Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Тыя ж беларусы, толькі імёны зьмяніліся». Крыху пра нацыянальную ідэнтычнасьць


Гуканьне вясны ў Вязынцы пад Менскам. 2019
Гуканьне вясны ў Вязынцы пад Менскам. 2019

Да беларусаў спакваля даходзіць, што там, дзе цяпер Беларусь, Беларусь заўсёды і была, і жылі там заўсёды такія самыя беларусы, як і мы. Нішто не парушыла натуральнае пераемнасьці народу з эпохі ў эпоху. Так яно было, а значыць, так і будзе.

Сьцісла:

  • Звычайна чалавек уяўляе свае краіну і народ як рэтраспэктыўны працяг самога сябе ў кантэксьце пераемнасьці і адзінства гісторыі.
  • Ідэнтычнасьць, у адрозьненьне ад гістарычных ведаў, ёсьць шмат багацейшае поле, якое мае ў тым ліку (а можа, і найперш) эмацыйны характар, які гарманізуе нашу самасьвядомасьць, асобу.
  • Усё, што было, ёсьць і будзе на нашай зямлі, у сьвядомасьці беларуса абагульняецца да сучасных значэньняў. Гэта натуральная зьява для ўсіх паўнавартасных нацыяў.

Загадка беларускай зьнікомасьці

«Усё па-ранейшаму, толькі імёны зьмяніліся», — назва кнігі пісьменьніка і гісторыка Ўладзімера Арлова, якая трапна перадае тую беларускую загадку, якую я спрабую разгадаць.

«Я беларус». —"Але раней не было ніякіх беларусаў«. — «Я жыву ў Беларусі». — «Але раней гэта былі Русь, Літва, Польшча, Расея, а не Беларусь». — «Мая мова беларуская». — «Але яшчэ Скарына называў яе рускай»...

Здавалася б, лягічны дыялёг, але ў выніку Беларусь прападае. І рэч не ў лукашэнкаўскім адмаўленьні беларусаў як нацыі, а Беларусі як асобнай краіны, якая быццам бы ня мае гістарычных падставаў для існаваньня.

Рэч у тым, што неаспрэчныя рэаліі, у якіх сёньня жыве звычайны чалавек, нібыта аспрэчваюцца гістарычнымі ведамі — часта гіпатэтычнымі і дыскусійнымі, якія ў прынцыпе не павінны размываць беларускую ідэнтычнасьць, бо існуюць у іншым вымярэньні.

Паказальна, што сёньня, нібы з рога ўсяго многа, зьявілася шмат папулярных падкастаў, тэлеперадач, артыкулаў пра беларускую гісторыю, а таксама шмат ініцыятываў, якія так ці інакш аднаўляюць прыроду нашай ідэнтычнасьці.

Дзе нарадзіліся Суцін і Шагал?

На сайце Deutsche Welle чытаю артыкул пра тое, як Беларуская рада культуры дбае пра вяртаньне праўды пра сусьветна вядомых беларускіх мастакоў у знакамітых галерэях. Рэч у тым, што на таблічках-подпісах да твораў Марка Шагала, Хаіма Суціна ды іншых ураджэнцаў Беларусі часта пісалі (і яшчэ пішуць) «Born in Russia» — «Нарадзіўся ў Расеі», маючы на ўвазе ці то Расейскую імпэрыю ці, што больш зразумела сучасьнікам, Расею як абагуленую назву для ўсяго СССР. І вось цяпер дзякуючы ініцыятыве на таблічцы зьявілася слова «Беларусь»: «Францускі мастак, нарадзіўся ў Расейскай імпэрыі, сёньня — Беларусь».

Дагэтуль сыстэмна гэтай справай беларусы не займаліся. І важна, што такі працэс пачаўся. Хоць іншаземцаў, відаць, ня так лёгка пераканаць, што Беларусь — асобная краіна, якая, між тым, ёсьць на ўсіх афіцыйных мапах, а згадка пра часовую, хоць і доўгую акупацыю Расейскай імпэрыяй нават самім беларусам можа «закруціць мазгі». Бо Беларусь там ня «сёньня», то бок часова, а была і ёсьць на сваім месцы ад пачатку дзён, на працягу як мінімум 1000 гадоў.

Карціна Марка Шагала
Карціна Марка Шагала

Так, цяпер у нас прарасейская дыктатура, масавыя рэпрэсіі і татальная русыфікацыя. Так, мы сёньня існуём пад сьцягам «нізкага статусу» — не незалежнай краіны, а адной з саюзных рэспублік няіснага СССР. Так, нас прадстаўляе ў нармальным чалавечым сьвеце не прэзыдэнт, а дэмакратычная лідэрка. Але ад гэтага ўсяго нікуды не падзеліся Беларусь як суб’ект міжнародных дачыненьняў і беларуская нацыя, якая жыве на гэтай зямлі тысячу гадоў. І будзе жыць далей — тым лепей, чым больш цэльнай будзе нацыянальная ідэнтычнасьць беларусаў, якую ўмацоўваюць тысячы адданых людзей, у тым ліку і подпісамі пад карцінамі славутых мастакоў.

Калісьці паэтка Тацяна Сапач (якая добра арыентавалася ў беларускай мінуўшчыне), калі гаворка заходзіла пра гістарычныя спрэчкі, любіла паўтараць: «Я магу ня ўнурвацца ў беларускую гісторыю, але ведаю, што яна вялікая і слаўная, і мне гэтага дастаткова». Думаю, што гэтак звычайна ўспрымае сваю гісторыю абсалютная большасьць будзь-якога сучаснага народу — як цэльны эмацыйна афарбаваны вобраз.

Адзін народ, адна краіна — адна гісторыя

Галоўны тут прынцып — адзінства сваёй гісторыі. Не падзел на Полацкае княства, ВКЛ, Рэч Паспалітую, Расейскую імпэрыю, Савецкі Саюз, Рэспубліку Беларусь — так можна драбніць бясконца, драбніць і разглядаць суб’ектнасьць кожнага такога ўтварэньня як галоўны чыньнік. Але казаць трэба пра суб’ектнасьць аднаго і таго ж народу на адной і той самай зямлі. Тут заўсёды была Беларусь, жылі беларусы і ўсё, што рабілася, было беларускім. І кнігу пра гісторыю Беларусі мы будзем чытаць ад пачатку да сёньня як сагу нашага роду.

Эпохі — гэта ўсяго толькі абставіны, яны заўсёды другасныя побач з жывым чалавекам. І зьвязкі эпох заўсёды гіпатэтычныя. Тым часам звычайны чалавек гаворыць пра краіну і народ як пра рэтраспэктыўны працяг самога сябе ў кантэксьце пераемнасьці і адзінства гісторыі. Я беларус, таму маю непасрэднае дачыненьне і да Ўсяслава Чарадзея, і да Скарыны, і да Льва Сапегі, і да Радзівілаў з Пацамі, і да Уніі, і да Касьцюшкі з Каліноўскім, бо гэта ўсё і ёсьць Беларусь, на гэтай зямлі. Гэта маё.

У сваім фэйсбуку беларускі навуковец з Санкт-Пецярбургу Мікола Нікалаеў зьмясьціў вокладку кнігі з кур’ёзнай, на першы погляд, назвай: «Дореволюционные издания по истории СССР». Кур’ёз у тым, што такой краіны, як СССР, не існуе, але калі яна існавала, калі і пачала выходзіць гэтая кніжная сэрыя, у панятак «гісторыя СССР» уваходзіла ўся мінуўшчына на тэрыторыі імпэрыі — ад краманьёнцаў і дарэвалюцыйных выданьняў. Быў узяты ўвогуле нармальны прынцып для нармальных краін. Іншая рэч, што краіна была не нармальнай і назваць савецкімі людзьмі краманьёнцаў не выпадала. Назваць жа іх беларусамі цалкам магчыма, бо гэта нашы прамыя продкі, хай сабе і 200 пакаленьняў таму: мы нарадзіліся і жывём на іхным месцы, мы іхны працяг.

Мікола Нікалаеў, архіўнае фота
Мікола Нікалаеў, архіўнае фота

Інакш кажучы, дыскурс гістарычных ведаў ня мусіць скіроўвацца супраць ідэнтычнасьці, якая ёсьць шмат багацейшым полем, у тым ліку (а можа, і найперш) праз эмацыйны характар, які гарманізуе нашу самасьвядомасьць і асобу.

Вазьму толькі адзін вядомы факт. Першы перапіс насельніцтва Расейскай імпэрыі адбыўся ў 1897 годзе і пры ўсёй сваёй адмоўнай тэндэнцыйнасьці паказаў наяўнасьць 6 мільёнаў беларускамоўных беларусаў. Менавіта беларусаў. Адкуль іх столькі ўзялося, калі «ніякіх беларусаў не было»?.. У полі нацыянальнай ідэнтычнасьці ўсё тлумачыцца проста — гэта нашы продкі. У полі гістарычных фактаў пераканаўчага адказу няма.

Беларусь — «няправільная» назва

У беларускага «праўдакапальніцтва» даўняя гісторыя, якая заўсёды пачыналася як самасьцьверджаньне, а прыводзіла часам да адваротнага выніку, да самаадмаўленьня.

Спрэчкі пра тое, што ўсе нашы беды карэняцца ў назьве (што мы мусілі б быць не Беларусь, а Літва) успыхвалі на працягу ўсяго мінулага стагодзьдзя. Пры гэтым наяўнасьць краіны з такой назвай папросту ігнаравалася, то бок у саму прапанову заўсёды закладалася канфрантацыйная бомба.

У 1915-м беларусы ініцыявалі Канфэдэрацыю ВКЛ — маўляў, ідзем да незалежнасьці разам зь літоўцамі. Аднак атрымалася па-іншаму — прыйшлі паралельна, дзьвюма краінамі ў 1918-м.

Пасьля былі пошукі летапіснай Літвы на тэрыторыі Беларусі. Седзячы ў ГУЛАГу, Цімох Вострыкаў напісаў працу на гэтую тэму — некалькі тоўстых сшыткаў з мноствам цытатаў, якія прыводзіў з памяці. У 1980-я ён паказваў мне тыя сшыткі ў Гомлі і пытаўся, хто б мог даць дарогу ягонай працы. Я тады параіў зьвярнуцца да Генадзя Каханоўскага з маладачанскага музэю. Чым скончылася тая справа і куды падзеліся сшыткі, невядома. Працы пра летапісную Літву рабілі таксама беларускія дасьледнікі ў эміграцыі. Урэшце, грунтоўна падвёў рысу Мікола Ермаловіч, але ізноў гэта была дыскусійная тэма.

У пачатку 1990-х ВКЛ і Вільня зноў актуалізаваліся ў дыскусіях. Але важна, што пра «вайну беларусаў і літоўцаў» нават думкі не дапускалася і межы былі непарушнымі. Разьвязаньне выглядала наступным чынам: Літва ўступіла ў Шэнгенскую зону (2007), чакала там Беларусь і, адпаведна, чакаў адкрыты доступ да Вільні — на вечаровыя прамэнады суседзяў, прасякнутасьць «вялікай і слаўнай гісторыяй», працу ў архівах і музэях — усё тое, што даступна бяз войнаў і заваёваў. Але не атрымалася, прычым не зь літоўскага, а з нашага боку: нас «за цывілізаваным сьветам» не павялі — павялі ў супрацьлеглы бок. Замест адкрытай мяжы беларусы атрымалі масавыя ўцёкі ў Вільню ад рэпрэсіяў у Беларусі. І вось як бы новыя цяперашнія эмігранты называлі сябе — літоўцамі? Або ў Польшчы — літвінамі (літоўцамі па-польску)?

Усё безвынікова скончылася «літвінізмам», які ўзялі былі на ўзбраеньне ідэолягі ў Маскве і Менску. І таксама безвынікова. Пасварыць два народы не ўдалося.

Чаго хочуць людзі і чаго хочуць улады

Такім чынам, усё, што было, ёсьць і будзе на нашай зямлі, у сьвядомасьці беларуса абагульняецца да сучасных значэньняў. Гэта натуральна для ўсіх паўнавартасных нацыяў.

Тое, што цяперашняя палітыка рэжыму скіраваная на разбурэньне беларускай ідэнтычнасьці праз хлусьлівыя сьцьверджаньні («Мы те же русские», паўстаньне Каліноўскага было «польским», «У нас двуязычие») зусім ня значыць, што хлусьню трэба прымаць за праўду, а не ўспрымаць крытычна. Напрыклад, відавочную рэч: двумоўе на практыцы азначае расейскае аднамоўе, бо ніводзін дзяржаўны чыноўнік не гаворыць і ня лічыць патрэбным гаварыць па-беларуску.

Афіцыйная палітыка ўсяляк падтрымлівае курс на канчатковую ліквідацыю ўсяго беларускага. Але гэта заяўленая антыбеларуская палітыка. Крытэрый для ідэнтычнасьці вельмі просты: калі страчваецца адзінства гісторыі, значыць, справа скіраваная на заняпад і зьнікненьне. У лукашэнкаўскай палітыцы што да гісторыі і нацыі пануе менавіта такі прынцып: падзяляй і ўладар. Але ідэнтычнасьць ва ўяўленьні звычайнага беларуса можа быць толькі адзінай і цэльнай (рознымі могуць быць густы, прыхільнасьці, погляды), якая канцэнтравана выяўляецца ў сваёй зямлі і ў сваім пашпарце ў кішэні. Яшчэ адзін складнік — беларуская мова. І беларусы інтуітыўна імкнуцца да сваёй мовы (напрыклад, сталі больш замаўляць вясельных цырымоніяў па-беларуску). Але гэта факт пра жаданьне саміх беларусаў, а прэвалююць пакуль што адмоўныя навіны — ад уладаў.

У Хойніках адкрылі памятны знак Івану Мележу па-расейску. Не расейцу, не ў Расеі і не для расейцаў... Ці ўсё ж для расейцаў? Для тых, хто, на думку Лукашэнкі, мусіць стаць расейцам. Мележ на знаку названы «белорусским советским прозаиком». Што ўкладаецца ў слова «советский» сёньня? Гэта як Расейская імпэрыя ў таблічцы пад карцінай Шагала.

Шыльда памяці Івана Мележа ў Хойніках
Шыльда памяці Івана Мележа ў Хойніках

Адзінства гісторыі ў сьвядомасьці асобнага беларуса — гэта найперш адзінства самадастатковай асобы, а не разлад, які псыхіятры называюць шызафрэніяй. Гэта завершанасьць будынку як кожнае асобы, так і ўсёй нацыі і дзяржавы, якія не выглядаюць «недаробленымі», а значыць непаўнавартаснымі, сярод іншых.

Літоўскі гісторык Русьціс Камунтавічус, аўтар першай літоўскай «Гісторыі Беларусі», кажа, што цалкам дапушчальнае існаваньне «дзьвюх праўдаў», якія ўмацоўваюць адзінства нацыяў і ніяк не замінаюць адна адной. Ці быў Вітаўт Вялікі кіраўніком сярэднявечнай Беларусі? Безумоўна. Ці быў ён кіраўніком сярэднявечнай Літвы? Бясспрэчна. Кім ён лічыў сябе сам — спрэчнае пытаньне для вузкіх спэцыялістаў. Для сувэрэннай гісторыі сучаснае нацыі абодва пытаньні маюць станоўчы адказ. У нас адна гісторыя, прычым у беларусаў і літоўцаў яна свая. І калі б мы нешта патрабавалі адны ад адных, гэта было б умяшаньне ў нацыянальныя інтарэсы.

І вось тут узьнікае праблема сувэрэнітэту гісторыі, якую літоўцы для сябе разьвязалі (наша гісторыя — наша справа), а беларусы вырашаюць акурат сёньня, калі нашы ўяўленьні пра ўласную гісторыю знаходзяцца пад прапагандысцкім абстрэлам з Масквы і зь менскага Падмаскоўя. Мэта адна: разбурыць пераемнасьць і адзінства нацыі. Бадай, ні ў якой сфэры няма столькі хлусьні, колькі ў маскоўскім перакручаным варыянце беларускай гісторыі — для таго, каб сувэрэннай гісторыі, адзінства нацыі і самой нацыі не было.

Але прапаганда прапагандай, а ёсьць яшчэ час дасьпяваньня сьвядомасьці. Да нас, беларусаў, насуперак гэтым атакам даходзіць, што там, дзе цяпер Беларусь, Беларусь заўсёды і была. І жылі там заўсёды такія самыя беларусы, як і мы. Нішто ня можа парушыць натуральнае пераемнасьці з эпохі ў эпоху. Так яно было, а значыць, так будзе заўсёды.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG