Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Малдова закрывае «Русский дом» усьлед за Азэрбайджанам. Гэта рэакцыя на расейскія бесьпілётнікі


Ілюстрацыйнае фота. Амбасада Расеі ў Малдове
Ілюстрацыйнае фота. Амбасада Расеі ў Малдове

У Малдове паводле рашэньня ўладаў краіны будзе зачынены Расейскі цэнтар навукі і культуры («Русский дом»), паведаміла 13 лютага прэс-служба МЗС Малдовы, зазначыўшы, што рашэньне прынятае ў сувязі з парушэньнем паветранай прасторы краіны расейскімі ўдарнымі бесьпілётнікамі.

МЗС Малдовы прыняло рашэньне аб аднабаковай дэнансацыі малдаўска-расейскага міжурадавага пагадненьня аб стварэньні і функцыянаваньні культурных цэнтраў, заключанага ў 1998 годзе.

«Пасьля завяршэньня працэдуры скасаваньня пагадненьня Расейскі культурны цэнтар спыніць сваю дзейнасьць у нашай краіне», — гаворыцца ў паведамленьні, апублікаваным на сайце ведамства.

Раней прэзыдэнтка Малдовы Мая Санду паведаміла, што падчас атакі расейскіх бесьпілётнікаў на ўкраінскую Адэскую вобласьць два бесьпілётнікі заляцелі на тэрыторыю Малдовы і, як сьцьвярджаецца, узарваліся там. Пацярпелых не было.

У МЗС Малдовы тэрмінова выклікалі расейскага амбасадара Алега Азёрава, якому выказалі «рашучы пратэст у сувязі з гэтымі непрымальнымі парушэньнямі», падкрэсьліўшы, што падобныя інцыдэнты ўяўляюць сабой «парушэньне нацыянальнага сувэрэнітэту» і сур’ёзную пагрозу нацыянальнай бясьпецы і грамадзянам Малдовы. Расейскаму дыплямату таксама прадэманстравалі абломкі расейскіх бесьпілётнікаў, якія ўпалі на тэрыторыі Малдовы.

Рэакцыі Масквы на рашэньне малдаўскага боку пакуль няма.

  • Раней у гэтым месяцы стала вядома аб закрыцьці «Русского дома» ў Баку. Улады Азэрбайджану заявілі аб юрыдычных прэтэнзіях да прадстаўніцтва «Россотрудничество». Адносіны паміж Баку і Масквой пагоршыліся пасьля катастрофы самалёта «Азэрбайджанскіх авіяліній» пад Актаў у сьнежні 2024 году. У Азэрбайджане ўскладаюць адказнасьць за яе на Расею, сьцьвярджаючы, што самалёт быў, відавочна ненаўмысна, абстраляны расейскай СПА.
  • «Русские дома» — гэта праект расейскага агенцтва «Россотрудничество», які займаецца расейцамі за мяжой. Сярод афіцыйных мэтаў арганізацыі — прасоўваньне расейскай адукацыі, навукі і культуры, умацаваньне пазыцый расейскай мовы, гісторыка-мэмарыяльная дзейнасьць. «Россотрудничество» знаходзіцца пад міжнароднымі санкцыямі Эўразьвязу і іншых краін. Гэтую дзяржаўную структуру расцэньваюць як «галоўны дзяржаўны орган, які праектуе мяккую сілу і гібрыдны ўплыў Крамля, у тым ліку прасоўваньне канцэпцыі «русского мира».
  • У Беларусі працуюць ажно чатыры «Русских дома» — у Менску, Горадні, Гомлі і Берасьці. Разам з тым, «Россотрудничество» актыўна займаецца прапагандай палітыкі Крамля і актыўна прасоўвае ў Беларусі афіцыйныя наратывы, зьвязаныя з вайной. У прыватнасьці, у 2024 годзе яно выступіла партнэрам у арганізацыі фотавыставы аб «злачынствах кіеўскага рэжыму» ў філіяле Расейскага дзяржаўнага сацыяльнага ўнівэрсытэту ў Менску. Таксама «Русский дом» у Менску браў удзел у зборы гуманітарнай дапамогі «дзецям Данбасу» і «мірнаму насельніцтву Данбасу» .

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG