Аналітыкі адзначаюць, што, як вынікае з паведамленьняў заходніх мэдыя, ЗША маюць намер зьмякчыць санкцыі супраць Беларусі, якую Расея выкарыстоўвае «як пляцдарм для сваіх вайскоўцаў у канфрантацыі з Украінай і NATO і як найважнейшы інструмэнт у сваіх схемах ухіленьня ад санкцыяў».
«ISW лічыць, што ўсякае зьмякчэньне санкцыяў супраць Беларусі станоўча паўплывае на расейскую эканоміку, бо Расея дзесяцігодзьдзямі інтэгравала Беларусь у расейскую эканоміку ў рамках праекту Саюзнай дзяржавы… Беларусь ёсьць ключавым інструмэнтам для Расеі ў яе схеме ўхіленьня ад санкцый, а расейская і беларуская эканомікі настолькі інтэграваныя, што ваенныя намаганьні Расеі непасрэдна выйграюць ад зьмякчэньня санкцыяў ЗША ў дачыненьні Беларусі», — гаворыцца ў справаздачы.
Напярэдадні газэта The New York Times з спасылкай на інфармаваныя крыніцы паведаміла, што ЗША разглядаюць двухбаковае пагадненьне, паводле якога Аляксандар Лукашэнка вызваліць нявызначаную колькасьць палітвязьняў у абмен на зьмякчэньне санкцыяў супраць беларускіх банкаў і экспарту калію.
Таксама ў публікацыі гаварылася, што ў Беларусь на перамовы прыяждалі тры высокапастаўленыя амэрыканскія службоўцы. Гэта, імаверна, былі памочнік намесьніка дзяржаўнага сакратара ЗША ў эўрапейскіх справах Крыстафэр Сьміт і яшчэ дзьве афіцыйныя асобы. Яны сустрэліся ў Менску з Аляксандрам Лукашэнкам і старшынём КДБ Беларусі Іванам Тэртэлем, каб «абмеркаваць умовы пагадненьня».
Паводле справаздачы Times, Сьміт сказаў дыпляматам у Вільні, што «гэтыя вызваленьні могуць стаць першым крокам да шырэйшай угоды паміж Вашынгтонам і Менскам у абмен на паслабленьне санкцыяў, многія зь якіх зьвязаныя з падтрымкай Беларусьсю вайны Расеі ва Ўкраіне і яе рэпрэсіямі супраць іншадумства ў краіне».
ЗША, аднак, пра гэта афіцыйна не паведамлялі.
Многія заходнія краіны ўвялі некалькі пакетаў санкцыяў супраць рэжыму Лукашэнкі ў адказ на здушэньне іншадумства ў краіне. Цягам некалькіх месяцаў у 2020 годзе беларусы пратэставалі супраць фальшаваньня выбараў і масавых рэпрэсіяў супраць нязгодных.
Форум