Гэта ўжо чацьвёрты горад у Беларусі, дзе «Россотрудничество» будзе мець свой цэнтар, так званы «Русский дом», паведаміў 31 студзеня на прэс-канфэрэнцыі па выніках працы ў 2023 годзе кіраўнік «Россотрудничества» Яўгеній Прымакоў, піша ТАСС.
«Спадзяюся, што да Дня адзінства народаў Расеі і Беларусі 2 красавіка мы адкрыемся ў Горадні. У нас будзе яшчэ адзін культурны цэнтар. Аддзяленьне нашага РЦНК у Менску там будзе працаваць», — паведаміў ён, адзначыўшы, што ўжо атрыманае дзяржаўнае фінансаваньне на адкрыцьцё цэнтру.
Цяпер у Беларусі ўжо тры «Расейскія дамы» — у Менску, Гомлі і Берасьці. Сярод афіцыйных мэтаў арганізацыі — прасоўваньне расейскай адукацыі, навукі і культуры, умацаваньне пазыцый расейскай мовы, гісторыка-мэмарыяльная дзейнасьць.
Узначальвае «Расейскі дом» Яўген Прымакоў, унук таго самага Прымакова, які кіраваў расейскім урадам у 1998–1999 гадах. Сярод іншага «Расейскі дом» у Беларусі актыўна рэклямуе вышэйшую адукацыю для беларусаў у Расеі, арганізоўвае туры ў Расею для школьнікаў, ладзіць для іх конкурсы.
«Россотрудничество» пазыцыянуе сябе як вядучае расейскае агенцтва, галоўная місія якога — «узмацненьне гуманітарнага ўплыву Расеі ў сьвеце». Арганізацыя прадстаўленая ў 62 краінах сьвету 73 замежнымі прадстаўніцтвамі.
Разам з тым, «Россотрудничество» актыўна займаецца прапагандай палітыкі Крамля і актыўна прасоўвае ў Беларусі афіцыйныя наратывы, зьвязаныя з вайной. У прыватнасьці, яно выступіла партнэрам у арганізацыі фотавыставы аб «злачынствах кіеўскага рэжыму» на мінулым тыдні ў філіяле Расейскага дзяржаўнага сацыяльнага ўнівэрсытэту ў Менску.
«Россотрудничество» знаходзіцца пад міжнароднымі санкцыямі Эўразьвязу і іншых краін. Гэтую дзяржаўную структуру расцэньваюць як «галоўны дзяржаўны орган, які праектуе мяккую сілу і гібрыдны ўплыў Крамля, у тым ліку прасоўваньне канцэпцыі «русского мира».