Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларусі сёлета рэканструююць чатыры аўтамабільныя дарогі


Ілюстрацыйнае фота.
Ілюстрацыйнае фота.

У рамках Дзяржаўнай інвэстыцыйнай праграмы ў 2025 годзе прадугледжваецца фінансаваньне 82 аб’ектаў, зь іх 40 плянуецца ўвесьці ў эксплюатацыю, паведаміла прэс-служба Аляксандра Лукашэнкі.

Адпаведны ўказ Лукашэнка падпісаў 5 лютага.

За кошт сродкаў праграмы ў 2025 годзе будуць будавацца і рэканструявацца, сярод іншага, аўтамабільныя дарогі М10 (Гомель — Кобрын), М3 (Менск — Віцебск), Р46 (Лепель — Полацак), Р53 (Слабада — Навасады) і масты цераз рэкі Прыпяць (у Мазыры) і Сож (на аўтадарозе Р30 Гомель — Ветка — Чэрыкаў).

Да падзеяў 2020 году аўтадарогі ў Беларусі будаваліся і рэканструяваліся ў значнай ступені з дапамогай сродкаў Эўрапейскага Зьвязу ў рамках праграмы «Ўсходняе партнэрства».

У 2021 годзе тагачасны аналітык Цэнтру эўрапейскай трансфармацыі Андрэй Ягораў тлумачыў у інтэрвію Радыё Свабода, што ў рамках «Ўсходняга партнэрства» існавалі праграмы з уключэньнем дарог Беларусі ў сыстэму ключавых транспартных артэрыяў Эўразьвязу, так званыя TEN-T. Там Беларусь атрымлівала інвэстыцыйныя праекты, рэалізоўваць якія дапамагаў Эўрапейскі банк рэканструкцыі і разьвіцьця або іншыя фінансавыя інстытуты. За гэтыя грошы, напрыклад, аднаўлялася дарога М7. (Праект на суму 110 млн эўра ад Эўрапейскага інвэстыцыйнага банку быў прыпынены ўвесну 2021-га ў сувязі з палітычным крызісам у Беларусі. — РС).

ЭБРР выдзяляў грошы на рэканструкцыю 12 мастоў. У інфраструктуру дарог зьбіраліся інвэставаць больш за 250 мільёнаў даляраў. Калі браць сродкі, якія выдзяляліся Эўрапейскім інвэстыцыйным банкам і ЭБРР, то сума даходзіла б да 500 мільёнаў на год.

Што такое «Ўсходняе партнэрства»

  • «Усходняе партнэрства» — праект ЭЗ, які мае на мэце разьвіцьцё інтэграцыйных сувязяў з постсавецкімі краінамі: Азэрбайджанам, Армэніяй, Беларусьсю, Грузіяй, Малдовай і Ўкраінай.
  • Беларускія ўлады прыпынілі ўдзел ва «Ўсходнім партнэрстве» ў чэрвені 2021 году ў адказ на новыя заходнія санкцыі, уведзеныя пасьля вымушанай пасадкі ў Менску самалёта ірляндзкай авіякампаніі Ryanair, які ляцеў з Атэнаў у Вільню, і арышту на той момант апазыцыйнага блогера Рамана Пратасевіча і ягонай партнэркі, грамадзянкі Расеі Соф’і Сапегі.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG