Пра гэта паведамляе партал «Люстэрка» з спасылкай на прэсавую службу Генэральнай пракуратуры.
У Менску пракуратура праверыла сталічныя кампаніі, сярод уладальнікаў якіх ёсьць асобы з так званых «недружалюбных краінаў», і выявіла парушэньні.
У 2023 годзе улады ўвялі абмежаваньне на выплату прыбытку і дывідэндаў замежным уладальнікам, калі яны з «недружалюбных» краін. Дывідэнды — гэта частка прыбытку, якую кампанія выплачвае сваім акцыянэрам прапарцыйна колькасьці акцыяў, якімі яны валодаюць.
Пазалеташняе рашэньне ўладаў адносна дывідэндаў датычыцца сумаў звыш 80 тысяч базавых велічыняў (цяпер гэта 3 млн. 360 тыс. рублёў). Гэта ліміт на адзін каляндарны год, прычым на ўсіх, паміж кім у кампаніі будуць дзяліць гэтыя грошы.
Таксама фірмы павінныя паведамляць мясцовым уладам аб выплачаных сумах прыбытку і дывідэндаў інвэстарам з такіх краінаў.
Аднак, як сьцьвярджае Генпракуратура, 38 кампаніяў Менска не паведамілі ў Менгарвыканкам аб такіх выплатах. У выніку кіраўнікоў і іншых супрацоўнікаў фірмаў, зьвязаных з фінансамі, прыцягнулі да адміністрацыйнай адказнасьці з-за «непрыняцьця захадаў па належнай арганізацыі дзейнасьці юрыдычнай асобы». Яна прадугледжвае штраф ад 10 да 200 базавых велічыняў. На сёньня гэта ад 420 да 8400 рублёў.
Аляксандр Лукашэнка нядаўна абураўся тым, што замежныя інвэстары выводзяць зь Беларусі за мяжу валюту. Паводле яго слоў, так з краіны ўцяклі «не дзясяткі мільёнаў грашовых сродкаў, а сотні».
Форум