучальнага цэнтру Ўзброеных сіл Беларусі (АУЦ-72) — так званыя «Печы»;
  • Заслонава — месца разьмяшчэньня 19-й асобнай гвардзейскай мэханізаванай брыгады;
  • Ласосна — месца разьмяшчэньня 6-й асобнай гвардзейскай мэханізаванай брыгады;
  • Слонім — месца разьмяшчэньня 11-й асобнай гвардзейскай мэханізаванай брыгады.

«Чыгуначнікі» выказваюць думку, што прыкладная колькасьць сфармаваных эшалёнаў можа складаць 16, і адзначаюць, што для беларускага войска «гэта даволі значнае мерапрыемства».

Таксама адзначаецца, што з 3 лютага на станцыю Багатырова вярнуліся 11 вагонаў, задзейнічаных у вайсковых перавозках у рамках праверкі боегатоўнасьці.

3 лютага Мінабароны Беларусі паведаміла пра пачатак праверкі боегатоўнасьці Ўзброеных сіл. Паводле ведамства, праверка будзе праходзіць як на палігонах, так і на «незнаёмых участках мясцовасьці».

  • Кіраўніцтва Беларусі падтрымала агрэсію Расеі супраць Украіны і дазволіла скарыстаць вайсковую інфраструктуру і паветраную прастору для ўварваньня расейскай арміі і абстрэлаў мірных гарадоў Украіны, ахвярамі якіх сталі дзясяткі тысяч цывільных украінцаў.
  • Беларусь, пачынаючы з 2022 году, практычна ў бесьперапынным рэжыме праводзіць вайсковыя вучэньні на сваёй тэрыторыі, у Расеі і ў іншых краінах АДКБ.
  • Украіна закрыла мяжу зь Беларусьсю, спыніла гандаль, арыштавала маёмасьць і прадукцыю беларускіх прадпрыемстваў і пачала ўмацоўваць сваю мяжу на беларускім кірунку, каб зрабіць немагчымым паўторны наступ расейскіх войскаў зь беларускай тэрыторыі.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG