Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ва Ўкраіне суд прызнаў, што страта ўкраінскім бізнэсоўцам нацыяналізаванага ў Беларусі заводу — вынік агрэсіі Расеі


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Суд пастанавіў, што Расея павінна кампэнсаваць украінскаму прадпрыемству страты і выдаткі на судовы працэс.

Гаспадарчы суд Кіева цалкам задаволіў пазоў супраць Расеі ўкраінскай кампаніі «ПлазмаТек». Яна валодала Сьветлагорскім заводам зварачных электродаў, які ў Беларусі нацыяналізавалі і перадалі расейскаму прадпрыемству.

Як стала вядома Свабодзе, суд пастанавіў спагнаць з Расейскай Фэдэрацыі ў асобе Міністэрства юстыцыі Расеі 27,322 мільёна даляраў у якасьці кампэнсацыі за страту беларускіх актываў украінскай кампаніі.

Апроч таго, Расея павінна кампэнсаваць выдаткі на судовы працэс, у тым ліку зборы за разгляд у судзе першай інстанцыі, а таксама ў апэляцыйным і касацыйным парадку.

Як стала вядома Свабодзе, украінская кампанія не выстаўляла ніякіх прэтэнзіяў да беларускага боку, які нацыяналізаваў Сьветлагорскі завод зварачных электродаў.

Судовы працэс цягнуўся з пачатку 2024 году, і фактычна на кожным этапе разгляду пазову судзьдзі зьвярталі ўвагу на тое, што наяўнасьць апасяродкаванай сувязі паміж нацыяналізацыяй прадпрыемства ў Беларусі і пачаткам збройнай агрэсіі Расеі «ніякім чынам ня сьведчыць аб магчымасьці ўскласьці адказнасьць на Расею за пазбаўленьне часткі ў статутным капітале Сьветлагорскага заводу зварачных электродаў».

Новае рашэньне суд ухваліў на падставе пастановы Вярхоўнага суду Ўкраіны ў гэтай справе. Вярхоўны суд прызнаў, што «супрацьпраўныя меры, накіраваныя на пазбаўленьне ўласнасьці ўкраінскіх інвэстараў на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь і РФ, зьяўляюцца таксама адным з складнікаў агрэсіі супраць Украіны, яе грамадзян і бізнэсу».

Цяпер на падставе гэтага рашэньня нацыянальнага суду ўкраінская кампанія можа зьвярнуцца ў міжнародны арбітраж, каб спагнаць з Расеі кампэнсацыю за страчаную ўласнасьць.

Што папярэднічала

Сьветлагорскі завод зварачных электродаў пачаў працаваць у 2006 годзе.

У 2020 годзе прадпрыемства адзначылі ўзнагародай «Стабільны посьпех» Нацыянальнага конкурсу «Прадпрымальнік году».

2 сакавіка 2022 году кіраўніцтва кампаніі — уласьніцы беларускага заводу заявіла пра спыненьне яго дзейнасьці ў сувязі з пачаткам расейскага ваеннага ўварваньня з выкарыстаньнем тэрыторыі Беларусі і адклікала ўсіх украінскіх спэцыялістаў на радзіму.

Прадпрыемства не працавала да канца 2022 году, калі Аляксандар Лукашэнка, прызначаючы новага старшыню Сьветлагорскага райвыканкаму, даручыў яму «забраць» прадпрыемства і аднавіць яго дзейнасьць.

«Лічыце, што гэтае прадпрыемства вашае. І па прыезьдзе тэрмінова рэалізуйце гэтае ўказаньне. Не чакайце нейкіх дакумэнтаў. Накіруйце ва ўрад. Яны вам адказ дадуць. Мяркую, пасьля сёньняшняга яны вам да Новага году зьменяць уласьніка», — заявіў Лукашэнка ў сьнежні 2022-га.

Адначасова ён раскрытыкаваў тагачаснага кіраўніка сваёй адміністрацыі, а таксама кіраўніка ўраду за «нястрымную цяганіну і бюракратызм» пры зьмене ўласьнікаў прадпрыемстваў зь іншаземнымі інвэстыцыямі.

Пасьля нацыяналізацыі завод перадалі расейскай кампаніі

Пасьля таго як стала вядома, што ўкраінскі інвэстар зьвярнуўся ў суды Ўкраіны і спрабуе ў судовым парадку атрымаць кампэнсацыю за страту прадпрыемства, улады Беларусі таксама праз суд паспрабавалі спагнаць з украінскай кампаніі даўгі, якія нібыта меў завод.

У жніўні 2024 году Эканамічны суд Гомельскай вобласьці распачаў датычна да ТАА «Сьветлагорскі завод зварачных электродаў» вядзеньне па справе аб банкруцтве. Падставай паслужыў зварот падатковай інспэкцыі па Сьветлагорскім раёне.

Прадстаўніка ўкраінскага прадпрыемства «ПлазмаТек» на судовым пасяджэньні не было.

З вызначэньня суду вядома, што ў дачыненьні да прадпрыемства ёсьць восем выканаўчых вядзеньняў на агульную суму 18,6 мільёна беларускіх рублёў, зь якіх 11 мільёнаў прыпадаюць на плацяжы ў бюджэт. Кошт маёмасьці, якая была на балянсе даўжніка, не называлі.

У той жа час маёмасьць, якая раней належала Сьветлагорскаму заводу зварачных электродаў, працягваюць выкарыстоўваць. У сакавіку 2023 году завод стаў часткай расейскай прамысловай групы ARCUS і атрымаў новую назву — «Амета-Электрод». Акрамя заводу ў Сьветлагорску, у групу ўваходзяць 4 расейскія прадпрыемствы, у тым ліку Магнітагорскі электродны завод, спэцыялісты якога займаліся паўторным запускам вытворчасьці электродаў у Сьветлагорску.

На сайце прамысловай групы ARCUS гаворыцца, што ТАА «Сьветлагорскі завод зварачных электродаў» да моманту яго набыцьця ў 2023 годзе знаходзіўся ў стане банкруцтва. Але, як вынікае з паведамленьня суду, працэс банкруцтва заводу ў Сьветлагорску запусьцілі толькі праз паўтара года.

У выніку расейская кампанія атрымала актывы, але ня стала правапераемнікам абавязаньняў ТАА «Сьветлагорскі завод зварачных электродаў».

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG