Лінкі ўнівэрсальнага доступу

NYT: ЗША рыхтуюць угоду з Лукашэнкам па вызваленьні палітвязьняў наўзамен на паслабленьне санкцый супраць банкаў і угнаеньняў


Памочнік Дзяржсакратара ЗША па справах Усходняй Эўропы Крыстафэр Сміт.
Памочнік Дзяржсакратара ЗША па справах Усходняй Эўропы Крыстафэр Сміт.

Памочнік Дзяржсакратара ЗША па справах Усходняй Эўропы Крыстафэр Сміт сустрэўся з Лукашэнкам падчас нядаўняга візыту ў Менск і кіраўніком КДБ Іванам Церцелем, піша амэрыканскае выданьне The New York Times у публікацыі «Хуткая ціхая паездка ў Беларусь сігналізуе аб павароце ў палітыцы ЗША».

«Пасьля многіх гадоў спробаў ЗША ізаляваць найбліжэйшага саюзьніка Расеі сустрэча з прэзыдэнтам Беларусі сьведчыць пра паляпшэньне стасункаў, даючы надзею на аслабленьне ягоных рэпрэсіяў і яго абдымкі з Масквой», пішуць аўтары артыкулу Эндру Хігінс і Томас Дапкус.

The New York Times адзначае, што гэта была першая сустрэча Лукашэнкі з высокапастаўленым чыноўнікам Дзярждэпартамэнту за апошнія пяць гадоў і пачатак таго, што можа стаць «вельмі выніковым размарожваньнем замарожаных стасункаў паміж Злучанымі Штатамі і найбліжэйшым саюзьнікам Расеі».

Па дадзеных крыніц The New York Times, наступным крокам можа стаць магчымае вызваленьне палітвязьняў наўзамен на зьмякчэньне санкцыяў. Размова ідзе аб абмежаваньнях у дачыненьні да беларускіх банкаў і экспарту калійных угнаеньняў.

Выданьне піша, што пасьля перамоваў з Лукашэнкам Сьміт і яшчэ два амэрыканскія чыноўнікі паехалі ў вёску каля мяжы з Літвой, дзе чакалі трое зьняволеных — Алена Маўшук, Андрэй Кузнечык і неназваны грамадзянін ЗША. З надыходам цемры яны адправіліся празь мяжу ў Вільню.

Выступаючы вечарам у сераду каля будынка пасольства ЗША, Сміт прывітаў пасьпяховае завяршэньне таго, што ён назваў «спэцапэрацыяй», апісваючы вызваленьне зьняволеных як «велізарную перамогу і адказ на праграму міру праз сілу прэзыдэнта Трампа».

«Па словах прысутных на сустрэчы заходніх дыпляматаў, якая адбылася ў чацьвер у Вільні, наступным крокам стане магчымая вялікая ўгода, у межах якой Лукашэнка вызваліць шэраг палітычных зьняволеных, у тым ліку вядомых дзеячаў. Узамен Злучаныя Штаты аслабяць санкцыі ў дачыненьні да беларускіх банкаў і экспарту калійных угнаеньняў, ключавога інгрэдыенту для вытворчасьці ўгнаеньняў, асноўным вытворцам якіх зьяўляецца Беларусь», — гаворыцца ў публікацыі.

Паводле The New York Times Сьміт не раскрыў публічна, зь кім ён сустракаўся і што абмяркоўвалася, а Дзярждэпартамэнт не адказаў на пытаньні выданьня пра дэталі.

Сміт адказваў за палітыку Беларусі падчас адміністрацыі Байдэна і ў мінулым годзе пачаў папярэднія перамовы з саюзьнікамі ЗША аб паслабленьні санкцый, але да гэтага тыдня ён ніколі не езьдзіў у Менск, каб сустрэцца з Лукашэнкам.

Па словах дыпляматаў, якія прысутнічалі на брыфінгу, Сміт заявіў, што галоўная мэта ЗША — дамагчыся свабоды для большай колькасьці палітычных зьняволеных. Ён сказаў, што спытаў Лукашэнку, ці гатовы ён аслабіць рэпрэсіі, і атрымаў запэўненьні, што гатовы. Другой важнай мэтай, паводле слоў Сміта, зьяўляецца прадастаўленьне Лукашэнку некаторай свабоды дзеяньняў па-за арбітай уплыву Расеі, піша The New York Times.

Аўтары цытуюць у публікацыі старэйшага дарадцу Ціханоўскай Франака Вячорку, сястру палітзьняволенай Марыі Калесьнікавай Тацяну Хоміч і палітоляга Арцёма Шрайбмана.

  • Афіцыйнай інфармацыі аб сустрэчах Сміта ці якіх-небудзь іншых чальцоў дэлегацыі ЗША з Лукашэнкам альбо Цэрцелем няма. 12 лютага, у дзень іх візыту, Лукашэнка не ўдзельнічаў у публічных мерапрыемствах — яго прэс-служба паведамляла толькі аб падпісаньні ім указа аб прысваеньні воінскіх званьняў, адзначае «Позірк».

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG