У сьнежні 2024 году Шклоўскі раённы суд дадаў Ігару Карнею яшчэ 10 месяцаў зьняволеньня за «непадпарадкаваньне адміністрацыі папраўчай установы» (арт. 411 Крымінальнага кодэксу) у дадатак да 3 гадоў калёніі, якія яму прысудзіў суд Менску ў 2024 годзе. Апрача таго, журналісту прысудзілі штраф 20 тысяч рублёў. Ігар Карней абскардзіў вырак.
Ігар Карней адбываў пакараньне ў шклоўскай калёніі № 17, а зь сьнежня 2024 году ён знаходзіцца ў магілёўскім СІЗА. Паводле дасьведчанай крыніцы, з магілёўскага СІЗА палітвязьня прывозілі на некалькі дзён у СІЗА КДБ у Менску. У студзені Карней зьявіўся на дзяржаўным беларускім тэлеканале АНТ у прапагандысцкім фільме «Свабода слова» пра журналістаў Радыё Свабода, якія нібыта «спрабавалі падпаліць Беларусь».
Зь Менску Ігара Карнея вярнулі ў Магілёў.
«Пісаў, што ў СІЗА КДБ трапіў да лекара і там паслухалі сэрца, пацьвердзілі, што ня вельмі роўны рытм, выпісалі валяр’янкі. Яшчэ напісаў, што пасьля шклоўскай калёніі палягчэў на 15 кг, зараз трохі ад’ядаецца ў Магілёве», — паведаміла крыніца пра Ігара Карнея.
Ліст чатыром дочкам
Паводле крыніцы, на ўмовы ў камэры ён ня скардзіцца, шмат чытае і размаўляе з сукамэрнікамі. З палітвязьнем Ігарам Карнеем няма тэлефоннай сувязі, але лісты ад яго даходзяць. Адзін з апошніх адрасаваны дочкам, якіх у Ігара чатыры.
«Дарагія дачушкі! Самае вялікае маё жаданьне вельмі простае: каб вас у самастойным жыцьці любілі, цанілі і паважалі — гэтак жа, як мы з мамай. Спадзяюся, што так і будзе, бо вы заслужылі толькі ўзьнёслага стаўленьня — прыгожыя, таленавітыя, спагадлівыя. Я, у сваю чаргу, за сваю „камандзіроўку“ па розных установах шматразова пераканаўся, што такой дружнай вялікай сям’ёй няма каму і пахваліцца. Так што ўжо на гэтым этапе ня будзе перабольшваньнем адрапартаваць пра посьпех нашай агульнай місіі, хоць для вас, безумоўна, усё самае цікавае і насычанае яшчэ наперадзе. Удачы і асалоды на ўсім шляху», — пажадаў Ігар сваім дочкам Паліне, Ганьне, Аляксандры і Еве.
Дочкі і жонка Ігара Карнея Іна выехалі за межы Беларусі.
Перасьлед Ігара Карнея
Журналіст, былы карэспандэнт Радыё Свабода Ігар Карней быў затрыманы ў Менску 17 ліпеня 2023году.
22 сакавіка 2024 году Менскі гарадзкі суд прызнаў Ігара Карнея вінаватым паводле ч. 3 арт. 361-1 КК («Удзел у экстрэмісцкім фармаваньні») і пакараў 3 гадамі зьняволеньня і грашовым штрафам у памеры 20 тысяч рублёў.
Вярхоўны суд пакінуў прысуд журналісту бяз зьмены.
У чэрвені 2024 Ігара Карнея для адбыцьця пакараньня перавялі ў папраўчую калёнію № 17 у Шклове.
Як рэжым Лукашэнкі выкарыстоўвае ярлык «экстрэмізму», каб душыць свабоду слова і змагацца з палітычнымі апанэнтамі
Пасьля сфальшаваных прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году і сілавога здушэньня агульнанацыянальных пратэстаў аўтарытарны рэжым Аляксандра Лукашэнкі пачаў сыстэматычна выкарыстоўваць антыэкстрэмісцкае заканадаўства для барацьбы з іншадумствам, ліквідацыі незалежных мэдыя і перасьледу палітычных апанэнтаў.
Улады заблякавалі сайты незалежных мэдыя і спынілі публікацыю непадкантрольных друкаваных выданьняў, пазбавілі акрэдытацыі журналістаў іншаземных мэдыя і разграмілі офісы самых уплывовых СМІ. Сотні беларускіх рэпартэраў прайшлі праз арышты, дзясяткі застаюцца ў турмах. Усе незалежныя мэдыя, якія асьвятляюць грамадзка-палітычны парадак дня ў Беларусі, цяпер працуюць выключна з-за мяжы.
Ад 2021 году ўлады пачалі масава абвяшчаць вэб-сайты і асобныя ўліковыя запісы ў сацыяльных сетках незалежных мэдыя, палітычных і грамадзкіх арганізацый, ініцыятыў і проста блогераў «экстрэмісцкімі матэрыяламі», а іх аўтараў «экстрэмісцкімі фармаваньнямі» — часта без судовага разгляду.
Рэспубліканскі сьпіс экстрэмісцкіх матэрыялаў вядзе Міністэрства інфармацыі Беларусі. На дадзены момант у сьпісе на 1469 старонках пералічаны тысячы «экстрэмісцкіх матэрыялаў», за выкарыстаньне якіх прадугледжаная адказнасьць. У сьпісе — сайты, тэлеграм-каналы, акаўнты, старонкі ў сацыяльных сетках, відэаролікі і артыкулы ў інтэрнэце, маркі, значкі, CD-дыскі, а таксама кнігі, у тым ліку мастацкія.
На канец 2024 году больш за 6500 онлайн-рэсурсаў былі забароненыя такім чынам. За любое ангажаваньне з уключанымі ў экстрэмісцкі сьпіс рэсурсамі — ці гэта «падабайка», ці камэнтар, ці падпіска на канал — у Беларусі пагражае крымінальная адказнасьць. Удзел у «экстрэмісцкім фармаваньні» можа карацца турэмным зьняволеньнем да 10 гадоў.
Ужо тысячы беларусаў прайшлі праз штрафы, арышты і турэмнае зьняволеньне за «экстрэмізм».
Паводле ацэнкі Ўпраўленьня Вярхоўнага камісара ААН у правах чалавека, улады Беларусі «выкарыстоўваюць ярлык „экстрэмізм“ для падаўленьня іншадумства, адвольна клясыфікуючы дзеяньні, апісаныя як распаўсюд ілжывай інфармацыі, абразу службовых асобаў, дыскрэдытацыю інстытутаў, арганізацыю масавых беспарадкаў, заклікі да санкцый і распальваньне сацыяльнай варожасьці, як „экстрэмісцкія“, якія падлягаюць крымінальнаму перасьледу».
Форум