Эканамічны суд Менску прызнаў банкрутам забудоўніка «ГалоўІндустрыяБуд», вынікае з Адзінага дзяржаўнага рэестру зьвестак аб банкруцтве. У адносінах да фірмы запусьцілі ліквідацыйнае вядзеньне.
Кампанія «ГалоўІндустрыяБуд» вядомая на рынку камэрцыйнай нерухомасьці з 2013 году, яна спэцыялізавалася на праектаваньні і будаўніцтве гандлёвых цэнтраў у Менску і рэгіёнах, кіравала пабудаванымі аб’ектамі, прадавала гандлёвыя памяшканьні і здавала іх у арэнду. Так, напрыклад, кампанія пабудавала ў 2022 годзе гандлёва-забаўляльны цэнтар GREEN TIME у Менску і плянавала да 2025 году пабудаваць гандлёвы цэнтар «Саляр» у Гомлі.
Летась кампанія сама падала заяву аб банкруцтве. Валодае фірмай Ільля Шылкоў, які прыняў рашэньне аб яе ліквідацыі. У працэсе высьветлілася, што кампанія вінная крэдыторам 3,2 млн рублёў, а дастатковай маёмасьці, за кошт якой можна пакрыць такую суму даўгоў, ня мае.
У кастрычніку 2024 году Эканамічны суд Менску пастанавіў адкрыць конкурснае вядзеньне — працэдуру эканамічнай неплатаздольнасьці (банкруцтва). Яе праводзяць для максымальна магчымага задавальненьня патрабаваньняў крэдытораў у пэўнай чарговасьці, абароны правоў і законных інтарэсаў даўжніка, а таксама крэдытораў і іншых асобаў у працэдуры санацыі (аздараўленьня). Калі санацыю кампаніі правесьці немагчыма або для яе няма падставаў, запускаецца ліквідацыйнае вядзеньне даўжніка.
- У лістападзе 2024 году таксама стала вядома, што вядзеньне ў справе аб банкруцтве распачалі ў дачыненьні да кампаніі «Захадінвэстбуд», якая раней была падрадчыкам ЗТАА «Дана Астра» пры будаўніцтве жылога комплексу «Минск Мир». З заявай аб банкруцтве свайго падрадчыка ў суд зьвярнулася кампанія «Дана Астра», якая з 2021 году беспасьпяхова спрабуе спагнаць з даўжніка 180 тысяч рублёў. Валодае кампаніяй «Захадінвэстбуд» Радыён Ваганаў, у суд ён не зьявіўся і, мяркуючы па ўсім, не жыве ў Беларусі. Хто кіруе кампаніяй цяпер — невядома. Таксама ў лістападзе 2024 году СМІ паведамлялі пра затрыманьне некалькіх ключавых фігураў з кампаніі «Дана Астра».
- У лютым 2024 году стала вядома, што банкруціцца іншы буйны забудоўнік Менску — «Лада ОМС-Інжынірынг». Кампанія была вінная дзяржаве і іншым крэдыторам больш як 15 мільёнаў даляраў. Уладальнік кампаніі — Аляксей Ваганаў, былы дэпутат Палаты прадстаўнікоў (2000–2004), эканамічны дарадца былога сьпікера палаты Ўладзімера Канаплёва, былы старшыня Беларускай фэдэрацыі бадмінтону, узнагароджаны ганаровай граматай Нацыянальнага сходу Беларусі. Яшчэ ў 2016 годзе Ваганаў займаў 25-ю пазыцыю ў рэйтынгу топ-200 беларускіх бізнэсоўцаў, які складаў сайт «Еженедельник».
Форум