Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зяленскі пракамэнтаваў перамовы Расеі і ЗША ў Эр-Рыядзе аб спыненьні вайны ва Ўкраіне


Дональд Трамп, Уладзімір Зяленскі, Уладзімір Пуцін (зьлева направа), каляж
Дональд Трамп, Уладзімір Зяленскі, Уладзімір Пуцін (зьлева направа), каляж

Украіну не запрасілі ўдзельнічаць у заплянаваных на 18 лютага ў сталіцы Саудаўскай Арабіі Эр-Рыядзе перамовах паміж ЗША і Расеяй аб спыненьні расейска-ўкраінскай вайны.

Пра гэта прэзыдэнт Украіны Уладзімір Зяленскі заявіў журналістам 17 лютага падчас візыту ў Аб’яднаныя Арабскія Эміраты (ААЭ).

«Украіна ня будзе ўдзельнічаць. Украіна пра гэта нічога ня ведала. Украіна расцэньвае любыя перамовы аб Украіне без Ўкраіны як беспасьпяховыя, і мы ня можам прызнаць ніякіх дамоўленасьцяў пра нас бяз нас», — заявіў Зяленскі.

Прэзыдэнт Украіны прыбыў зь візытам у ААЭ 16 лютага. Візыт Зяленскага ў рэгіён праходзіць на фоне пачатку кансультацыяў у Саудаўскай Арабіі паміж прадстаўнікамі ЗША і Расеі ў пытаньні мірнага ўрэгуляваньня расейска-ўкраінскай вайны.

16 лютага дзяржаўны сакратар ЗША Марка Рубіё ў інтэрвію CBS заявіў, што імкнецца стварыць умовы для больш шырокай размовы аб спыненьні вайны ва Ўкраіне — з удзелам Украіны і з удзелам саюзьнікаў ЗША па ўсім сьвеце.

Раней 16 лютага прадстаўніца ўраду Ўкраіны Юлія Сьвірыдзенка паведаміла, што ўрадавая дэлегацыя на чале зь ёю ў Саудаўскай Арабіі рыхтуе візыт у гэтую краіну прэзыдэнта Ўкраіны. Першай часткай гэтага рыхтаваньня стала «сустрэча з амаль сотняй мясцовых прадпрымальнікаў».

Сам кіраўнік украінскай дзяржавы анансаваў візыт у Саудаўскую Арабію 18 лютага, але сказаў, што ягоны візыт «ня мае ніякай сувязі з тым, што адбываецца ў Саудаўскай Аравіі на ўзроўні прадстаўнікоў ЗША і Расеі».

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG