Пастаянны арбітражны суд у Швайцарыі (Permanent Court of Arbitration, PCA) паведаміў, што беларускае прадпрыемства «Беларуськалій» у рамках пазову супраць Літвы за спыненьне транзыту ўгнаеньняў патрабуе спагнаць з гэтай дзяржавы 12 мільярдаў 90 мільёнаў 167 971 даляраў у якасьці кампэнсацыі нанесенай шкоды.
У паведамленьні суду адзначаецца, што такі памер зафіксаваны 27 лістапада 2023 году.
Як раней паведамляла Свабода, 2 сьнежня 2024 году «Беларуськалій» зьвярнуўся ў Пастаянны арбітражны суд у Швайцарыі (Permanent Court of Arbitration, PCA) з паўторным пазовам. Раней працэс быў спынены праз тое, што беларускі бок ня змог унесьці аванс у памеры 300 тысяч эўра для пачатку разгляду свайго пазову.
Цяпер суд павінен 13 лютага правесьці кансультацыі аб фармаце слуханьняў, і толькі 13 сакавіка абвесьціць рашэньне аб пачатку ці аб адмове ў пачатку працэсу.
Калі бакі ўнясуць аванс за разгляд, то папярэднія слуханьні справы могуць прайсьці 1 сьнежня 2025-га, а самі слуханьні — у канцы лютага 2026-га.
Беларусь аднавіла камунікацыю з арбітражам летась у верасьні
Як вынікае з дакумэнтаў, беларускі бок аднавіў камунікацыю з Пастаянным арбітражным судом у Швайцарыі летась на пачатку верасьня.
У сваім лісьце ў арбітраж беларускі бок настойваў на захаваньні ўсімі ўдзельнікамі гэтага працэсу канфідэнцыйнасьці разбору да ўхваленьня адпаведнага рашэньня аб рэжыме празрыстасьці. У той жа час беларускі бок прапанаваў праводзіць арбітраж «празрыстым спосабам з улікам пэўных абмежаваньняў, такіх, як, напрыклад, канфідэнцыйная дзелавая інфармацыя бакоў». У той жа час беларускі бок прапанаваў публікаваць «любыя іншыя дакумэнты, уключна з паказаньнямі сьведак, справаздачамі экспэртаў і пратаколамі слуханьняў».
Літва ў вызначэньні ступені празрыстасьці працэсу прапанавала знайсьці балянс паміж грамадзкімі інтарэсамі ў раскрыцьці інфармацыі і канкурэнцыйнымі інтарэсамі ў канфідэнцыйнасьці, аддаючы «належную ўвагу асаблівай далікатнасьці, зьвязанай з пытаньнямі нацыянальнай бясьпекі ў гэтай справе».
У прыватнасьці, літоўскі бок выказаўся за публікацыю рашэньняў і працэсуальных пастаноў, але ня іншай дакумэнтацыі, перададзенай для працэсу. Апроч таго, Літва прапанавала зрабіць працэс закрытым для грамадзкасьці.
Арбітраж пагадзіўся з закрытым працэсам і вызначыў, што публікаваць будуць толькі ўхваленыя рашэньні. Усё іншае можа быць апублікавана пры ўзаемнай згодзе бакоў.
Яшчэ 15 мільярдаў эўра патрабуе літоўскі перавозчык угнаеньняў
На пачатку 2025 году стала вядома, што кампанія Hasenberg, часткай акцый якой валодае грамадзянін Літвы Ігар Удавіцкі, зьвярнуўся ў міжнародны арбітраж супраць Літвы па кампэнсацыю шкоды, нанесенай у выніку санкцый супраць беларускага прадпрыемства «Беларуськалій».
У Міністэрстве транспарту і сувязі Літвы паведамленьне аб пазове атрымалі ў кастрычніку 2024 году. Кампанія хоча спагнаць зь дзяржавы 15 мільярдаў эўра.
Кампанія Hasenberg з рэгістрацыяй у Швайцарыі валодае 65% акцый клайпедзкага тэрміналу насыпных грузаў Birių krovinių terminalas (BKT), яшчэ 5% належаць Ігару Ўдавіцкаму, а 30% — «Беларуськалію».
Ігар Удавіцкі таксама зьяўляецца бэнэфіцыярам зарэгістраванай у Латвіі кампаніі Fortis Asset Management, якая валодае 100% акцый кампаніі Hasenberg.
Hasenberg у арбітражы спрабуе даказаць, што Літва праз спыненьне транзыту калійных угнаеньняў зь Беларусі нібыта нанесла шкоду дзьвюм кампаніям — уласна Hasenberg і яшчэ адной кампаніі Ўдавіцкага Gargždų geležinkelis, што стварыла дэфіцыт угнаеньняў і прадуктаў харчаваньня ў Афрыцы і Лацінскай Амэрыцы.
Кампанія Ўдавіцкага таксама спрабуе даказаць, што санкцыі ЭЗ у гэтым выпадку нядзейсныя, бо паміж Швайцарыяй і Літвой ёсьць двухбаковая дамова аб заахвочваньні інвэстыцый і іх узаемнай абароне.
Як стала вядома журналістам, кампанія Hasenberg таксама скардзіцца на Літву за тое, што ў лютым 2023 году цэнтар журналісцкіх расьсьледаваньняў Siena («Сьцяна») разам з партнэрамі раскрылі магчымую схему абыходу санкцый Эўразьвязу, якую выкарыстоўвалі для дастаўкі ў Літву карбамідных угнаеньняў беларускага прадпрыемства «ГроднаАзот».
Форум