«Першапачатковы агляд фрагмэнтаў, якія захаваліся, выявіў мноства скразных і нескразных пашкоджаньняў рознай велічыні і формы ў хваставой частцы фюзэляжа, кіля і стабілізатара, рулёў вышыні і напрамку», — гаворыцца ў 53-старонкавым дакумэнце, які апублікавала ў сваім тэлеграм-канале інфармацыйнае агенцтва Tengrinews.kz.
Падобныя пашкоджаньні былі знойдзеныя на левым рухавіку і левым крыле, а таксама на агрэгатах і кампанэнтах паветранага судна. У некаторых месцах пашкоджаньні маюць прастакутную форму, гаворыцца ў справаздачы.
З дакумэнта вынікае, што самалёт атрымаў скразныя пашкоджаньні «да сутыкненьня зь зямной паверхняй», і яны, верагодна, былі выкліканыя «староньнімі аб'ектамі». У справаздачы публікуюцца фота «староньніх прадметаў», якія спэцыялісты дасталі з розных сыстэмаў самалёта.
«Для вызначэньня характару і паходжаньня скразных пашкоджаньняў, выкліканых староньнімі аб’ектамі, будуць праведзеныя адпаведныя дасьледаваньні і экспэртызы», — гаворыцца ў дакумэнце.
У справаздачы зафіксавана, што два ўдары па самалёце адбыліся ў 05:13 раніцы з розьніцай у некалькі сэкундаў, што актывавала сыгналізацыю адключэньня аўтапілёта, а ціск і ўзровень вадкасьці ў адной з гідраўлічных сыстэм упалі да нуля. У той час самалёт знаходзіўся ў небе над Грозным і зьбіраўся заходзіць на пасадку, але не атрымаў дазволу ад дыспэтчараў.
Прыводзяцца перамовы экіпажу самалёта з вышкай у Грозным, зь якіх вынікае, што пілёты падумалі, што два ўдары — гэта было сутыкненьне з птушкамі. Падчас перамоваў экіпаж паведаміў, што губляе кіраваньне, і запытаў надвор’е ў Мінэральных Водах, потым у Махачкале, пасьля чаго вырашыў вярнуцца ў Баку.
Пасьля перамоваў з вышкамі Грознага і Растова ў 05:42 прымаецца рашэньне ляцець у Актаў з прычыны спрыяльнага надворʼя. Праз 20 хвілін экіпаж зьвязваецца з вышкай аэрапорту Актаў, запрошвае аварыйную пасадку і ўпершыню перадае міжнародны сыгнал бедзтва. Яшчэ прыкладна праз 20 хвілін экіпаж пачаў выпускаць шасі, а ў 06:27:58 «было зафіксавана сутыкненьне самалёта зь зямлёй з нахілам направа 35 градусаў», гаворыцца ў справаздачы. Пасьля сутыкненьня зь зямной паверхняй самалёт распаўся на некалькі частак.
У дакумэнце ўдакладняецца, што расьсьледаваньне, праведзенае ў рамках гэтай справаздачы, не прадугледжвае ўстанаўленьня чыёй-небудзь віны або адказнасьці, прадстаўленая інфармацыя папярэдняя і можа быць удакладненая і дапоўненая па выніках дасьледаваньняў і вывучэньня ўсіх матэрыялаў. Пасьля заканчэньня работ падрыхтуюць канчатковую справаздачу па выніках расьсьледаваньня авіякатастрофы.
Дапаўняецца
- Самалёт «Азэрбайджанскіх авіяліній» 25 сьнежня 2024 году выконваў рэйс з Баку ў Грозны. На борце былі 67 чалавек. 38 зь іх, у тым ліку трое чальцоў экіпажа, загінулі ў выніку крушэньня пад Актаў. Расьсьледаваньне працягваецца, але асноўнай вэрсіяй авіякатастрофы называюць пашкоджаньне фюзэляжа паражальнымі элемэнтамі зэнітнай ракеты ў небе над Грозным.
- Прэзыдэнт Азэрбайджану Ільхам Аліеў заявіў, што Баку ня лічыць пашкоджаньне лайнэра наўмысным, але адказнасьць за катастрофу «ляжыць на прадстаўніках Расейскай Фэдэрацыі». Аліеў запатрабаваў ад Расеі прызнаць віну і пакараць вінаватых.
- Прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін выбачыўся за катастрофу азэрбайджанскага самалёта, але адказнасьці за яе не прызнаў.
Форум