Пра зьніжэньне сваіх даходаў заявілі 24,7% рэспандэнтаў, якія прынялі ўдзел у штоквартальным апытаньні дасьледчага цэнтру BEROC, заявіла на брыфінгу 18 лютага навуковая супрацоўніца цэнтру Віялета Панасевіч, яе цытуе «Позірк».
Больш за палову апытаных (52%) назвалі прычынай рост цэнаў, кожны пяты — зьмяншэньне замоваў (колькасьці кліентаў). На зьмяншэньне даходаў 19% апытаных паўплывала зьмена курсу беларускага рубля да замежных валют. Пра скарачэньне заробкаў паведамілі 15%, скасаваньне прэміі — 13%, павышэньне заробкаў — 12% апытаных.
Паводле экспэрта, 43% апытаных, якія заявілі пра зьніжэньне даходаў, адзначылі, што даюць рады гэтаму за кошт эканоміі ў вольны час, 33% скарацілі выдаткі на ежу, 27% трацяць ашчаджэньні, 26% радзей сталі купляць новае адзеньне, выбіраючы эканом-варыянты, 25% пратэрмінавалі плацяжы.
Пра паляпшэньне матэрыяльнага становішча сваёй сям’і за 2024 год заявілі 23% апытаных, пра пагаршэньне — 29%. Амаль траціна апытаных (32%) лічаць, што праз год яно стане лепшым, 16% — што стане горшым.
Па 26% апытаных заявілі, што эканамічная сытуацыя ў Беларусі за год стала «нашмат ці крыху лепшай» і «нашмат ці крыху горшай». 30% апытаных глядзяць у будучыню пазытыўна, 19% — не чакаюць нічога добрага.
50% апытаных адзначылі рост сваіх выдаткаў за апошнія паўгода, у 36% нічога не зьмянілася, 13% сталі расходаваць менш.
9% апытаных сталі рабіць больш ашчаджэньняў, столькі ж — 24%, менш — 31%, адмовіліся ашчаджаць 13% апытаных.
Онлайн-апытаньне праводзілі з 31 студзеня па 16 лютага 2025 году. У ім узялі ўдзел 973 гарадзкія жыхары ўзростам 18–64 гады. Выбарка адпавядае структуры генэральнай сукупнасьці (насельніцтва беларускіх гарадоў) паводле полу, узросту і рэгіёну.
- Паводле зьвестак Белстату, рэальныя грашовыя даходы насельніцтва (даходы з улікам інфляцыі) у 2024 годзе павялічыліся на 9,7% да ўзроўню 2023-га. Пры гэтым цэны ў гадавым вымярэньні (студзень 2025 да студзеня 2024 году) вырасьлі на 5,2%: харчаваньне падаражэла на 6,5%, нехарчовыя тавары на 3,3%, паслугі — на 5,2%, сьведчаць зьвесткі Нацыянальнага статыстычнага камітэту.
Форум