«Пуцін рыхтуецца зусім не да перамоваў, не да наступленьня міру, а да працягу вайны, і ня толькі супраць нас, супраць Украіны. Яны зараз павялічваюць сваё войска яшчэ больш чым на 100 тысяч вайскоўцаў. Усе партнэры павінны ведаць пра гэта і павінны гэта бачыць. Адпаведную інфармацыю мы гатовыя перадаваць, і па лініі выведак ужо ідзе адпаведная камунікацыя», — сказаў Уладзімір Зяленскі пасьля сустрэчы з кіраўніком Ваеннага камітэту NATO, яго цытуе прэс-служба прэзыдэнта Ўкраіны.
Паводле яго, у Эўропе кожнай краіне давядзецца ўмацоўваць абарону, і мэта ў 5% ВУП на абарону ня зьнікне з парадку дня.
- Падчас сумеснай прэс-канфэрэнцыі зь японскім прэм’ерам 7 лютага прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп падкрэсьліў, што на наступным тыдні можа сустрэцца з прэзыдэнтам Украіны Ўладзімірам Зяленскім і паразмаўляць з прэзыдэнтам Расеі Ўладзімірам Пуціным. Трамп падчас перадвыбарчай кампаніі неаднойчы заяўляў, што можа спыніць вайну Расеі ва Ўкраіне на працягу 24 гадзін пасьля ўступленьня на пасаду. Зрэшты, на прэс-канфэрэнцыі ў студзені ён сказаў, што спадзяецца завяршыць баявыя ва Ўкраіне дзеяньні цягам шасьці месяцаў.
- У інтэрвію брытанскаму журналісту Пірсу Моргану 4 лютага Зяленскі заявіў, што гатовы ўдзельнічаць у мірных перамовах за адным сталом з Уладзімірам Пуціным «калі гэта адзіны варыянт, пры якім мы можам прынесьці мір грамадзянам Украіны».
- 5 лютага Крэмль абвясьціў аб пашырэньні кантактаў з ЗША ў справе вырашэньня вайны. Прэс-сакратар Пуціна Дзьмітрый Пяскоў заявіў, што Масква гатовая весьці перамовы зь Зяленскім, нягледзячы на ранейшую адмову прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна ад перамоваў зь ім, «паколькі тэрмін ягоных паўнамоцтваў скончыўся ў мінулым годзе».
Форум