Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Азэрбайджан зьбірае доказы для падрыхтоўкі пазову ў міжнародны суд у сувязі з крушэньнем самалёта ў Актаў, — СМІ


Самалёт кампаніі Azerbaijan Airlines, які пацярпеў крушэньне 25 сьнежня 2024 году паблізу Актаў (Казахстан)
Самалёт кампаніі Azerbaijan Airlines, які пацярпеў крушэньне 25 сьнежня 2024 году паблізу Актаў (Казахстан)

Азэрбайджан праводзіць падрыхтоўчыя работы для звароту ў міжнародны суд у сувязі з крушэньнем самалёта AzAl, які ляцеў у Грозны, паведаміла 6 лютага адно з найбуйнейшых азэрбайджанскіх агенцтваў APA, якое зьвязваюць з азэрбайджанскімі ўладамі.

У матэрыяле гаворыцца, што пасьля публікацыі папярэдняй справаздачы Міністэрства транспарту Казахстану аб крушэньні самалёта «Азэрбайджанскіх авіяліній» расейскі бок «працягвае перадузята камэнтаваць здарэньне».

Паводле справаздачы, агляд выявіў шматлікія прабоіны і пашкоджаньні ў розных частках самалёта, якія ўзьніклі «ў выніку ўзьдзеяньня староньніх аб’ектаў», пры гэтым прыкметаў сутыкненьня з птушкамі ня выяўлена.

«Нягледзячы на гэтыя факты, расейскія афіцыйныя асобы, экспэрты і СМІ «працягваюць адмаўляць сваё дачыненьне да інцыдэнту і спрабуюць ускласьці віну на экіпаж. Падобная тактыка нагадвае сытуацыю з малайзійскім Boeing 777, зьбітым у 2014 годзе над Данбасам, за што Масква да гэтага часу не прызнала адказнасьці», — гаворыцца ў публікацыі.

Паводле зьвестак агенцтва, агонь па самалёце быў адкрыты з тэрыторыі вайсковай часткі ў пасёлку Ханкала (частка Грознага). У публікацыі адзначаецца, што азэрбайджанскія ўлады маюць зьвесткі пра асобаў, якія аддалі загад і адкрылі агонь, а таксама пра тып зброі, таму спробы Расеі «накіраваць расьсьледаваньне ў іншае рэчышча і ўскласьці віну на экіпаж», нягледзячы на наяўнасьць усіх гэтых фактаў і доказаў, «выклікаюць глыбокае шкадаваньне», гаворыцца ў публікацыі.

«Азэрбайджан дакладна акрэсьліў свае ўмовы і патрабаваньні, якія былі агучаныя на вышэйшым узроўні. Як ужо адзначалася, у распараджэньні Азэрбайджану знаходзяцца фрагмэнты ракеты „Pantsir-S“, якою быў зьбіты самалёт. Фармуецца доказная база, зьбіраюцца факты і доказы, вядзецца падрыхтоўка да звароту ў міжнародны суд.

Аднак дзьверы для дыялёгу з Расеяй адкрытыя. Масква павінна адкрыта прызнаць сваю віну і ўзяць на сябе адказнасьць. У адваротным выпадку Баку гатовы да далейшых крокаў», — гаворыцца ў публікацыі.

  • Самалёт «Азэрбайджанскіх авіяліній» 25 сьнежня 2024 году выконваў рэйс з Баку ў Грозны. На борце былі 67 чалавек. 38 зь іх, у тым ліку трое чальцоў экіпажу, загінулі ў выніку крушэньня пад Актаў. Расьсьледаваньне працягваецца, але асноўнай вэрсіяй авіякатастрофы называюць пашкоджаньне фюзэляжа паражальнымі элемэнтамі зэнітнай ракеты ў небе над Грозным.
  • Прэзыдэнт Азэрбайджану Ільхам Аліеў заявіў, што Баку ня лічыць пашкоджаньне лайнэра наўмысным, але адказнасьць за катастрофу «ляжыць на прадстаўніках Расейскай Фэдэрацыі». Аліеў запатрабаваў ад Расеі прызнаць віну і пакараць вінаватых.
  • Прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін выбачыўся за катастрофу азэрбайджанскага самалёта, але адказнасьці за яе не прызнаў.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG