Лідэры краін Эўразьвязу зьбіраюцца абмеркаваць эўрапейскую абарону падчас нефармальнай сустрэчы ў Брусэлі.
Як адзначаецца на сайце ЭЗ, Эўропа павінна ўзяць на сябе большую адказнасьць за ўласную абарону, таму абмеркаваньне будзе сканцэнтравана на тэмах разьвіцьця абароннага патэнцыялу, фінансаваньня, у тым ліку мабілізацыі прыватнага фінансаваньня, умацаваньня і паглыбленьня партнэрства.
Эўразьвяз спадзяецца, што гэтая дыскусія дапаможа падрыхтаваць наступныя крокі, каб зрабіць Эўропу больш стабільным і надзейным гульцом у сфэры бясьпекі і абароны, тым самым стаўшы мацнейшым трансатлянтычным партнэрам, у тым ліку ў кантэксьце NATO.
Лідэры Эўрапейскага Зьвязу, якія зьбіраюцца ў панядзелак у Брусэлі, адчуваюць усё большы ціск, каб выйсьці з тупіку і ўзгадніць значна большыя выдаткі на абарону, нягледзячы на змрочныя эканамічныя пэрспэктывы.
Генэральны сакратар NATO Марк Рутэ і прэм’ер-міністар Вялікай Брытаніі Кір Стармэр плянуюць далучыцца да лідэраў ЭЗ на дыскусіі аб умацаваньні эўрапейскага абароннага патэнцыялу, паведамляе агенцтва dpa.
Вяртаньне на пасаду прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа робіць гэтае пытаньне яшчэ больш актуальным на фоне заклапочанасьці з нагоды яго «зацікаўленасьці ў атрыманьні кантролю над Грэнландыяй; магчыма, меншай будзе колькасьць амэрыканскіх салдатаў у Эўропе і меншай падтрымка Украіны», — сказаў агенцтву Даніель Фіёт, прафэсар Свабоднага ўнівэрсытэту Брусэля, які ўзначальвае праграму абароны і дзяржаўнага майстэрства ў Цэнтры бясьпекі, дыпляматыі і стратэгіі VUB.
«Ніхто ня будзе чакаць Эўропы, не ў апошнюю чаргу спадар Пуцін у Маскве», — сказаў Фіёт, маючы на ўвазе прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна.
ЭЗ зь цяжкасьцю нарошчваў вытворчасьць зброі ў апошнія гады, нягледзячы на тое, што вайна Расеі супраць Украіны дадала тэрміновасьці намаганьням, а вайсковая дапамога Кіеву вычарпала ўнутраныя запасы. Краіны ЭЗ дагэтуль не змаглі ўзгадніць дакладны плян аб тым, наколькі вялікія інвэстыцыі неабходныя і да якога часу трэба стварыць збройны патэнцыял, сказаў Фіёт.
Яшчэ адной сур’ёзнай праблемай зьяўляецца дамоўленасьць аб тым, як фінансаваць большыя выдаткі на абарону. Пасьля некалькіх крызісаў у многіх эўрапейскіх краінах бракуе грошай і яны сутыкнуліся з хісткай эканомікай. Такія магчымыя рашэньні, як сумесныя запазычаньні на эўрапейскім узроўні або зьмякчэньне ліміту дэфіцыту ЭЗ, не атрымалі дастатковай падтрымкі. Кампрамісам магло б стаць фінансаваньне большай колькасьці абаронных праектаў праз Эўрапейскі інвэстыцыйны банк. Фіёт заклікаў дзьве найбуйнейшыя краіны ЭЗ, Нямеччыну і Францыю, узяць на сябе ролю лідэраў, у тым ліку пераканаць грамадзкасць у непазьбежнасьці павелічэньня выдаткаў.
Гаворачы пра агрэсію Расеі супраць Украіны, ён зазначыў, што нашмат горш будзе, калі вайна перакінецца на Эўропу ў цэлым, тады выдаткі будуць яшчэ большымі, — сказаў ён.
«Ніхто ня любіць траціць грошы на войска; на жаль, у гэты пэрыяд гісторыі гэта неабходна».
Фіёт зьвярнуў увагу на некалькі ініцыятыў Эўрапейскай камісіі, у тым ліку ва ўзмацненьні кібэрабароны і супрацьракетнай абароны, але заклікаў лідэраў «выйсьці за межы фазы дэклярацыі, за межы слоў і выпрацаваць пасьлядоўны плян». «Час не на нашым баку», — падкрэсьліў ён.
Прэм’ер-міністар Вялікабрытаніі Кір Стармэр і канцлер ФРГ Олаф Шольц перад самітам падчас асабістай сустрэчы 2 лютага абмеркавалі сытуацыю ва Ўкраіне і падкрэсьлілі важнасьць умацаваньня абароннай вытворчасьці ў Эўропе, паведамляе прэс-служба брытанскага ўрада.
У перамовах з Шольцам Стармэр падкрэсьліў, што важна забясьпечыць Украіне «самую моцную пазыцыю ў бліжэйшыя месяцы», каб любое мірнае пагадненьне аб спыненьні вайны Расеі супраць Украіны «магло быць дасягнута сілай».
«Пўнамаштабнае ўварваньне Расеі ва Ўкраіну падкрэсьліла важнасьць пашырэньня і каардынацыі абароннай вытворчасьці ў Эўропе, пагадзіліся лідэры. Прадстаўляючы абноўленую інфармацыю аб урадавым Стратэгічным абаронным аглядзе, які будзе апублікаваны ў канцы гэтага года, прэмʼер-міністар Стармэр сказаў, што ў ім будуць улічаныя ўрокі, атрыманыя ва Ўкраіне, і неабходнасьць манэўру ва ўмовах працяглай агрэсіі Пуціна і варожая дзейнасьць па ўсёй Эўропе», — гаворыцца ў паведамленьні прэсавай службы ўраду Вялікабрытаніі.
Форум