«Здавалася, яе ніколі не адпусьцяць, яе турэмны тэрмін увесь час падаўжаўся, ціск у турме не слабеў, але цуд адбыўся! Дзякуй усім, хто дапамагаў дамагчыся гэтага. Дзякуй усім за падтрымку і салідарнасьць!» — напісала галоўная рэдактарка Хартыі’97 у сваім Фэйсбуку.
Гэтую інфармацыю пацьвердзіў і муж палітзьняволенай, Андрэй Шарэнда.
«Самы лепшы дзень! Паліна на волі!» — напісаў ён у Фэйсбуку.
Андрэй Шарэнда ў камэнтары для Свабоды сказаў: «Вельмі цяжка, што ня можам яе абняць. Пакуль не магу камэнтаваць нічога. Са здароўем у Паліны вельмі цяжка».
У чэрвені 2021 году суд Маскоўскага раёну Берасьця прыгаварыў Шарэнда-Панасюк да 2 гадоў пазбаўленьня волі ва ўмовах агульнага рэжыму паводле арт. 364 (гвалт у дачыненьні супрацоўніка органаў унутраных спраў), 369 (абраза прадстаўніка ўлады) і 368 (абраза Лукашэнкі) КК.
У красавіку 2022 году палітзьняволеную прыгаварылі яшчэ да аднаго году зьняволеньня паводле ч. 1 арт. 411 КК, у кастрычніку 2023-га — яшчэ да аднаго году паводле таго ж артыкулу.
Падчас сьледзтва і ў судзе Паліна Шарэнда-Панасюк адмовілася даваць паказаньні, а таксама падкрэсьліла, што не прызнае суд: «Палітычныя рэпрэсіі нічога агульнага з судом ня маюць».
Форум