Суд Заводзкага раёну Менску прызнаў «экстрэмісцкімі» матэрыяламі альбом «БНР-100: сьвяткаваньне 100-гадовага юбілею ў Беларусі і ў замежжы» і кнігу «НКВД забіваў у Курапатах...», вынікае з абноўленага сьпісу «экстрэмісцкіх» матэрыялаў на сайце Мінінфарму.
Кніга «БНР-100: сьвяткаваньне 100-гадовага юбілею ў Беларусі і ў замежжы» была выдадзеная ў 2019 годзе выдавецтвам Інбелкульт. У выданьні сабраныя публікацыі пра тое, як беларусы сьвету адзначалі 100-годзьдзе незалежнасьці БНР, слаўны юбілей сваёй дзяржаўнасьці. У ім, сярод іншага, скарыстаныя публікацыі Радыё Свабода і іншых недзяржаўных СМІ, прызнаных у Беларусі «экстрэмісцкімі».
«НКВД забiваў у Курапатах...» — кніга журналіста Марата Гаравога, якая складаецца з 17 тэматычных нарысаў пра трагедыю ў Курапатах, пра драматычныя лёсы ахвяраў і катаў. Таксама ў кнізе больш за 100 унікальных фатаздымкаў і малюнкаў.
Акрамя таго, у «экстрэмісцкі» сьпіс дадалі нумар часопіса «Абажур» за 2018 год — «Абажур» № 3 (124), які да 2020 году выдавала «Беларуская асацыяцыя журналістаў» — найбуйнейшае няўрадавае дэмакратычнае аб’яднаньне прадстаўнікоў беларускіх СМІ, зьліквідаванае Вярхоўным судом Беларусі ў жніўні 2021 году на падставе пазову Міністэрства юстыцыі.
Таксама ў сьпіс «экстрэмісцкіх матэрыялаў» дадалі:
- Старонкі ў Facebook журналіста Свабоды Дзьмітрыя Гурневіча «Dżmitry Hurniević» і «Белорусы Страсбурга»;
- Telegram-каналы і чаты «Приобрети ячмень в глазу», «Беларусы Анталии», «Гномоборея�»;
- Старонкі ў Інстаграме «vyraj.рl», «belarusfreetheatre», «stachkombelaruskalii», «chajkouskaya»;
- TikTok-старонкі «andronchik8», «bezumniibelarus», «belnel», «politzaklyhenibelarus».
Рэспубліканскі сьпіс экстрэмісцкіх матэрыялаў вядзе Міністэрства інфармацыі Беларусі. На дадзены момант у сьпісе на 1469 старонках пералічаны тысячы «экстрэмісцкіх матэрыялаў», за выкарыстаньне якіх прадугледжаная адказнасьць. У сьпісе — сайты, тэлеграм-каналы, акаўнты, старонкі ў сацыяльных сетках, відэаролікі і артыкулы ў інтэрнэце, маркі, значкі, CD-дыскі, а таксама кнігі, у тым ліку мастацкія.
У 2024 годзе сьпіс такіх забароненых у Беларусі кніг папоўнілі аповесьці Віктара Суворава «Ледакол» і «Дзень „М“», «Выбраныя творы» Вацлава Ластоўскага, прадмова Язэпа Янушкевіча да твораў Вінцэнта Дунін-Марцінкевіча, «Выбраныя творы» Алеся Петрашкевіча, друкаванае выданьне «Вызваленьне», а таксама кніга Віктара Ляхара «Военная символика белорусов. Знамена и мундиры». У мінулыя гады экстрэмісцкімі былі прызнаныя некаторыя творы Ўладзімера Арлова, Альгерда Бахарэвіча, Уладзімера Някляева, іншых беларускіх літаратараў, а таксама кніга «Адысея капiтана БНР» гомельскага журналіста Анатоля Гатоўчыца.
Як рэжым Лукашэнкі выкарыстоўвае ярлык «экстрэмізму», каб душыць свабоду слова і змагацца з палітычнымі апанэнтамі
Пасьля сфальшаваных прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году і сілавога здушэньня агульнанацыянальных пратэстаў аўтарытарны рэжым Аляксандра Лукашэнкі пачаў сыстэматычна выкарыстоўваць антыэкстрэмісцкае заканадаўства для барацьбы з іншадумствам, ліквідацыі незалежных мэдыя і перасьледу палітычных апанэнтаў.
Улады заблякавалі сайты незалежных мэдыя і спынілі публікацыю непадкантрольных друкаваных выданьняў, пазбавілі акрэдытацыі журналістаў іншаземных мэдыя і разграмілі офісы самых уплывовых СМІ. Сотні беларускіх рэпартэраў прайшлі праз арышты, дзясяткі застаюцца ў турмах. Усе незалежныя мэдыя, якія асьвятляюць грамадзка-палітычны парадак дня ў Беларусі, цяпер працуюць выключна з-за мяжы.
Ад 2021 году ўлады пачалі масава абвяшчаць вэб-сайты і асобныя ўліковыя запісы ў сацыяльных сетках незалежных мэдыя, палітычных і грамадзкіх арганізацый, ініцыятыў і проста блогераў «экстрэмісцкімі матэрыяламі», а іх аўтараў «экстрэмісцкімі фармаваньнямі» — часта без судовага разгляду.
Рэспубліканскі сьпіс экстрэмісцкіх матэрыялаў вядзе Міністэрства інфармацыі Беларусі. На дадзены момант у сьпісе на 1469 старонках пералічаны тысячы «экстрэмісцкіх матэрыялаў», за выкарыстаньне якіх прадугледжаная адказнасьць. У сьпісе — сайты, тэлеграм-каналы, акаўнты, старонкі ў сацыяльных сетках, відэаролікі і артыкулы ў інтэрнэце, маркі, значкі, CD-дыскі, а таксама кнігі, у тым ліку мастацкія.
На канец 2024 году больш за 6500 онлайн-рэсурсаў былі забароненыя такім чынам. За любое ангажаваньне з уключанымі ў экстрэмісцкі сьпіс рэсурсамі — ці гэта «падабайка», ці камэнтар, ці падпіска на канал — у Беларусі пагражае крымінальная адказнасьць. Удзел у «экстрэмісцкім фармаваньні» можа карацца турэмным зьняволеньнем да 10 гадоў.
Ужо тысячы беларусаў прайшлі праз штрафы, арышты і турэмнае зьняволеньне за «экстрэмізм».
Паводле ацэнкі Ўпраўленьня Вярхоўнага камісара ААН у правах чалавека, улады Беларусі «выкарыстоўваюць ярлык „экстрэмізм“ для падаўленьня іншадумства, адвольна клясыфікуючы дзеяньні, апісаныя як распаўсюд ілжывай інфармацыі, абразу службовых асобаў, дыскрэдытацыю інстытутаў, арганізацыю масавых беспарадкаў, заклікі да санкцый і распальваньне сацыяльнай варожасьці, як „экстрэмісцкія“, якія падлягаюць крымінальнаму перасьледу».
Форум