Нефармальны саміт эўрапейскіх лідэраў прайшоў сёньня ў Парыжы.
Сустрэча, якую ініцыяваў прэзыдэнт Эманюэль Макрон у Элізэйскім палацы, сабрала лідэраў Францыі, Нямеччыны, Вялікай Брытаніі, Італіі, Польшчы, Гішпаніі, Нідэрляндаў і Даніі, а таксама кіраўнікоў Эўрапейскай рады, Эўракамісіі і NATO.
На сустрэчы мелася абмеркаваць «сытуацыю ва Ўкраіне» і «бясьпеку ў Эўропе».
«Праз паскарэньне ўкраінскага пытаньня і ў выніку таго, што кажуць лідэры ЗША, эўрапейцам неабходна рабіць больш, лепш і ўзгоднена дзеля нашай калектыўнай бясьпекі», — сказаў дарадца ў офісе Макрона.
Мэта саміту — узгадніць агульную стратэгію ўзаемадзеяньня з Дональдам Трампам, у тым ліку ў тым, якія прапановы яму могуць быць зробленыя і якія чырвоныя рысы будуць у Эўропы, калі справа даходзіць да ўварваньня Масквы ва Ўкраіну, піша dpa.
Прэзыдэнт Францыі Эманюэль Макрон арганізаваў сустрэчу, каб пачаць кансультацыі аб становішчы ва Ўкраіне і выкліках бясьпецы ў Эўропе. У Элізэйскім палацы дапускаюць, што працэс можа прадоўжыцца ў іншых фарматах. Сустрэчу зладзілі адразу пасьля Мюнхэнскай канфэрэнцыі бясьпекі, што прайшла на выходных.
Краіны ЭЗ і Ўкраіна занепакоеныя пэрспэктывай таго, што ЗША і Расея будуць шукаць мірнага ўрэгуляваньня на двухбаковым узроўні, асабліва пасьля размовы Трампа з прэзыдэнтам Расеі Ўладзімірам Пуціным на мінулым тыдні.
Крэмль хоча перамоваў паміж афіцыйнымі асобамі ЗША і Расеі ў Саудаўскай Арабіі, каб абмеркаваць ня толькі вайну ва Ўкраіне, але і шырэйшую эўрапейскую бясьпеку. Яны павінны адбыцца ў аўторак.
Каб паскорыць перамоўны працэс з Масквой, адміністрацыя Трампа намеціла плян, які выключае інтэграцыю Ўкраіны ў NATO, дае Расеі тэрытарыяльныя саступкі і зачыняе дзьверы для ўдзелу ЗША ў будучых міратворчых апэрацыях. Гэтыя ўмовы разглядаюцца ў эўрапейскіх калідорах улады, бо Вашынгтон адварочваецца ад хаўрусьнікаў на карысьць заключэньня ўгоды з Пуціным.
«Я думаю, што ён хацеў бы спыніць бойку», — сказаў Трамп пра Пуціна 16 лютага.
Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі, размаўляючы з NBC News на выходных, сказаў: «Я ніколі не прыму ніякіх рашэньняў паміж Злучанымі Штатамі і Расеяй адносна Ўкраіны, ніколі». Далей ён перасьцярог Трампа: «Не давярайце Пуціну».
Дзяржаўны сакратар ЗША Марка Рубіё заявіў, што і Ўкраіна, і Эўропа павінны ўдзельнічаць у перамовах з Масквой.
Парыская сустрэча прайшла на тым самым тыдні, калі Рубіё мае сустрэцца з расейскімі прадстаўнікамі разам ў спэцыяльным пасланьнікам ЗША Стывам Ўіткафам і дарадцам у нацыянальнай бясьпецы Майкам Ўолцам у Саудаўскай Арабіі. Ні ўкраінскіх, ні эўрапейскіх прадстаўнікоў за сталом перамоваў ня будзе.
Вугоршчына дыстанцыявалася ад намераў Эўразьвязу
Удзельнікі надзвычайнага эўрапейскага саміту на тэму Ўкраіны ў Парыжы зробяць усё магчымае, каб не дапусьціць мірнага ўрэгуляваньня канфлікту, заявіў міністар замежных справаў Вугоршчыны Пэтэр Сіярта падчас паездкі ў Казахстан.
«Сёньня ў Парыжы адбудзецца сустрэча тых, хто апошнія тры гады пастаянна падлівае смалы ў агонь вайны ва Ўкраіне. Гэтыя краіны за вайну, яны падтрымлівалі памылковую стратэгію санкцыяў у Эўропе. Гэтыя дзяржавы пастаянна нагняталі канфлікт. Сёньня ў Парыжы зьбіраюцца бакі, якія падтрымліваюць вайну і выступаюць супраць міру і прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа. Яны таксама хочуць зрабіць усё, што ад іх залежыць, каб не дапусьціць мірнага разьвязаньня ўкраінскага канфлікту».
Што вядома пра вынікі
Па выніках саміту ў Парыжы не меркавалася сумесных заяў і прэсавых канфэрэнцыяў, шэраг заяваў удзельнікаў саміту прагучаў да яго пачатку і пасьля завяршэньня.
Канцлер Нямеччыны Оляф Шольц заявіў, што падтрымка Ўкраіны мае працягвацца, а дыктаваць ёй якія-небудзь умовы ён лічыць непрымальным. Паводле яго, паміж ЗША і Эўропай «не павінна быць расколу ў пытаньні адказнасьці за бясьпеку Ўкраіны». У тым жа духу прагучала і ацэнка вынікаў саміту прэм’ер-міністрам Вялікай Брытаніі Кірам Стармэрам. Яшчэ да заканчэньня сустрэчы ён напісаў у сетцы Х, што мірнае ўрэгуляваньне ва Ўкраіне павінна быць «трывалым мірным пагадненьнем, а ня проста паўзай для таго, каб Пуцін мог вярнуцца».
Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп настойвае на тым, што эўрапейскія саюзьнікі ў рамках NATO мусяць больш рабіць для ўласнай бясьпекі, таму ім неабходна выдаткоўваць больш сродкаў на абарону ў рамках абароннага саюзу. Трамп прапанаваў, каб краіны – сябры NATO вываткоўвалі 5% свайго ВУП на абарону, але на гэтым этапе ідэю патрымалі далёка ня ўсе краіны ЭЗ.
Калі казаць пра Ўкраіну, то ЗША забясьпечваюць 42,7 % вайсковых патрэбаў краіны, ЭЗ — 24,8% (у тым ліку Нямеччына 6,5%) і Вялікая Брытанія — 5,5%. Гэтыя дадзеныя абнародаваў Кільскі інстытут сусьветнай эканомікі.
Пытаньне абʼяднанага кантынгэнту эўрапейскіх краінаў
У дзень парыскага саміту стала вядома аб тым, што эўрапейскія краіны разглядаюць магчымасьць разьмяшчэньня сваіх міратворчых сілаў ва Ўкраіне ў выпадку, калі будуць дасягнутыя дамоўленасьці аб спыненьні вайны. Раніцай у панядзелак аб тым, што ва Ўкраіну могуць быць накіраваныя брытанскія міратворцы, заявіў прэмʼер-міністар Вялікай Брытаніі Кір Стармэр. Ён напісаў аб гэтым у калёнцы для выданьня The Telegraph.
У панядзелак раніцай стала вядома, што ў міратворчай місіі, калі яна стане адной з умоваў мірных пагадненьняў, маглі б таксама ўдзельнічаць войскі Францыі і Польшчы, пра што заявіў у панядзелак міністар замежных справаў Францыі Жан-Ноэль Баро. Ён дадаў, што перамовы на гэтую тэму ўжо вядуцца і назваў войскі Вялікай Брытаніі, Францыі і Польшчы «трыма галоўнымі войскамі» Эўропы, піша Le Monde.
Аднак прэмʼер-міністар Польшчы Дональд Туск заявіў сёньня, што не зьбіраецца адпраўляць польскіх вайскоўцаў ва Ўкраіну ў рамках магчымай міратворчай місіі. «У нас няма плянаў адпраўкі польскіх войскаў ва Ўкраіну, але мы будзем аказваць лягістычную і палітычную падтрымку краінам, якія могуць захацець даць такія гарантыі ў будучыні», — цытуе Туска агенцтва dpa.
Польскі прэмʼер у сьнежні 2024 году ўжо абвяргаў магчымасьць адпраўкі войскаў ва Ўкраіну, нагадвае агенцтва. Па дадзеных польскіх СМІ, Варшава не зацікаўленая ў непасрэдным удзеле ў падобнай місіі з гістарычных прычынаў — да Другой сусьветнай вайны частка тэрыторыі цяперашняй Заходняй Украіны належала Польшчы, піша dpa.
Канцлер Нямеччыны Шольц заявіў, што дэбаты наконт адпраўкі нямецкіх жаўнераў ва Ўкраіну для забесьпячэньня магчымага міру «вельмі недарэчныя» і «заўчасныя». Расея па-ранейшаму працягвае «жорсткую вайну» супраць Украіны, і ніхто ня ведае, як будзе выглядаць магчымы мір, растлумачыў ён. «Гэта недарэчныя дэбаты ў непрыдатны час і на няправільную тэму», — заявіў канцлер.
Форум