Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Гэта будзе каштаваць вялікіх грошай». Навошта ў Беларусі зьбіраюцца прыбраць з вуліц ангельскамоўныя шыльды


Гандлёвы цэнтар у Менску. Ілюстрацыйнае фота
Гандлёвы цэнтар у Менску. Ілюстрацыйнае фота

У Беларусі «настойліва» рэкамэндуюць скараціць выкарыстаньне замежных слоў у назвах крамаў, гандлёвых марак і рэкляме. Мэтай названая абарона нацыянальнай культуры, фармаваньне патрыятычных перакананьняў і процідзеяньне пагрозам нацыянальнай бясьпецы.

Беларускія ўлады ўсьлед за расейскімі сабраліся пазбавіцца ад лацінкі і ангельскай мовы на рэклямных шыльдах. Міністэрства антыманапольнага рэгуляваньня і гандлю ўжо выступіла з адпаведнай рэкамэндацыяй, чыноўнікі спасылаюцца на прынятую ў 2023 годзе Канцэпцыю разьвіцьця нацыянальнай культурнай прасторы ва ўсіх сфэрах жыцьця грамадзтва на 2024–2026 гады.

Пачаць вырашылі зь візуальных рэчаў: назоваў крамаў, кавярняў і рэстарацый, брэндаў, рэклямы. Ініцыятыва падаецца як «абарона нацыянальнай культурнай прасторы, захаваньне традыцыйных каштоўнасьцяў, выхаваньне патрыятызму, процідзеяньне пагрозам нацыянальнай бясьпецы ў інтарэсах беларускай дзяржавы» грамадзтва і грамадзян.

Будынак былога «Макдональдса» ў Менску. Пасьля перайменаваньня сетка захавала назву на лацінцы
Будынак былога «Макдональдса» ў Менску. Пасьля перайменаваньня сетка захавала назву на лацінцы

4 са 164

Гандлёвы цэнтар Dana Mall разьмешчаны на ўсходзе Менску. Толькі на фасадзе будынку два дзясяткі шыльдаў на замежных мовах і лічаныя адзінкі — на расейскай. На сайце цэнтру пазначана, што ў Dana Mall разьмешчана 164 аб’екты: крамы, салёны сувязі, банкі, аптэкі, гіпэрмаркет Green. Зь беларускіх назваў — толькі 4: крамы «Калінка», «Сьвітанак», «Беларускі лён» і рэстаран «Васількі».

Большасьць вядомых беларускіх брэндаў, як і назваў крамаў, пішацца лацінкай: Belwest, Conte, Mark Formelle, Zorka, Galanteja, Nelva, Marko, Milavitsa. Сьпіс можна працягваць.

Усе 10 крамаў бялізны — з назвамі лацініцай. З 30 крамаў жаночага адзеньня толькі дзьве называюцца па-беларуску: «Калінка» і «Беларускі лён», дзьве — па-расейску: «Спортмастер» і «Брестские», і 16 пішуць назвы лацініцай.

З рэстарацый і кавярняў 18 маюць назвы на замежных мовах з выкарыстаньнем лацінкі, 7 — на расейскай, і толькі адзін рэстаран называецца па-беларуску — «Васількі».

Непадалёк ад Dana Mall ня так даўно адкрылі «Першы нацыянальны гандлёвы дом», дзе прадаюцца выключна беларускія тавары і прастаўлены нацыянальныя брэнды.

Тут 6 крамаў названыя па-беларуску: «Калінка», «Сьвітанак», «Асобіна» «Лепшы», «Слодыч» і «Блакіт». А таксама 4 прадпрыемствы грамадзкага харчаваньня — пякарня «Лепшы хлеб», кавярня «Заўжды ціКава», «Камароўскія ласункі» і «Пан Жыта». На сайце гандлёвага цэнтру шмат абвестак на замежных мовах лацінкай, кшталту «Black Friday», «Happy Days».

Большасьць шыльдаў і назваў гандлёвых пунктаў у беларускіх гандлёвых цэнтрах пададзеныя лацінкай
Большасьць шыльдаў і назваў гандлёвых пунктаў у беларускіх гандлёвых цэнтрах пададзеныя лацінкай

Вялікія грошы

Экспэртка ў галіне рэклямных камунікацый Кіра (імя зьмененае ў мэтах бясьпекі. — РС) у размове са Свабодай кажа, што пакуль незразумела, як гэта новаўвядзеньне адаб’ецца на тых, хто даўно працуе і мае гандлёвыя маркі на замежных мовах. Суразмоўца жартуе, што гэта ўсё выглядае як параўнальна «сумленны» спосаб адыманьня грошай у насельніцтва.

«Гэта азначае, што неабходная перарэгістрацыя таварных знакаў. Напрыклад, Сonte, каб не зьмяняць усё, што ёсьць, будзе падаваць на перарэгістрацыю і стане пісацца „Контэ“? Калі я правільна разумею, гэта тычыцца прысутнасьці брэнду на беларускім рынку — як ён выглядае ў крамах, на вонкавай рэкляме. Вядома, гэта робіцца ня дзеля беларускай культуры. І гэта вельмі сьмешна. Бо, з аднаго боку, мы ўсе назвы вуліц, схему мэтро перакладаем на расейскую мову, а не на беларускую. З вуліцы ж нічога ня возьмеш, а вось з брэнду можна! Таму мы зараз усё перапішам з лацініцы на кірыліцу, і за гэта будуць узятыя вялікія грошы — за перарэгістрацыю, за зьмену ўсіх шыльдаў», — кажа рэклямістка.

Па яе словах, ад перайменаваньняў выйграюць найперш агенцтвы і апэратары, якія будуць мяняць шыльды. Гэта вельмі дарагі, вельмі нудны і не патрэбны бізнэсам працэс, перакананая Кіра.

«Як я разумею, гэта зноў гульні з падаткамі і зборамі за выкарыстаньне іншаземных моў у рэкляме. А прыкрываюцца разьвіцьцём беларускай культуры. Якая беларуская культура? Паглядзіце на рэпэртуар — што ідзе ў кіно, у тэатрах, якія выставы праходзяць у музэях. Гэта што — падтрымка беларускай культуры? Праўда? Ну вядома, а давайце пачнем з рэклямы», — іранізуе рэклямістка.

«Нельга дыктаваць, як павінны называцца брэнды»

Калі ствараліся беларускія брэнды, кшталту таго ж Сonte, Belwest, Mark Formelle, была арыентацыя на экспарт. Многія якасныя беларускія тавары вядомыя і пазнавальныя ва ўсім сьвеце, мяркуе спэцыялістка ў рэклямных камунікацыях.

«Калі гаворка ідзе аб экспартных справах, мне здаецца, што нельга дыктаваць, як новыя ці існыя брэнды павінны называцца, каб быць пасьпяховымі на замежных рынках. Гэта абсурд. Беларусь уводзіць „бязьвіз“, гэта азначае курс на тое, што мы адкрытая краіна, якая вітае гасьцей, запрашае іншаземцаў. Як яны будуць разьбіраць нашу кірыліцу? Наадварот, трэба, каб асяродзьдзе было адкрытае і зразумелае», — перакананая адмыслоўца ў рэклямных камунікацыях.

Юрыст і праваабаронца Ігар Случак, які шмат гадоў займаецца абаронай правоў беларускай мовы ў публічнай прасторы перакананы, што прынятая МАРГ Канцэпцыя ніяк не паўплывае на разьвіцьцё беларускай культуры.

«У нармальных краінах сфэра рэклямы і паслуг рэгулюецца такім чынам, што назвы павінны запісвацца па нормах мовы. Возьмем тое ж самае Сonte. Калі нават перапісаць назву кірыліцай „Контэ“, гэта ня вырашыць праблемы пашырэньня ні расейскай, ні беларускай мовы, гэта будзе проста набор літар.

А прымушаць брэнды прыдумляць новыя назвы — я не ўяўляю, як такое ў прынцыпе магчыма рэалізаваць. Таму што гэта брэнд, гэта таварны знак. Магчыма, трэба пісаць суправаджальную інфармацыю па-беларуску. Максымум гэта будзе кірылізацыя лацінскіх шрыфтоў, а гэта таксама ніяк не паўплывае на пашырэньне культуры», — кажа Ігар Случак.

Ігар Случак
Ігар Случак

Юрыст дадае, што рэгістар юрыдычных асоб — гэта вялізны сьпіс з больш як 30 тысяч пазыцый. І перарэгістрацыя — вельмі складаны працэс, да таго ж нятанны.

«Гэта будзе вялікая мышыная валтузьня ў перайменаваньні.

Чыноўнікам трэба неяк паказваць сваю працу, і яны падалі такі дзіўны дакумэнт. Але я ўпэўнены, што гэты прававы акт ня будзе працаваць. Хутчэй, гэта такі ідэалягічны крок, каб паказаць імітацыю бурнай дзейнасьці. Мова, шыльды ва ўсіх на вачах. Замест таго, каб павышаць якасьць беларускіх тавараў, канкурэнтаздольнасьць, прасьцей заняцца заменай шыльдаў. Гэта вельмі дорага і для дзяржавы, і для прыватных вытворцаў», — мяркуе экспэрт.

На яго думку, ініцыятыва барацьбы зь іншамоўнымі словамі і выкарыстаньнем лацінскіх літар выглядае цемрашальскай.

«Зараз ідзе такі наратыў, што лацінскі альфабэт — гэта заходняя каштоўнасьць, якая для Беларусі непрымальная. Гэта ідэалягічная пастанова, якая будзе вельмі цяжка рэалізоўвацца. А як прымусіць сусьветна вядомыя брэнды перапісваць свае назвы кірыліцай? Я не ўяўляю, як Samsung ці Coca Cola будуць пісацца кірыліцай: „Самсунг“, „Кока Кола“? Гэта сымптомны паказьнік тых неадэкватных працэсаў, якія цяпер ідуць у Беларусі. Замест таго, каб павышаць якасьць і культуру па-сапраўднаму, ідзе барацьба на паперы зь ветракамі», — перакананы юрыст, праваабаронца Ігар Случак.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG