Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Карпарацыя Google ліквідуе свой актыў у Беларусі


Як даведаўся партал «Белорусы и рынок», у Беларусі пачалі ліквідацыю юрыдычнай асобы кампаніі AIMatter. Яе ў 2017 годзе набыла карпарацыя Google, якая зацікавілася распрацоўкай кампаніі — мабільнай праграмай Fabby.

Паводле зьвестак Дзяржаўнага рэестру падаткаплатнікаў Міністэрства падаткаў і збораў Беларусі, ліквідацыю AIMatter пачала ў апошні дзень 2024 году.

Кампанія была створаная вядомым беларускім IT-бізнэсоўцам Юрыем Мельнічакам у 2016 годзе як юрыдычная асоба для распрацоўваньня мабільнай праграмы Fabby.

Fabby, дзе ўжытыя тэхналёгіі штучнага інтэлекту, дазваляла карыстальнікам мяняць фон здымкаў і відэа. Мабільная праграма атрымала высокія адзнакі прафэсіяналаў і, разьмешчаная ўжо ў 2016 годзе ў App Store, набыла папулярнасьць у спажыўцоў. Заснавальнікі і раньнія інвэстары ўклалі ў кампанію AIMatter, якая стала рэзыдэнтам Парку высокіх тэхналёгіяў, каля 2 мільёнаў даляраў.

Кампанія прыцягнула ўвагу аднаго з транснацыянальных гігантаў — кампаніі Google. У сярэдзіне 2017 году Google набыла кампанію AIMatter. Паводле ацэнак экспэртаў, сума, якую Google заплаціла заснавальнікам праекту, магла складаць ад 10 да 20 мільёнаў даляраў.

Угода ўвайшла ў топ-5 найбуйнейшых угодаў, зьвязаных з продажамі беларускіх стартапаў у 2010-х гадах. Галоўнымі бэнэфіцыярамі ад яе сталі Юры Мельнічак, якому належала 44% AIMatter, а таксама топ-мэнэджары Мацьвей Ждановіч і Андрэй Кулік. Яшчэ 14% AIMatter на момант закрыцьця ўгоды з Google валодала інвэстыцыйная кампанія Haxus, суўладальнікам якой быў Юры Гурскі.

Паводле ўмоваў угоды, бальшыню супрацоўнікаў AIMatter плянавалі перавесьці на працу ў Google. Менскі офіс AIMatter даўно спыніў дзейнасьць, у Беларусі заставалася толькі юрыдычная асоба.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG