Уладзімір Зяленскі, які позна ўвечары 16 лютага прыбыў у Аб’яднаныя Арабскія Эміраты, заявіў, што яго мэтай зьяўляецца ўмацаваньне эканамічных сувязяў у рэгіёне, а затым ён накіруецца ў суседнюю Саудаўскую Арабію для абмеркаваньня дзелавых пытаньняў.
Гэты візыт адбываецца пасьля таго, як 15 лютага Зяленскі паведаміў, што Кіеў ня быў запрошаны на перамовы ЗША і Расеі ў Саудаўскай Арабіі і што ён ня мае намеру ўдзельнічаць у перамовах без кансультацый са сваімі эўрапейскімі саюзьнікамі.
«У нас няма ніякіх дакумэнтаў, ніякіх запрашэньняў, і для мяне дзіўна выступаць у такім фармаце, калі да гэтага ў нас не было перамоваў паміж намі і нашымі стратэгічнымі партнэрамі», — сказаў ён падчас Мюнхэнскай канфэрэнцыі бясьпекі.
«Наколькі я памятаю, Расея не зьяўляецца нашым стратэгічным партнэрам», — дадаў ён.
Раней прадстаўнікі Белага дома заявілі, што прэзыдэнт Дональд Трамп накіроўвае ў Саудаўскую Арабію высокапастаўленую дэлегацыю для пачатку перамоваў з Расеяй.
16 лютага амэрыканскі перамоўнік па Блізкім Усходзе Стыў Уіткаф заявіў, што ён адправіцца ў Саудаўскую Арабію разам з дарадцам у нацыянальнай бясьпецы Майкам Уолцам для абмеркаваньня спыненьня вайны Расеі супраць Украіны.
«Спадзяюся, мы даможамся значнага прагрэсу», — сказаў Уіткоф у інтэрвію Fox News.
Выступаючы на CBS, дзяржаўны сакратар ЗША Марка Рубіё, які 15 лютага прыбыў у Ізраіль пасьля паездкі на Мюнхэнскую канфэрэнцыю, заявіў, што ў наступныя некалькі дзён стане зразумела, ці сурʼёзна расейскі прэзыдэнт Уладзімір Пуцін настроены на мір ва Ўкраіне.
Па стане на раніцу 17 лютага застаецца незразумелым, хто будзе ўдзельнічаць у перамовах у Саудаўскай Арабіі. Украінскі чыноўнік паведаміў, што ўкраінская дэлегацыя ўжо знаходзіцца ў багатай на нафту краіне Блізкага Усходу, рыхтуючыся да візыту Зяленскага.
«Візыт украінскай урадавай дэлегацыі ў Савудаўскую Арабію пачаўся з сустрэчы з амаль 100 мясцовымі прадпрымальнікамі. Умацаваньне нашых эканамічных сувязяў — гэта ўмацаваньне нашых народаў, нашых рэгіёнаў і глябальнай бясьпекі», — заявіла міністар эканомікі Ўкраіны Юлія Сьвірыдзенка.
Аднак дарадца офісу Зяленскага Міхаіл Падаляк адзначыў, што «ў Саудаўскай Арабіі няма ніякіх перамоўнікаў, якія прадстаўлялі б Украіну» на магчымых мірных перамовах.
«На сёньняшні дзень на стале перамоў няма нічога, што можна было б абмяркоўваць. Расея не гатовая да перамоў», — сказаў ён украінскай тэлевізіі пасьля заявы Зяленскага 15 лютага.
Таксама чакаецца, што эўрапейскія лідэры зьбяруцца ў Парыжы на экстраную сустрэчу ў пытаньні вайны ва Ўкраіне. Сярод удзельнікаў чакаюцца прэмʼер-міністар Вялікай Брытаніі Кейр Стармэр, канцлер Нямеччыны Оляф Шольц і генэральны сакратар NATO Марк Рутэ.
Гэты саміт стаў рэакцыяй на асьцярогі, што Вашынгтон вядзе мірныя перамовы, якія могуць абысьці Эўропу бокам.
Спэцыяльны пасланьнік Трампа ў пытаньнях Украіны і Расеі Кіт Келаг выклікаў рэзананс, заявіўшы, што Эўропа можа «не апынуцца за сталом перамоваў», калі ЗША дамовяцца з Расеяй аб спыненьні вайны.
Выступаючы на панэлі ў Мюнхэне 15 лютага, Келаг выказаў думку, што Вашынгтон імкнецца да значнага прагрэсу на працягу некалькіх тыдняў.
Тым ня менш у Кіеве і Эўразьвязе занепакоеныя тым, што іх могуць выключыць зь перамоўнага працэсу, асабліва пасьля таго, як Трамп правёў гутарку з Пуціным і заявіў, што Масква і Вашынгтон неадкладна пачнуць перамовы.
Аднак Келаг і іншыя афіцыйныя асобы ЗША пазьней заявілі, што Ўкраіна і Эўропа ня будуць выключаныя.
«Вы павінны прыцягнуць саюзьнікаў. Ці будуць яны ўдзельнічаць? Вядома. Нельга рабіць гэта ў абыход каго-небудзь», — сказаў Келаг.
«Мы хочам пераканацца, што гэта будзе трывалы і ўстойлівы мір».
Але калі яго спыталі, ці можа ён гарантаваць, што «ўкраінцы і эўрапейцы будуць за сталом перамоваў», Келаг адказаў:
«О, ну зараз вы цалкам зьмянілі ўсю дынаміку».
«Адказ на апошняе пытаньне... не, — сказаў ён, відаць, маючы на ўвазе Эўропу. — А адказ на першую частку пытаньня — так, вядома, украінцы будуць там».
Зяленскі і лідэры ЭЗ выказалі нязгоду зь любымі перамовамі, якія выключаюць іх прадстаўнікоў.
«Я ніколі не прыму ніякіх рашэньняў паміж ЗША і Расеяй аб лёсе Украіны, ніколі», — заявіў Зяленскі ў інтэрвію NBC на палях Мюнхэнскай канфэрэнцыі бясьпекі.
Кіраўнік дыпляматыі ЭЗ Кая Калас перасьцерагла ад «хуткага рашэньня» і «бруднай угоды», заявіўшы, што мірнае пагадненьне ня можа быць заключана без удзелу Эўропы і Ўкраіны.
Яна дадала, што «замірэньне заўсёды цярпіць няўдачу» і «Ўкраіна будзе працягваць супраціўляцца, а Эўропа — падтрымліваць Украіну».
Выступаючы на Мюнхэнскай канфэрэнцыі, Зяленскі заклікаў эўрапейскія краіны стварыць агульнае войска на фоне магчымага скарачэньня ўдзелу ЗША і пагрозы з боку Расеі.
«Настаў час. Эўрапейскія ўзброеныя сілы павінны быць створаны», — сказаў ён.
На палях Мюнхэнскай канфэрэнцыі краіны G7 пацьвердзілі сваю «непахісную падтрымку Ўкраіны».
Форум