Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Акадэмія навук распрацавала інструкцыю, як абыходзіцца з «экстрэмісцкай літаратурай»


Акадэмія навук. Менск.
Акадэмія навук. Менск.

Адміністрацыя  Акадэміі навук распрацавала, а Бюро прэзыдыюму НАН увяло ў дзеяньне «Інструкцыю аб парадку канфіскацыі інфармацыйнай прадукцыі, прызнанай экстрэмісцкімі матэрыяламі, зь бібліятэчных фондаў бібліятэк НАН Беларусі і падпарадкаваных ёй арганізацый».

Дакумэнт пад такой назвай трапіў да BELPOL. Паводле пастановы, інструкцыя складзена на даручэньне Міністэрства культуры Беларусі.

Інструкцыя апісвае парадак таго, як кнігі з «рэспубліканскага сьпісу экстрэмісцкіх матэрыялаў» будуць вымацца з фондаў бібліятэк НАН і падпарадкаваных ёй арганізацый. Каардынаваць гэтую дзейнасьць будзе Аддзяленьне гуманітарных навук і мастацтва Нацыянальнай акадэміі навук, а пэрсанальная адказнасьць за нясвоечасовае выяўленьне і выключэньне зь бібліятэчных фондаў «экстрэмісцкай літаратуры» ўскладаецца на кіраўнікоў бібліятэк, якія мусяць «сваім загадам прызначыць зь ліку членаў фондавай камісіі адказную асобу за зьверку бібліятэчных фондаў». Праверкі фондаў павінны праводзіцца не радзей як раз на тыдзень.

Пры выяўленьні «экстрэмісцкіх матэрыялаў» адказная асоба абавязаная арганізаваць неадкладнае выманьне забароненай літаратуры з фондаў з абавязковым выключэньнем бібліяграфічных дадзеных з даведачна-бібліяграфічнага апарату і інфармацыйных рэсурсаў бібліятэкі.

Назапашвацца экстрэмісцкая літаратура будзе ў Цэнтральнай навуковай бібліятэцы імя Я. Коласа НАН Беларусі, дзе «павінна быць выдзеленае асобнае памяшканьне для часовага захоўваньня экстрэмісцкіх дакумэнтаў». Паводле інструкцыі, гэтак будзе адбывацца да моманту, пакуль «на заканадаўчым узроўні ня будзе ўстаноўлены парадак зьнішчэньня экстрэмісцкіх матэрыялаў».

Рэспубліканскі сьпіс экстрэмісцкіх матэрыялаў вядзе Міністэрства інфармацыі Беларусі. На дадзены момант у сьпісе на 1153 старонках пералічана больш за 3 тысячы экстрэмісцкіх матэрыялаў, за выкарыстаньне якіх прадугледжаная адказнасьць. Гэта ў асноўным акаўнты, старонкі ў сацыяльных сетках, відэаролікі і артыкулы ў інтэрнэце, але ёсьць у сьпісе і некалькі дзясяткаў кніг, у тым ліку мастацкіх. У 2024 годзе сьпіс такіх забароненых у Беларусі кніг папоўнілі аповесьці Віктара Суворава «Ледакол» і «Дзень „М“», «Выбраныя творы» Вацлава Ластоўскага, прадмова Язэпа Янушкевіча да твораў Вінцэнта Дунін-Марцінкевіча, «Выбраныя творы» Алеся Петрашкевіча, друкаванае выданьне «Вызваленьне», а таксама кніга Віктара Ляхара «Военная символика белорусов. Знамена и мундиры». У мінулыя гады экстрэмісцкімі былі прызнаныя некаторыя творы Ўладзімера Арлова, Альгерда Бахарэвіча, Уладзімера Някляева, іншых беларускіх літаратараў.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG