Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Дэмакратычнай Рэспубліцы Конга на захопленай паўстанцамі базе заўважылі беларускія бесьпілётнікі


Адзін зь бесьпілётнікаў, захопленых паўстанцамі, нельга адрозьніць ад дрона беларускай вытворчасьці
Адзін зь бесьпілётнікаў, захопленых паўстанцамі, нельга адрозьніць ад дрона беларускай вытворчасьці

У афрыканскай краіне паўстанцы захапілі бесьпілётнікі. Высьветлілася, што яны беларускай вытворчасьці.

30 студзеня Руандыйская агенцыя вяшчаньня апублікавала фота захопленай паўстанцамі з групоўкі М23 у аэрапорце Гомы (найбуйнейшы горад на ўсходзе Дэмакратычнай Рэспублікі Конга) вайсковай тэхнікі, у тым ліку ўпакаваных у драўляныя скрыні новых БПЛА. Яны неадрозныя ад бесьпілётнага лятальнага апарата «Беркут-ВМ» беларускай вытворчасьці, заўважыла выданьне Reform.

На фота відаць, што ўнутры адной са скрыняў знаходзіцца бесьпілётнік з рэактыўным рухавіком. Крылы здымаюцца і спакаваныя асобна. На дне ляжыць кніжачка з надпісам на расейскай мове «Этыкетка» і подпісам. Усяго ў ангары можна заўважыць каля 20 зялёных скрыняў з новымі БПЛА.

На захопленай паўстанцамі базе
На захопленай паўстанцамі базе

Аналягічны апарат паказаў тэлеканал Мінабароны Беларусі ў траўні 2020 году. Выраб шмат разоў дэманстравалі публічна, на выставах, у тым ліку прэзэнтавалі Аляксандру Лукашэнку.

«Беркут-ВМ» — беларускі бесьпілётнік, распрацаваны канструктарскім бюро «Індэла». Першапачаткова гэта была паветраная мішэнь, здольная імітаваць крылатую ракету і транспартны самалёт.

Раней у СМІ была інфармацыя аб пастаўках бесьпілётніка ў Анголу ў лютым 2019 году.

Што адбываецца ў ДРК?

У панядзелак, 27 студзеня, паўстанцкая групоўка «Рух 23 сакавіка» (M23), якая прадстаўляе інтарэсы этнічнай меншасьці тутсі, пры падтрымцы вайскоўцаў з суседняй Руанды ўстанавіла кантроль над Гомай, найбуйнейшым горадам на ўсходзе ДРК. Быў захоплены мясцовы аэрапорт, дзе захоўвалася вайсковая тэхніка.

Дэмакратычная Рэспубліка Конга (колішні Заір) знаходзіцца ў стане ўзброенага канфлікту ўжо больш за 30 гадоў, з часоў генацыду ў Руандзе ў 1994 годзе. «Рух 23 сакавіка» называюць яшчэ «Кангалескай рэвалюцыйнай арміяй». Назву рух мае ў гонар 23 сакавіка 2009 году, калі паўстанцкі «Нацыянальны кангрэс у абарону людзей» (CNDP) падпісаў мірнае пагадненьне з урадам ДРК. Той дакумэнт уключаў пункты аб вызваленьні палітвязьняў, ператварэньне CNDP зь мілітарнага руху ў палітычную партыю, рэінтэграцыю ўцекачоў і прыём сяброў CNDP ва ўрадавыя інстытуцыі і войска ДРК.

Аднак пагадненьне выклікала незадаволенасьць мясцовага насельніцтва, якое вінаваціла паўстанцаў у ваенных злачынствах. Рэальны матыў далучэньня шэрагу паўстанцаў да ўрадавых войскаў праваабаронцы расцанілі як імкненьне кантраляваць пастаўкі мінэралаў. M23 узьнік у 2012 годзе і спачатку налічваў у сваіх шэрагах 300 жаўнераў. Рух абвінаваціў урад ДРК у няздольнасьці выканаць умовы пагадненьня сакавіка 2009 году, раскрытыкаваў умовы ва ўрадавым войску і абвясьціў далейшае супрацьстаяньне ўраду краіны. Кіраўнік мілітарнага крыла арганізацыі — палкоўнік Султані Макенга — знаходзіцца пад санкцыямі ЗША за злачынствы супраць цывільных асобаў.

Суседняя Руанда, дзе самых тутсі перасьледавалі хуту, што прывяло да генацыду і бежанства ў 1994 годзе, падтрымлівала М23. Аднак у 2013 годзе пасьля паразаў на полі бою і крытыкі ААН краіна прыпыніла падтрымку паўстанцаў. Аднак празь нейкі час, як паказвалі справаздачы праваабаронцаў, афіцыйны Кігалі аднавіў сваё спрыяньне паўстанцам.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG