Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларусі зноў увялі ліцэнзіі на імпарт скуры


Ілюстрацыйнае фота. Скураныя вырабы
Ілюстрацыйнае фота. Скураныя вырабы

Для ўвозу ў Беларусь гатовай скуры са шкур буйной рагатай жывёлы цяпер неабходна атрымліваць разавую ліцэнзію, вынікае з пастановы Савета міністраў № 73 ад 6 лютага, апублікаванай на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале 8 лютага.

Згодна з дакумэнтам, ліцэнзію патэнцыйнаму імпартэру будзе выдаваць Міністэрства антыманапольнага рэгуляваньня і гандлю па ўзгадненьні з канцэрнам «Беллегпрам».

Пры атрыманьні такой ліцэнзіі заяўнік павінен пацьвердзіць, што айчынныя гарбарныя арганізацыі канцэрну «Беллегпрам» адмаўляюцца або ня могуць выпусьціць і паставіць аналягічны тавар на тых жа ўмовах, што і замежныя. У лік гэтых арганізацый «Беллегпраму» ўваходзяць «Бабруйскі гарбарны камбінат», «Менскае вытворчае гарбарнае аб’яднаньне», «СКІНТЭХ», «Горадзенскае вытворчае гарбарнае аб’яднаньне».

У выдачы ліцэнзіі могуць адмовіць, калі заяўнік падаў дакумэнты, якія не адпавядаюць патрабаваньням, ці калі выявіцца, што «патэнцыйны пастаўшчык тавараў не зьяўляецца іх вытворцам».

Ліцэнзаваньне распаўсюджваецца на тавары, якія ўвозяць як з краін Эўразійскага эканамічнага саюзу, так з-за межаў ЭАЭС.

Патрабаваньне не распаўсюджваецца на тавары, якія

  • перамяшчаюцца транзытам;
  • увозяць у якасьці замежнай бязвыплатнай дапамогі;
  • тавары, выраблены ў краінах Эўразійскага эканамічнага саюза (пры наяўнасьці сэртыфікату паходжаньня).

Большасьць пунктаў пастановы набываюць моц з 9 сакавіка, яна будзе дзейнічаць цягам 6 месяцаў.

  • У 2021 годзе на працягу паўгода ў Беларусі таксама дзейнічала ліцэнзаваньне імпарту гатовых скур са шкур буйной рагатай жывёлы.
  • У кастрычніку 2024 году Беллегпрам прапанаваў вярнуць часовае ліцэнзаваньне на імпарт скуры, бо спажываньне айчыннай скуры ў Беларусі нізкае — каля 43% ад вырабленага, а абутковыя кампаніі «Белвест» і «Марка» толькі ў 30% выпадкаў карыстаюцца беларускай скурай. У Беллегпраме тады адзначылі, што ў 2024 годзе загрузка гарбарных заводаў складала толькі каля 85%. Дырэктар Беларускай асацыяцыі прадпрыемстваў лёгкай прамысловасьці Дзьмітры Сарнацкі тады прапанаваў спачатку абмеркаваць пытаньне «з усімі зацікаўленымі бакамі», бо вытворцам гатовай прадукцыі патрэбная скура «павышанай якасьці і трэндавых колераў, а айчынныя гарбарні не заўсёды могуць даць патрэбную сыравіну».

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG