Сьцісла:
- Запэўніваньні ў тым, што ніводнаму са сваіх дзяцей ён не зьбіраецца перадаваць уладу ў спадчыну, Аляксандар Лукашэнка настойліва паўтарае прынамсі на працягу апошніх 18 гадоў.
- Спадзявацца на пераемніка з чыноўніцкага атачэньня, як бы аддана той ні пазіраў у вочы састарэламу дыктатару і як бы ні кляўся яму ў вернасьці, рызыкоўна. Дынастычная перадача ўлады такіх рызык амаль не нясе.
- Тое, што Лукашэнка раз за разам запэўнівае, што вось-вось пакіне пасаду, зусім не азначае, што ён сапраўды зьбіраецца яе пакідаць: за трыццаць гадоў гэта стала ўсім відавочна. Дык чаму іншаму ягонаму абяцаньню (не перадаваць уладу ў спадчыну) павінна быць болей веры?
- Увесь досьвед дынастычных дыктатур паказвае: прынамсі за пяць гадоў да перадачы ўлады спадкаемца неабходна ўводзіць у рэальнае кіраваньне людзьмі і гаспадаркай: даручаць кіраваць буйным прадпрыемствам, рэгіёнам ці галіной эканомікі. Трэба, каб і намэнклятура, і падначаленае насельніцтва паступова прывыкалі да новай непазьбежнасьці.
Пра тое, што ён не зьбіраецца перадаваць уладу ў спадчыну камусьці са сваіх сыноў, Аляксандар Лукашэнка пэрыядычна і пасьлядоўна паўтарае прынамсі на працягу апошніх 18 гадоў. Гэта запэўніваньне зь ягоных вуснаў гучыць гэтак жа часта і цьвёрда, як і абяцаньне «не трымацца за ўладу пасінелымі пальцамі» і «хутка пакінуць» пасаду.
Паколькі ўсе ўжо даўно пераканаліся, як у рэальнасьці выконваецца другое абяцаньне, то і стаўленьне да абяцаньня першага ў многіх адпаведнае — прыблізна такое ж.
«Самага маленькага буду рыхтаваць у пераемнікі»
Апошні раз Лукашэнка разважаў на гэту тэму тыдзень таму, 26 студзеня, у дзень свайго перавыбраньня на сёмы прэзыдэнцкі тэрмін. Зноў абяцаючы неўзабаве перадаць уладу новаму пакаленьню, ён асобна зьвярнуў увагу:
«Маладое пакаленьне — гэта ня мой малодшы сын і ня мой старэйшы сын».
І пакрытыкаваў тых, хто распаўсюджвае чуткі на гэты конт:
«Нібыта я ўжо малодшаму ледзь не кажу: „Будзеш прэзыдэнтам“. Ды ён у страшным сьне гэтага сабе ўявіць ня можа ўжо зараз, і ніводзін з маіх сыноў».
Прыблізна гэта ж ён гаварыў шмат разоў. Напрыклад, трынаццаць гадоў таму, 2 ліпеня 2012-га, выступаючы на ўрачыстым сходзе перад Днём Рэспублікі:
«Я ўсё больш са зьдзіўленьнем чытаю і чую пра тое, што Лукашэнка тут назаўжды і навечна. Каторы раз кажу, не апраўдваючыся перад вамі: мае дзеці прэзыдэнцтва наеліся пры сваім бацьку».
У кастрычніку 2012 году ў інтэрвію брытанскім СМІ, адрынаючы «інсынуацыі» пра тое, што ён нібыта рыхтуе сына Мікалая ў пераемнікі:
«Клянуся, што я ніколі пра гэта нават ня думаў. Глупства поўнае. У нас прэзыдэнтам можа стаць чалавек у 35 гадоў мінімум. Яму восем споўнілася. Дык што, вы хочаце сказаць, што я буду 30 гадоў прэзыдэнтам, каб перадаць уладу малому?».
Ці яшчэ адно падобнае запэўніваньне, якое прагучала 26 верасьня 2019 года, падчас сустрэчы з журналістамі ўкраінскіх СМІ:
«А пра дзяцей... Я нядаўна публічна сказаў: мае дзеці не хварэюць на прэзыдэнцтва. Ні адзін, ні другі, ні трэці. Яны наеліся майго прэзыдэнцтва. Няма ў нас пра транзыт улады размоў».
Чаму Лукашэнка так часта зьвяртаецца да гэтай тэмы, нават калі яму адкрыта і не задаюць такога пытаньня? Відавочна, таму, што думка пра дынастычную зьмену ўлады яго турбуе, вярэдзіць, непакоіць — як і пытаньне пра сваю магчымую адстаўку. Тое, што ён раз за разам запэўнівае, што вось-вось пакіне пасаду, зусім не азначае, што ён сапраўды зьбіраецца сыходзіць: за трыццаць гадоў гэта стала ўсім відавочна. Дык чаму ж іншаму ягонаму абяцаньню — не перадаваць уладу ў спадчыну — павінна быць болей веры?
Калісьці даўно, 18 гадоў таму, у 2007-м, на сустрэчы з расейскімі журналістамі Лукашэнка зьдзівіў усіх нечаканым прызнаньнем:
«А калі ўжо казаць пра пераемніка, то самага маленькага буду рыхтаваць у пераемнікі. Унікальны чалавек. Таму пачакайце. Можа, мы не дачакаемся, але іншыя пакаленьні беларусаў дачакаюцца».
Тады для многіх гэта прагучала як жарт. Сёньня тыя даўнія словы ўспрымаюцца зусім па-іншаму — без іроніі і перабольшаньня.
Два мядзьведзі ў адной бярлозе
Спадзявацца на пераемніка з чыноўніцкага атачэньня, як бы аддана той ні пазіраў у вочы састарэламу дыктатару і як бы ні кляўся яму ў вернасьці, рызыкоўна. Звычайна ў якасьці найбольш красамоўнага аргумэнта на карысьць такой высновы прыводзяць прыклад Нурсултана Назарбаева. І гэта сапраўды так.
Выява бронзавай галавы зрынутага прыжыцьцёвага помніка елбасы на ходніку ў адным з казахстанскіх гарадоў у студзені 2022-га астудзіла галовы многіх постсавецкіх дыктатараў, якія прыглядаліся да казахстанскага досьведу апэрацыі «Пераемнік». Выявілася, што ўсе шматлікія хітрыя схемы і маніпуляцыі Назарбаева з Канстытуцыяй і законамі, зьмененымі так, каб нават пасьля фармальнай адстаўкі захаваць сабе месца гэткага «шэрага кардынала» з мноствам пасад, прывілеяў і магчымасьцяў, ва ўмовах аўтарытарнай сыстэмы мала што значаць.
Два аўтарытарныя мядзьведзі ў адной бярлозе ўжыцца ня могуць. Малады і амбітны пераемнік вельмі хутка паказаў, хто ў бярлозе гаспадар. Ужо ў 2023 годзе елбасы стаў звычайным пэнсіянэрам: яго пазбавілі тытулу «лідэра нацыі», адабралі шматлікія пажыцьцёвыя прывілеі і гарантыі, а горад Нурсултан зноў стаў Астаной.
Але быў і іншы, магчыма, значна больш важны для Лукашэнкі прыклад, калі пераемнік паступова руйнаваў і зьнішчаў усё, што было створана тым, хто прывёў яго за руку ва ўладу і пасадзіў на трон. Гісторыя гэта адбывалася на вачах ў Лукашэнкі і, па сутнасьці, дагэтуль не завершаная.
Барыс Ельцын, перадаючы ў 1999 годзе ўладу мала каму вядомаму палкоўніку ФСБ Уладзіміру Пуціну, таксама верыў абяцаньням, што абраньнік працягне ягоную справу, захавае палітычную спадчыну, прынцыпы і ідэалы. На першым часе ён нават спрабаваў уплываць на палітыку свайго прызначэнца.
Як пазьней успамінаў першы пуцінскі прэм’ер-міністар Міхаіл Касьянаў, неўзабаве пасьля адстаўкі Ельцын актыўна запрашаў да сябе на лецішча міністраў, распытваў, як ідуць справы. Даведаўшыся пра гэта, Пуцін жорстка загадаў спыніць такую практыку — спаслаўшыся на тое, што дактары нібыта «забараняюць непакоіць ня надта здаровага Ельцына». Паводле Касьянава, па сутнасьці гэта быў загад «больш нікому да Ельцына ня езьдзіць».
Паводле ўспамінаў Барыса Нямцова, Ельцын быў вельмі не задаволены тым, што пры Пуціну паступова пачала згортвацца свабода слова і зьнішчацца інстытут дэмакратычных выбараў. Але публічна выказвацца пра гэта экс-прэзыдэнт не наважваўся.
Варта зазначыць таксама, што пры Пуціну ўсе тыя, каго пры Ельцыну называлі «сям’ёй» (ягоныя сваякі, сябры, набліжаныя алігархі) паступова былі адціснутыя ад улады, многія вымушаныя былі ратавацца ў эміграцыі, а некаторыя трапілі ў турму.
Нарэшце, і Аляксандар Лукашэнка, разважаючы пра ельцынскую спадчыну, у інтэрвію ўраінскім СМІ ў жніўні 2020 году зазначыў, што Ельцын пад канец жыцьця шкадаваў, што выбраў Пуціна сваім пераемнікам.
Ад камуністычнай дыктатуры — да спадчыннай манархіі
Ад усіх вышэйпералічаных непрыемных наступстваў дыктатара засьцерагае перадача ўлады ў спадчыну сыну ці дачцэ — так, каб улада засталася ў сям’і. Ня ўсе такія новаствораныя дынастыі пасьпяховыя і даўгавечныя, але ёсьць і вельмі ўстойлівыя канструкцыі.
Ужо сем дзесяцігодзьдзяў утрымлівае ўладу ў Паўночнай Карэі дынастыя Кімаў. Камуністычная дыктатура сталінскага тыпу паступова ператварылася ў спадчынную абсалютную манархію з жорсткім рэпрэсіўным рэжымам.
«Пераможныя ідэі Чучхэ», прыдуманыя Кім Ір Сэнам, сьвята ўшаноўваліся ягоным сынам Кім Чэн Ірам і цяпер гэтак жа шануюцца новым правадыром Кім Чэн Ынам. Улада перадаецца ад бацькі да сына, ад сына да ўнука. Ужо і чацьвёртае пакаленьне Кімаў на падыходзе: апошнім часам «вялікі кіраўнік», «новая зорка», «геній сярод геніяў» (гэта афіцыйныя тытулы Кім Чэн Ына) усё часьцей стаў зьяўляцца на публіцы ў суправаджэньні сваёй старэйшай дачкі.
Аляксандар Лукашэнка ўпершыню за 30 гадоў прэзыдэнцтва неўзабаве якраз зьбіраецца ў Пхэньян — магчыма, пяройме нешта з досьведу ўтрыманьня і перадачы ўлады.
Аліевы
Найбольш удалы прыклад спадчыннай перадачы ўлады на постсавецкай прасторы, які яўна імпануе Лукашэнку — дынастыя Аліевых у Азэрбайджане. Гейдар Аліеў трымаў пад сабой прэзыдэнцкае крэсла да апошняй магчымасьці, пакуль ужо зусім не занядужаў у 2003 годзе.
Але на працягу свайго апошняга дзесяцігодзьдзя спакваля рыхтаваў сына на замену — спачатку даверыўшы кіраваць дзяржаўнай нафтавай кампаніяй, потым зрабіўшы прэм’ер-міністрам.
Уладу сыну Аліеў-старэйшы перадаў літаральна за некалькі тыдняў да сьмерці, проста зьняўшы з выбараў сваю кандыдатуру на ягоную карысьць. Аліеву-малодшаму на момант спадчыннай перадачы ўлады было 42 гады. Культ асобы Гейдара Аліева, які ўсталяваўся яшчэ пры ягоным жыцьці, пры прэзыдэнцтве сына набыў яшчэ большыя маштабы.
Асады
На вачах у Лукашэнкі адбывалася і спадчынная перадача ўлады ў сям’і Асадаў у Сырыі. Дыктатар Хафэз Асад, які кіраваў краінай 30 гадоў, загадзя рыхтаваў у пераемнікі свайго старэйшага сына — Басіла. Але той у 1994 годзе загінуў у аўтакатастрофе. Давялося тэрмінова адклікаць з Лёндана малодшага Башара, які быў афтальмолягам і, кажуць, зусім не гарэў жаданьнем станавіцца дыктатарам. Але давялося. На працягу пяці гадоў былы афтальмоляг зрабіў бліскучую вайсковую кар’еру, даросшы да палкоўніка і ўзначаліўшы Рэспубліканскую гвардыю.
Калі ў 2000 годзе Хафэз Асад памёр, сыну на наступны ж дзень прысвоілі званьне генэрала, прызначылі галоўнакамандуючым, а сырыйскі парлямэнт неадкладна зьмяніў канстытуцыю, зьнізіўшы мінімальны ўзрост кандыдата ў прэзыдэнты з 40 да 34 год (менавіта 34 гады тады было Башару Асаду).
У сьнежні 2024-га сьвет назіраў крах дынастычнай дыктатуры Асадаў. Башар пасьпеў уцячы ў Маскву. Армія без супраціву склала зброю перад паўстанцамі. Сырыйскі народ з танцамі і песьнямі вызваляў з турмаў тысячы палітвязьняў і крышыў помнікі ненавісных дыктатараў. Лукашэнку гэтая карціна яўна засмуціла. У сьнежні 2024-га ён сказаў пра зрынутага Асада-малодшага:
«Лекар па прафэсіі, я яго ведаю даўно. У нас добрыя былі чалавечыя адносіны. Ніякі ён не дыктатар. Ён лячыў людзей як доктар. Ён ніколі нікога не забіваў».
Бердымухамедавы
Яшчэ адзін яскравы прыклад спадчыннай дыктатуры на постсавецкай прасторы — сям’я Бердымухамедавых у Туркмэністане. Прыклад адметны найперш тым, што Бердымухамедаў-старэйшы не чакаў, пакуль дажыве да старэчага перадсьмяротнага стану, а вырашыў перадаць трон сыну загадзя, аргумэнтуючы гэта тым, што «трэба даць дарогу маладым».
Свайго сына Сердара ён таксама рыхтаваў загадзя: той за дзесяць гадоў да прэзыдэнцтва пасьпеў папрацаваць на высокіх пасадах у МЗС, пабыць губэрнатарам і міністрам. А ў 40-гадовым узросьце атрымаў з рук бацькі найвышэйшую пасаду ў дзяржаве.
Праўда, Бердымухамедаў-старэйшы далёка ад улады не адышоў. Больш за тое, праз год пасьля адстаўкі ён, выглядае, трохі расчараваўся, пашкадаваў пра сваю пасьпешлівасьць і пачаў лічыць, што абдзяліў сябе. Зь ягонай ініцыятывы ўзначалены ім жа пасьля добраахвотнай адстаўкі туркмэнскі парлямэнт атрымаў новыя дадатковыя паўнамоцтвы: ён цяпер лічыцца найвышэйшым арганам улады (штосьці кшталту УНС у Беларусі).
У пэўных сытуацыях гэты Халк Маслахаты можа быць нават вышэйшым за прэзыдэнта. А сам Гурбангулы Бердымухамедаў атрымаў тытул нацыянальнага лідэра, ягоныя партрэты ў абавязковым парадку пачалі вывешваць па ўсёй краіне побач з партрэтамі прэзыдэнта. У іншай сытуацыі такое двоеўладзьдзе магло б спарадзіць востры палітычны крызіс. Але ва ўласнай сям’і сын з бацькам неяк дамаўляюцца паміж сабой.
«Абсалютная копія бацькі»
Сёньня Мікалай Лукашэнка — ужо зусім ня той хлопчык з залатым пісталецікам, якога бацька з малых гадоў браў з сабой у розныя гарады і краіны падчас дзяржаўных візытаў, знаёмячы з прэзыдэнтамі і паказваючы найцікавейшыя мясьціны на сьвеце. Цяпер постаць высокага 20-гадовага юнака, як цень, пастаянна суправаджае бацьку, дзе б той ні знаходзіўся і куды б ня езьдзіў. Летась у лістападзе Лукашэнка-малодшы ў інтэрвію дзяржаўным СМІ зьняпраўдзіў чуткі пра тое, што нібыта мае адрозныя ад бацькі палітычныя погляды:
«Я не магу быць апазыцыянэрам у адносінах да дзяржавы, да кіраўніка нашай дзяржавы, бо я яго абсалютная копія. Некаторыя людзі кажуць, што я адрозьніваюся ад свайго бацькі. Але гэтыя людзі ці ня ведаюць мяне, ці ня ведаюць майго бацькі».
Дык калі «абсалютная копія», то як паверыць у тое, што гэта копія «і ў страшным сьне ня можа сябе ўявіць» на месцы арыгінала?
Для Лукашэнкі-старэйшага праблема тут у тым, што ён ня можа не разумець: ягоная «абсалютная копія» — аранжарэйная кветка, крон-прынц, які вырас у раскошных інтэр’ерах палацаў і рэзыдэнцый і наўрад ці бачыў іншае жыцьцё, апроч пампэзных цырымоній, пратакольных рытуалаў падчас замежных візытаў і бесклапотнага існаваньня ў атачэньні шматлікай чэлядзі, гатовай выканаць любое жаданьне ці прыхамаць. Увесь досьвед дынастычных дыктатур паказвае: прынамсі за пяць гадоў да перадачы ўлады спадкаемца неабходна ўводзіць у рэальнае кіраваньне людзьмі і гаспадаркай: даручаць кіраваць ці буйным прадпрыемствам, ці рэгіёнам, ці галіной эканомікі. Трэба, каб і намэнклятура, і падначаленае насельніцтва паступова прывыкалі да новай непазьбежнасьці. Надта шмат часу на гэта ў Лукашэнкі старэйшага ўжо няма. І ў найбліжэйшай будучыні мы ўбачым ягоныя сапраўдныя намеры і пляны. Калі юны Мікалай Лукашэнка пачне імкліва рухацца па намэнклятурна-ерархічнай лесьвіцы — значыць, працэс запушчаны.
Застаецца, праўда, і яшчэ адна праблема: дзейная Канстытуцыя не дазваляе займаць пасаду прэзыдэнта настолькі юным асобам. Але канстытуцыйныя абмежаваньні ніколі за 30 гадоў асабліва ня стрымлівалі Лукашэнку. На правядзеньне яшчэ аднаго пераможнага канстытуцыйнага рэфэрэндуму яму спатрэбіцца максымум некалькі месяцаў.
Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.
Форум