Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Посьпехі там, дзе не было Лукашэнкі. Як Беларусь гандлюе з Афрыкай


Аляксандар Лукашэнка (у цэнтры), каляж
Аляксандар Лукашэнка (у цэнтры), каляж

Лукашэнка на працягу 2023 году наведаў адразу тры афрыканскія краіны — Зымбабвэ, Экватарыяльную Гвінэю і Кенію. Ніколі раней ён так часта не бываў у гэтай частцы сьвету.

«І мы зноў у Афрыцы. Паглядзіце, як сустракаюць Лукашэнку ў Экватарыяльнай Гвінэі і Кеніі. Як правадыра свабоднага племені. Як лідэра, які нясе выратаваньне. Так, мы ідзём з трактарам, лякарняй і школай. А яшчэ Лукашэнка ідзе зь весткай: канцлягер абавязкова будзе разбураны», — так ахарактарызаваў нядаўні ваяж Лукашэнкі прапагандыст Рыгор Азаронак.

Таваразварот Беларусі з усімі краінамі Афрыкі ў 2021 годзе склаў 580 мільёнаў даляраў. Адзіны раз таваразварот набліжаўся да 1 мільярду даляраў толькі ў 2015 годзе. Экспарт Беларусі ў краіны Афрыкі складае крыху болей за 1% ад агульнай колькасьці.

Для параўнаньня, таваразварот Беларусі зь Літвой у 2021 годзе складаў больш за 1,5 мільярда даляраў.

Лукашэнка ў сталіцы Экватарыяльнай Гвінэі Малабэ, сьнежань 2023 году
Лукашэнка ў сталіцы Экватарыяльнай Гвінэі Малабэ, сьнежань 2023 году

Для Лукашэнкі гэта ўжо ня першая спроба заваяваць афрыканскі кантынэнт: яшчэ да 2020 году ён рабіў паездкі ў Эгіпет і Судан, на нейкі час гэта давала вынік, але потым супрацоўніцтва ішло на спад. Цяпер стаўка зробленая на Зымбабвэ.

У той жа час галоўнымі эканамічнымі партнэрамі зьяўляюцца краіны, зь якімі не вядзецца актыўнага палітычнага супрацоўніцтва: Марока, Ангола, Уганда і Кот-д’Івуар.

Уплывовымі асобамі ў працы Беларусі ў Афрыцы зьяўляюцца былы памочнік Лукашэнкі ў асабліва важных даручэньнях Віктар Шэйман і бізнэсовец Аляксандар Зінгман.

Свабода паглядзела, як разьвіваліся адносіны Беларусі з рознымі краінамі Афрыкі (краіны разьмешчаныя ў альфабэтным парадку).

Альжыр: татальнае падзеньне пасьля 2020 году

Яшчэ ў 2006 годзе Аляксандар Лукашэнка сустрэўся ў Гаване на саміце Руху недалучэньня з прэзыдэнтам Альжыру Абдэлязізам Бутафлікам. «Я б прапанаваў сустрэцца на высокім узроўні, вылучыць 3-4 кірункі і па іх працаваць», — сказаў тады Лукашэнка.

У Альжыры нават спрабавалі стварыць вытворчасьць беларускіх трактароў. У 2018 годзе ў Менск прылятаў міністар замежных спраў гэтай краіны Абдэлькадэр Мэсахэль. Падчас сустрэчы зь ім Лукашэнка гаварыў, што ўзровень адносін «нельга прызнаць здавальняючым, і ў гэтым ёсьць і наша, і ваша віна».

Да выбараў 2020 году гандаль з Альжырам сапраўды рос. У 2020-м Беларусь прадавала ў Альжыр тавараў на 13 мільёнаў даляраў, а ў 2021 годзе экспарт упаў да 1 мільёну. З Альжыру Беларусь ужо некалькі гадоў не імпартуе нічога.

Ангола: вайсковае супрацоўніцтва?

Лукашэнка ніколі ня быў у Люандзе, прэзыдэнты Анголы таксама ніколі не прыяжджалі ў Менск. Самы высокі візыт адбыўся ў 2017 годзе, калі ў Беларусь прыбыў міністар замежных спраў Анголы Жоржыс Рэбэлу Шыкоці.

«Мы вельмі кепска ведаем Афрыку, але хацелі б працаваць на гэтым пэрспэктыўным кантынэнце», — казаў тады Лукашэнка.

Беларусь і Анголу зьвязваюць даўнія партнэрскія адносіны ў вайсковай сфэры. Яшчэ ў 1993 годзе Беларусь прадала Анголе праз баўгарскую фірму-пасярэдніцу першую партыю ўзбраеньняў. Продажы працягваліся на працягу ўсёй грамадзянскай вайны ў Анголе (да 2002 году), там куплялі старыя танкі, самалёты, артылерыю.

Сустрэча Лукашэнкі зь міністрам замежных справаў Анголы Жоржы Рэбэлу Пінту Шыкоці, чэрвень 2017 году
Сустрэча Лукашэнкі зь міністрам замежных справаў Анголы Жоржы Рэбэлу Пінту Шыкоці, чэрвень 2017 году

У 2019 годзе ангольскія СМІ пісалі, што іх краіна зацікаўленая ў закупе зброі ў Беларусі на суму ў 175 мільёнаў эўра. Пазьней не напісалі, ці купіла афрыканская краіна ў выніку гэтую зброю.

Апошнія гады гандаль між Беларусьсю і Анголай нязьменна скарачаўся. У 2020 годзе экспарт Беларусі ўпаў да 14 мільёнаў. А вось у 2021 годзе зьнянацку вырас да 88 мільёнаў, адразу на 633%. Такім чынам Ангола стала другім пасьля Марока гандлёвым партнэрам Беларусі ў Афрыцы.

У свой час Беларусь таксама актыўна прадавала ўзбраеньні ў Сьера-Леонэ, Буркіна-Фаса, Самалі і іншыя краіны. Пры гэтым адзначым, што гандаль зброяй, як і некаторымі іншымі таварамі (каштоўнымі камянямі, тытунём, авіятэхнікай) не ідзе ў агульную статыстыку таваразвароту.

Гана: то пад’ёмы, то падзеньні

Паводле ўсіх рэйтынгаў, Гана мае большы за беларускі ВВП. У пэрыяд з 2010-га па 2013 год Гану штогод наведваў памочнік Лукашэнкі ў асаблівых даручэньнях Віктар Шэйман. Лукашэнка ў Гане ніколі ня быў.

У 2011 годзе Беларусь прадала Гане прадукцыі на 33 мільёны даляраў, у 2014-м — ужо на 1,8 мільёна, у 2020-м — на 14,7 млн, а ў 2021-м — на 3,3 млн. У асноўным у Гану Беларусь прадае калійныя ўгнаеньні.

Інтарэс да здабычы золата ў Гане праяўляў бізнэсовец Аляксандар Зайцаў.

Зымбабвэ: актывізаваліся пасьля зрынаньня Мугабэ

На працягу 30 гадоў (1987–2017) Зымбабвэ кіраваў дыктатар Робэрт Мугабэ. Палітолягі нярэдка параўноўвалі рэжымы Лукашэнкі і Мугабэ, але асабістыя стасункі ў іх ня склаліся.

Адносіны між краінамі актывізаваліся толькі з прыходам да ўлады ў Зымбабвэ Эмэрсана Мнангагвы. У 2015 годзе ён пабываў у Беларусі яшчэ ў якасьці віцэ-прэзыдэнта краіны.

У 2019 Мнангава наведваў Менск ужо як прэзыдэнт Зымбабвэ. «Мы бачым вялікі фронт работы для Беларусі і Зымбабвэ», — сказаў тады Лукашэнка.

У студзені 2023 году Лукашэнка наведаў Зымбабвэ, гэта быў ягоны першы візыт у Афрыку на поўдзень ад экватара.

За адносіны Беларусі і Зымбабвэ адказваюць даўні паплечнік Лукашэнкі Віктар Шэйман, а цяпер ужо і ягоны сын Сяргей. А таксама бізнэсовец Аляксандар Зінгман, які зьяўляецца ганаровым консулам Зымбабвэ ў Беларусі. Зінгман больш за 20 гадоў займаецца продажам беларускай тэхнікі ў Афрыцы. У 2021 годзе яго арыштоўвалі амаль на два тыдні ў Дэмакратычнай Рэспубліцы Конга.

Адкрыцьцё амбасады Беларусі ў Зімбабвэ, ліпень 2022 году
Адкрыцьцё амбасады Беларусі ў Зімбабвэ, ліпень 2022 году

У 2019 годзе экспарт Беларусі ў Зымбабвэ складаў усяго 0,25 мільёна даляраў. А ўжо праз год — 16,4 млн. Падчас візыту Лукашэнку ў Харарэ гаварылася, што Зымбабвэ купіць у Беларусі сельскагаспадарчай тэхнікі на 66 мільёнаў даляраў, але пакуль не вядома, ці ажыцьцявілася гэтая ўгода.

Па стане на 2021 год Зымбабвэ была толькі на дзявятым месцы ў Афрыцы як гандлёвы партнэр Беларусі.

Кенія: сальда стабільна ў мінусе

У 2018 годзе Беларусь закрыла пасольства ў Этыёпіі і адкрыла ў Кеніі. У сьнежні сёлета Лукашэнка зрабіў кароткі візыт у Найробі, меў сустрэчу з прэзыдэнтам краіны Ўільямам Рута. Было прапанавана стварыць дарожную мапу ў супрацоўніцтве між краінамі.

На працягу ўсіх апошніх гадоў Беларусь стабільна больш купляе ў Кеніі, чым прадае. Апошні раз «у плюсе» Беларусь была ў 2014 годзе. Тады ж быў зафіксаваны найбольшы за ўсе гады экспарт — амаль на 14 мільёнаў даляраў.

Цяпер жа экспарт упаў да 3-5 мільёнаў даляраў. А вось імпарт з Кеніі вырас. У 2018 годзе, напрыклад, ён складаў 46 мільёнаў. Беларусь купляе ў Кеніі садавіну, каву, насеньне, кветкі.

Палітычнае і эканамічнае супрацоўніцтва Беларусі і Кеніі цягам апошняга году сапраўды актывізавалася. Былі сустрэчы на ўзроўні міністраў замежных спраў, праводзілі бізнэс-сустрэчы.

Ня так даўно кенійская прэса пісала пра скандал з закупкамі беларускай сельскагаспадарчай тэхнікі.

Кот д’Івуар: шмат купляюць і прадаюць

Інтарэсы Беларусі ў Кот д’Івуары прадстаўляе пасольства Беларусі ў Нігерыі. Лукашэнка не сустракаўся зь івуарыйскімі палітыкамі. У 2010, 2011, 2012 гадах Кот д’Івуар наведваў Віктар Шэйман.

Калі глядзець дынаміку за апошнія дзесяць гадоў, то найменш Беларусь прадала ў 2014 годзе (на 15,8 мільёна даляраў), а найбольш у 2019-м (на 35,8 млн). Калі параўноўваць зь іншымі краінамі Афрыкі, то гэта стабільна высокія вынікі.

І купляе Беларусь у Кот д’Івуары таксама нямала. Максымум быў у 2016 годзе — 55,6 мільёна. У 2021-м Менск закупіўся ў афрыканскай краіне на 33,2 мільёна.

Беларусь прадае Кот д’Івуару калій і мэталапрадукцыю, купляе ж какаву і каўчук.

Марока: нават няма пасла, пры гэтым галоўны партнэр

Па стане на сярэдзіну 2000-х Марока было адным з галоўных гандлёвых партнэраў Беларусі ў Афрыцы. Тым ня менш у Лукашэнкі на працягу апошніх дзесяцігодзьдзяў не было ніякіх кантактаў з мараканскімі ўрадоўцамі, а тым больш з каралём краіны.

Больш за тое, на сёньняшні дзень Беларусь ня мае пасла ў Марока, нават па сумяшчальніцтве. Інтарэсы нашай краіны прадстаўляе консульства ў Касаблянцы, якое ўзначальвае грамадзянін Марока Салах ад-Дын Абульгалі. Консульства знаходзіцца ў падначаленьні ўпраўленьня Афрыкі і Блізкага Ўсходу МЗС.

Пры гэтым Марока ў 2021 годзе стала галоўным гандлёвым партнэрам Беларусі ў Афрыцы. Таваразварот склаў 104 мільёны даляраў. Марока ўваходзіць у невялікі сьпіс афрыканскіх краінаў, у якія Беларусь ня толькі экспартуе, але і імпартуе адтуль. Найперш фасфаты для Гомельскага хімзаводу.

Нігерыя: рэзкае зьніжэньне

У 2011 годзе Беларусь адкрыла сваё пасольства ў Абуджы. Нігерыя — гэта першая краіна Афрыкі і пятая краіна ў сьвеце ў колькасьці насельніцтва. Нігерыя мае вялікія запасы розных карысных выкапняў. Паводле рэйтынгу МВФ, Нігерыя мае самы вялікі ВВП сярод усіх краін Афрыкі.

Міністар Уладзімер Макей наведваў Нігерыю ў 2014 годзе. Сярод удзельнікаў дэлегацыі былі прадстаўнікі МАЗ, МТЗ і іншых прадпрыемстваў.

Да 2019 году Беларусь традыцыйна някепска гандлявала зь Нігерыяй. Экспарт у гэтую краіну Афрыкі даходзіў да 31 мільёна даляраў, але потым пайшло рэзкае зьніжэньне: 2019 год — 9,5 мільёна; 2020 — 6,3 млн; 2021 — 5,6 млн.

Паўднёва-Афрыканская Рэспубліка: няма палітычнай супрацы, але стабільны гандаль

Пасольства Беларусі ў Прэторыі дзейнічае з 2000 году. Ні Лукашэнка ніводнага разу ня быў у ПАР, ні кіраўнікі афрыканскай краіны не прыяжджалі ў Менск. Міністар замежных спраў Беларусі (на той момант гэта быў Уладзімер Макей) апошні раз наведваў ПАР у далёкім ужо 2014 годзе.

Нягледзячы на амаль поўную адсутнасьць супрацоўніцтва на палітычным узроўні гандаль з ПАР працягвае расьці. Калі ў 2016 годзе экспарт Беларусі складаў усяго 3,3 мільёна даляраў, то па стане на 2021 год ужо 22,8 мільёна.

Лукашэнка падчас візыту ў Зымбабвэ, 2023 год
Лукашэнка падчас візыту ў Зымбабвэ, 2023 год

Судан: усё абвалілася пасьля адхіленьня ад улады Аль-Башыра

Яшчэ ў 2004 годзе Менск наведваў прэзыдэнт Судану Амар аль-Башыр. Кіраўнік Судану казаў, што яго краіна багатая на рэсурсы і мае патрэбу ў найноўшых тэхналёгіях, а таксама будаўніцтве эканамічных аб’ектаў.

За час кіраўніцтва Аль-Башыра ў Судане адбывалася грамадзянская вайна, якая скончылася аддзяленьнем Паўднёвага Судану; адбываўся ўзброены канфлікт у Дарфуры. У 2008 годзе Міжнародны крымінальны суд выдаў ордэн на арышт аль-Башыра за генацыд у Дарфуры. Ён быў першым дзейным кіраўніком краіны, супраць якога прымянялася міжнародная юстыцыя.

У 2017 годзе ўжо Лукашэнка наведаў Судан. А ў 2018 годзе аль-Башыр яшчэ раз прыляцеў у Менск. У 2019 годзе аль-Башыр быў зрынуты ў выніку вайсковага перавароту і арыштаваны.

Менавіта на 2019 год прыпаў найбольшы паказьнік экспарту Беларусі ў Судан — амаль 27 мільёнаў даляраў. Праз год гэты паказьнік упаў да 9,5 мільёна, а праз два — да 4,2 млн. Цяпер Судан нават выпаў зь першай дзясяткі партнэраў Беларусі ў Афрыцы.

Уганда: добрыя вынікі без палітычнай супрацы

Угандай з 1986 году кіруе Ёвэры Мусэвэні. У 2000 годзе ён прылятаў у Менск. Сам Лукашэнка ў Кампале ніколі ня быў, хаця атрымліваў запрашэньні. Супрацоўніцтва між урадамі таксама не складваецца.

Палітычныя рэжымы ў Беларусі і Ўгандзе нярэдка параўноўвалі аналітыкі і палітыкі. Напрыклад, нядаўна гэта рабіў былы дырэктар Парку высокіх тэхналёгій Валер Цапкала.

Пры адсутнасьці кантактаў на высокім узроўні Беларусь прадала Ўгандзе прадукцыі на 28 мільёнаў, за год да гэтага — на 36 млн. І гэта сапраўды значны посьпех, бо ў 2013 годзе экспарт ва Ўганду складаў усяго 0,04 мільёна даляраў.

Эгіпет: падзеньне экспарту ў тры зь лішнім разы

На сайце МЗС Эгіпет названы ў пераліку прыярытэтных партнэраў Беларусі ў Афрыцы і Блізкім Усходзе. Пасольства Беларусі ў Каіры адкрылася яшчэ ў 1997 годзе. Лукашэнка лятаў у Эгіпет тройчы — у 1998, 2017 і 2020 гадах.

«Лукашэнка паставіў задачу траціну ўсяго беларускага экспарту накіраваць на краіны так званай далёкай дугі. У гэтым пляне Афрыка да гэтага часу заставалася ня тое каб па-за полем зроку, але асаблівых прарываў на гэтым кірунку не назіралася», — пісала газэта Адміністрацыі прэзыдэнта «Беларусь сегодня» па выніках візыту Лукашэнкі ў Каір.

Максымальны экспарт Беларусі ў Эгіпэт прыпаў на 2014 год — 134 мільёны даляраў. Станоўчае сальда тады складала 111 мільёнаў даляраў. На 2021 год экспарт Беларусі ў Эгіпэт склаў 41,77 мільёна даляраў, што менш у тры зь лішнім разы ў параўнаньні з 2014 годам.

На сайце МЗС напісана, што Беларусь у асноўным экспартуе ў Афрыку прадукцыю БМЗ, МТЗ, МАЗ, «Амкадора», «Белнафтахіму».

Экватарыяльная Гвінэя: нават няма ў статыстыцы

Лукашэнка абмяняўся візытам з прэзыдэнтам Экватарыяльнай Гвінэі Тэадора Аб’янгам Нгемам Мбасога (кіруе краінай з 1979 году).

У апошніх статыстычных зборніках пра гандаль Беларусі з краінамі сьвету нават няма ніводнага радка пра супрацу з Экватарыяльнай Гвінэяй.

Этыёпія: блізіцца да нуля

Калісьці Беларусь мела паўнавартаснае пасольства ў Адыс-Абэбе, але закрыла яго ў 2018 годзе. На высокім дзяржаўным узроўні супрацоўніцтва ніколі не было. Лукашэнка не сустракаўся з прэзыдэнтамі Этыёпіі, не было спатканьняў і між міністрамі замежных спраў.

Пры гэтым экспарт Беларусі ў Этыёпію ў 2015 годзе склаў 11,7 мільёна даляраў. У 2021 годзе ён упаў да 0,7 млн.

«Проста мізэр»

Старшая навуковая супрацоўніца дасьледчага цэнтру Beroc Анастасія Лузгіна кажа, што беларускі экспарт у краіны Афрыкі складае «проста мізэр».

«Паводле афіцыйных заяваў, летась беларускі экспарт у краіны Афрыкі склаў каля 200 мільёнаў даляраў пры агульным экспарце ў 30 мільярдаў. Самы ўдалы год у гандлі быў у 2019 годзе, тады экспарт склаў 410 мільёнаў. Увесь таваразварот ніводнага разу нават не складаў мільярда даляраў», — расказвае Лузгіна.

Па словах экспэрткі, сытуацыя з гандлем з краінамі асабліва не разьвіваецца цягам апошніх гадоў.

«Дадатковую праблему складаюць санкцыі. Літва адмовілася перавозіць беларускія тавары праз свае пасты — гэта ўскладніла лягістыку ў краіны Афрыкі. Адным з асноўных тавараў, што пастаўляліся туды, быў калій. Ёсьць таксама праблемы ў разьліках у далярах і эўра. Мы бачым, што прагрэсу няма ў гандлі з афрыканскімі краінамі, нават пагаршэньне сытуацыі».

Што тычыцца далейшых пэрспэктываў гандлю з афрыканскім кантынэнтам, то тут Анастасія Лузгіна таксама ня бачыць асабліва нічога добрага для беларускіх уладаў.

«Трэба разумець, што краіны Афрыкі далёка, лягістыка складаная. Апроч усяго гэтага, на сёньня ў супрацоўніцтве з афрыканскімі краінамі зацікаўленыя і Расея, і Кітай, і Эўразьвяз. Гэта вялікі рынак, які будзе разьвівацца, заняць сваю нішу. Беларусі будзе цяжка тут канкураваць, тым больш на краіну накладзеныя санкцыі. Урад хоча павялічыць пастаўкі ў Афрыку ў 2,5 раза, але гэта таксама мала. Прарвацца на гэты рынак у Беларусі наўрад ці атрымаецца», — падсумоўвае Анастасія Лузгіна.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG