Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Час выбраў вас? Чым Лукашэнку так падабаюцца патасныя лёзунгі брэжнеўскай эпохі


Аляксандар Лукашэнка, Леанід Брэжнеў. Каляж
Аляксандар Лукашэнка, Леанід Брэжнеў. Каляж

Фраза, якая на працягу апошняга году гучыць практычна ў кожным публічным выступе Лукашэнкі — «Час выбраў нас!».

Напышлівы патэтычны слоган прыдуманы ня сёньня: ён быў распаўсюджаны ў апошнія гады кіраваньня Брэжнева, калі малады Лукашэнка толькі пачынаў узыходжаньне па партыйнай кар’ернай лесьвіцы.

Як і чаму адбылася рэінкарнацыя старога лёзунгу савецкай прапаганды?

Сьцісла:

  • Многае з таго, што стала важнымі кірункамі палітыкі Лукашэнкі на працягу трох дзесяцігодзьдзяў ягонага прэзыдэнцтва, каранямі выходзіць з брэжнеўскага СССР. Гэта праяўляецца ў тым ліку ў перайманьні і паўтарэньні прапагандысцкіх лёзунгаў.
  • Эпоха позьняга Савецкага Саюзу блізкая і зразумелая Лукашэнку, ён сам родам адтуль. Рэфрэн з савецкай песьні пра час, які «выбраў нас» — знак, сымбаль трывалай повязі, якая злучае яго з практыкамі савецкай аўтарытарнай сыстэмы.
  • Раз за разам на працягу многіх гадоў паўтараючы «Час выбраў нас», Лукашэнка, зусім магчыма, мае на ўвазе іншае: «Час выбраў мяне» (ці «Бог выбраў мяне»?). Менавіта такі сэнс прачытваецца ў гэтай ягонай улюбёнай фразе, якая намаганьнямі прапаганды ператвораная ці не ў галоўны лёзунг сёньняшняй лукашэнкаўскай паліцэйска-чыноўніцкай бюракратыі.
  • Тая копія савецкай Беларусі, якую паспрабаваў збудаваць Лукашэнка, мала падобная на арыгінал і нагадвае хутчэй карыкатуру — злосную, а часам і страшную. Прынамсі, такога гвалту над асобай, прыніжэньня чалавечай годнасьці, атмасфэры ўсеагульнага недаверу і страху ў брэжнеўскім СССР і блізка не было.

«Час выбраў начальнікамі нас»

Пра тое, што «час выбраў нас», Лукашэнка падчас свайго апошняга перадвыбарнага выступу перад шматтысячнай аўдыторыяй прапагандысцкага «Маратону адзінства» 24 студзеня нагадаў ажно тройчы:

  • «Ад Берасьця да Віцебска, ад Горадні да Гомля і Магілёва гучала: «Мы разам! Час выбраў нас!»;
  • «Давайце ўсё рабіць своечасова! Разам! Давайце не змарнуем гэтага часу! Таму што гэты час выбраў нас!»;
  • «Нікуды ад гэтага не падзенемся. Таму што гэты страшны ўсёахопны час, які выбраў нас!»

У лексыкон Лукашэнкі гэтая фраза трывала ўвайшла год таму. Яна стала галоўным слоганам леташняга Усебеларускага народнага сходу, дала назву асноўнаму дакладу на тым сходзе. Прапаганда тут жа падхапіла яе, пашырыла ў выглядзе шматлікіх загалоўкаў у дзяржаўных мэдыя. Гэтым лёзунгам сталі аздабляць залі падчас прапагандысцкіх акцый і нават вуліцы і плошчы гарадоў. Сам Лукашэнка на працягу мінулага года ня раз паўтараў гэты лёзунг на розныя лады і ў розных інтэрпрэтацыях. Часам і ў даволі двухсэнсоўных. Як, напрыклад, летась у красавіку, сустракаючыся з чыноўнікамі ў Горадні:

  • «Час выбраў начальнікамі нас, і мы павінны зрабіць усё, каб нашы людзі жылі, працавалі і маглі ўтрымліваць сям’ю».
Кастрычніцкая плошча Менска
Кастрычніцкая плошча Менска

Слухаючы і назіраючы за ўсім гэтым, можа скласьціся ўражаньне, што аўтар выслоўя — сам Лукашэнка. У рэальнасьці гэта ня так.

Старое кіно пра партызанаў

«Час выбраў нас» — так называлася пяцісэрыйная героіка-патрыятычная кінадрама беларускага рэжысэра Міхаіла Пташука, зьнятая на «Беларусьфільме» амаль паўстагодзьдзя таму. Позьняй восеньню 1979-га года на працягу тыдня мільёны савецкіх тэлегледачоў ад Берасьця да Камчаткі штовечар прыпадалі да экранаў, каб назіраць за пэрыпэтыямі лёсу адважных савецкіх герояў, якім у 1941 годзе выпала апынуцца недзе ў Заходняй Беларусі, акупаванай немцамі. Фільм быў створаны паводле ўсіх тагачасных канонаў сацыялістычнага рэалізму.

Афіша фільма «Час выбраў нас»
Афіша фільма «Час выбраў нас»

У ліку галоўных пэрсанажаў — беззаганныя камсамольскія і партыйныя сакратары, якія падчас вайны становяцца гераічнымі партызанскімі камандзірамі і падпольшчыкамі. Сюжэт даволі банальны, але рэжысэр падабраў для карціны суквецьце яркіх таленавітых актораў таго часу: Яўгеній Лебедзеў, Стэфанія Станюта, Міхаіл Глускі, Віктар Праскурын, Віктар Паўлаў... Гэта ў многім выратавала ў цэлым непрыхавана прапагандысцкі, ідэалягізаваны фільм. Парадаксальным чынам ён застаўся ў памяці многіх людзей таго пакаленьня. Магчыма, не ў апошнюю чаргу дзякуючы сваёй патаснай назьве. Тым больш што гэтая фраза — «Час выбраў нас» — няспынна паўтаралася ў напісанай да фільма аднайменнай песьні на словы Міхаіла Матусоўскага, якая гучала на пачатку кожнай сэрыі фільма ў выкананьні савецкай опэрнай зоркі Яўгенія Несьцярэнкі:

Только гром канонады

Нашу землю потряс

Нам доверилось время.

Время выбрало нас.

Умереть, но не сдаться,

Отдавая приказ,

Для нелегкого дела

Время выбрало нас.

Чтобы день этот ясный

На земле не погас,

Среди тысяч и тысяч

Время выбрало нас...

Успамін пра 1979 год

Сёньня, з вышыні часу, гэтыя высакамоўныя патасныя радкі, як і ўрачыста-маршавая мэлёдыя песьні, выглядаюць наіўнымі, састарэлымі і няшчырымі. Але тады яны былі сугучнымі часу. І напэўна ж западалі ў сьвядомасьць многіх людзей. Савецкаму тэлегледачу, які толькі што паглядзеў чарговую сэрыю «Час выбраў нас», тут жа ўсьлед за фільмам трансьлявалі галоўную прапагандысцка-інфармацыйную праграму Цэнтральнага тэлебачаньня — «Время». А ў ёй — рапарты пра «пяцігодку эфэктыўнасьці і якасьці», пра ўдарныя вахты і датэрмінова выкананыя пляны, пра «мудрую міралюбівую палітыку» і «бесьсьмяротныя творы дарагога Леаніда Ільіча»...

Так, многімі тады ўсё гэта ўспрымалася з іроніяй. Але ніякай уцямнай альтэрнатывы ўсё роўна не прадбачылася, а жыцьцё савецкага чалавека ў канцы 70-х гадоў так ці інакш, калі параўноўваць зь мінулымі дзесяцігодзьдзямі, станавілася і спакайнейшым, і лягчэйшым, і нейкім больш рознакаляровым, разнастайным.

Леанід Брэжнеў у Музэі. Масква, 1981
Леанід Брэжнеў у Музэі. Масква, 1981

1979-ы ў гэтым сэнсе ўвогуле быў асаблівым годам. Яшчэ ня ўведзеныя савецкія войскі ў Афганістан. Савецкі Саюз упершыню ў сваёй гісторыі рыхтуецца прыняць Алімпійскія гульні. Прапаганда прыкметна сьцішвае ранейшы агрэсіўны тон у адносінах да «імпэрыялістычнага агрэсіўнага Захаду». Краіна прыхарошваецца перад Алімпіядай — асабліва тыя гарады, якія разам з Масквой павінны прыняць асобныя алімпійскія спаборніцтвы — Ленінград, Кіеў, Менск, Талін. Праз усю Беларусь — ад Берасьця да Воршы — шпаркімі тэмпамі пракладваюць шырокую, амаль эўрапейскую аўтамагістраль, якую ў народзе тут жа назвалі «алімпійкай». Меркавалася, што па ёй з Эўропы на Алімпіяду рушаць сотні тысяч эўрапэйскіх заўзятараў.

Тыя апошнія месяцы 1979-га — своеасаблівы блаславёны час застою, ягоная вяршыня. Эпоха Брэжнева ў той час здавалася бясконцай, палітычная стабільнасьць — непарушнай, ніякія рэформы ці ўзрушэньні і блізка не былі відаць на даляглядзе. «Дарагому Леаніду Ільічу» 73 гады. Ён яўна дасягнуў таго веку, калі хочацца непарушнасьці ўласнай улады, спакою, усеагульнага ўхваленьня ўласных заслуг, а таксама камфорту і славы. Зусім нядаўна прынята брэжнеўская Канстытуцыя зь фіксацыяй дасягненьняў «разьвітога сацыялізму» і замацаваньнем манаполіі КПСС на вечную ўладу. «Наш генэральны сакратар» адну за адной атрымлівае залатыя геройскія зоркі і шматлікія прэміі. Менавіта ў тыя гады ён надыктоўвае чатыры кнігі мэмуараў пра сваю гераічную біяграфію, якія паслужлівая прапаганда падае савецкаму грамадзтву як вяршыню літаратурнага мастацтва. Схільнасьць да патэтыкі, патасу і гераізацыі ўласных заслуг — зусім зразумелыя ўзроставыя асаблівасьці ўсяго тагачаснага Палітбюро ЦК КПСС. Эстэтыка брэжнеўскіх «Малой зямлі» і «Цаліны» пануе ва ўсім афіцыйным мастацтве, у тым ліку і ў кінэматаграфіі. Фільм «Час выбраў нас» быў зьняты менавіта ў такой стылістыцы.

Леанід Брэжнеў у Менску, 1978
Леанід Брэжнеў у Менску, 1978

У грамадзкай атмасфэры таго часу панавала адчуваньне непарушнасьці і вечнасьці такога парадку рэчаў. Насамрэч, як стала зразумела пазьней, тое ўражаньне было падманлівым. Ужо ў сьнежні 1979-га пачалася савецка-афганская вайна. Алімпіяду-80, якая павінна была стаць трыюмфам СССР, азмрочыў байкот з боку дзясяткаў краінаў сьвету ў адказ на падзеі ў Афганістане. Яшчэ праз два гады ў крамлёўскім кіраўніцтве пачаліся «гонкі на ляфэтах».... Наперадзе былі перабудова, галоснасьць і імклівы заняпад савецкай імпэрыі, якая зусім нядаўна здавалася вечнай.

«Час выбраў мяне»

Фраза «Час выбраў нас» пасьля 1979 году яшчэ доўга жыла ў савецкай прапагандзе. У 1980 годзе фільм адзначылі прэміяй Ленінскага камсамолу, і гэта стала штуршком для масавага выкарыстаньня яго тэматыкі і атрыбутыкі ў ідэалягічнай працы з моладзьдзю. У 80-ыя фраза дала назву некаторым песьням і нават прапагандысцкім кнігам, напісаным удзельнікамі вайны ў Афганістане.

У патасных газэтных загалоўках тых гадоў яна таксама нярэдка выкарыстоўвалася ці абыгрывалася. Пэўна, менавіта тады яна і запала ў памяць аднаго камсамольскага актывіста са Шклова. Аляксандру Лукашэнку ў 1979-м — 25 гадоў. Малады, энэргічны, гаваркі, палітычна падкаваны камсамольскі сакратар Магілёўскага гархарчгандлю якраз у той час уступае ў КПСС і пераходзіць на працу адказным сакратаром таварыства «Веды» ў Шклове. Гэта нізавая прыступка ў партыйнай намэнклятуры, але ўзыходжаньне маладога камуніста па партыйна-гаспадарчай лесьвіцы толькі пачынаецца. Час выбраў яго, магчыма, ужо тады.

Лёзунг на выбарчым участаку ў Менску
Лёзунг на выбарчым участаку ў Менску

Зусім ня факт, што Лукашэнка — вялікі аматар таго старога патрыятычнага савецкага сэрыялу. Тая эпоха блізкая і зразумелая яму на ўзроўні падсьвядомасьці. Рэфрэн з савецкай песьні пра час, які «выбраў нас» — толькі знак, сымбаль той трывалай повязі. Цяпер ужо відавочна: вельмі многае з таго, што стала важнымі кірункамі палітыкі Лукашэнкі на працягу ўсіх трох дзесяцігодзьдзяў ягонага прэзыдэнцтва, каранямі там, у позьнім брэжнеўскім СССР. Лукашэнка будаваў «вэртыкаль улады», аднаўляў камсамол, змагаўся з дармаедамі, абвяшчаў «пяцігодку якасьці», расстаўляў ідэолягаў на ўсіх прадпрыемствах і ўстановах, абавязваў дзяцей працаваць на калгасных палях — а за ўсім гэтым нябачна лунаў прывід той позьнесавецкай эпохі, калі сам Лукашэнка і ягоныя аднагодкі былі маладымі, здаровымі і дужымі. Эпохі, якая яму і многім прадстаўнікам ягонага пакаленьня блізкая і зразумелая.

Вяртаньня эпохі не адбылося, як і варта было чакаць. Сучасная моладзь не разумее і ня хоча разумець фальшывага патасу «пяцігодак», прымусовага разьмеркаваньня з капеечнымі заробкамі і ашалелай антызаходняй прапаганды. Тая копія савецкай Беларусі, якую паспрабаваў збудаваць Лукашэнка, мала падобная на арыгінал і нагадвае хутчэй карыкатуру — злосную і нават страшную. Прынамсі, такога гвалту над асобай, прыніжэньня чалавечай годнасьці, атмасфэры ўсеагульнага недаверу і страху ў брэжнеўскім СССР і блізка не было.

Ёсьць вялікае падазрэньне, што раз за разам на працягу многіх гадоў паўтараючы «Час выбраў нас», Лукашэнка мае на ўвазе іншае: «Час выбраў мяне» (ці, можа, «Бог выбраў мяне»?). Прынамсі, менавіта такі сэнс лёгка прачытваецца ў гэтай ягонай улюбёнай фразе, якая намаганьнямі прапаганды ператвораная ці не ў галоўны лёзунг сёньняшняй лукашэнкаўскай паліцэйска-чыноўніцкай бюракратыі, на якой трымаецца рэжым.

Сцэнарысты-экстрэмісты

Застаецца яшчэ адно лягічнае пытаньне: чаму пры татальнай скіраванасьці прапаганды на гераізацыю і ўслаўленьне ўсяго, што зьвязана з Другой сусьветнай вайны, такі ідэалягічна правільны фільм, як «Час выбраў нас», у сёньняшняй Беларусі фактычна ніяк не запатрабаваны? Яго не паказваюць і не папулярызуюць. Магчыма, найперш дзеля таго, каб лішні раз не дэманстраваць, што ўлюбёная на сёньня фраза Лукашэнкі — паўторнага ўжытку, другасная, запазычаная, адпрацаваная савецкай прапагандай у іншую гістарычную эпоху.

Але ёсьць тут і другі істотны момант — імёны стваральнікаў фільма. Аўтары сцэнару сэрыялу «Час выбраў нас» — беларускія літаратары і кінасцэнарысты Ўладзімер Халіп і Алесь Петрашкевіч. Першы на сёньня — адзін са сталых аўтараў «экстрэмісцкага» рэсурсу «Хартыя’97», даўні і пасьлядоўны крытык палітыкі Лукашэнкі. Другі, Алесь Петрашкевіч, ужо трынаццаць гадоў як памёр. Але беларуская дзяржава не забыла пра ягоную творчасьць: летась у траўні «Выбраныя творы» Алеся Петрашкевіча (2017 году выданьня) на заяву пракуратуры Менску прызнаны судом «экстрэмісцкімі матэрыяламі». Выходзіць, сцэнарысты, якія прыдумалі «Час выбраў нас», як выявілася ў лукашэнкаўскай Беларусі, насамрэч экстрэмісты.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG