Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларусі пачалі першую ў новым годзе праверку баявой гатоўнасьці арміі


Праверка баявой гатоўнасьці беларускай арміі ў сьнежні 2022 году. Ілюстрацыйнае фота
Праверка баявой гатоўнасьці беларускай арміі ў сьнежні 2022 году. Ілюстрацыйнае фота

У Міністэрстве абароны Беларусі паведамілі аб пачатку з 3 лютага праверку баявой гатоўнасьці Ўзброеных сіл краіны.

Як адзначаецца ў Telegram-канале ведамства, праверка праходзіць пад кіраўніцтвам начальніка Генэральнага штабу – першага намесьніка міністра абароны Паўла Муравейкі.

«Асабовы склад, у тым ліку вайсковабавязаныя, прызваныя з запасу, выканаюць увесь комплекс мерапрыемстваў у падрыхтоўцы ўзбраеньня, вайсковай і спэцыяльнай тэхнікі да выкарыстаньня, выйдуць у вызначаныя раёны», — адзначаецца ў паведамленьні.

Праверку баявой гатоўнасьці будзе праходзіць як на палігонах, так і на «незнаёмых участках мясцовасьці». У часе вучэньняў плянуюць апрабаваць «новыя спосабы выкарыстаньня выведных і ўдарных бесьпілётных авіяцыйных комплексаў».

«Абстаноўка абавязвае нас трымаць руку на пульсе і трымаць порах сухім, быць гатовымі да таго, для чаго прызначаныя Ўзброеныя сілы, пры неабходнасьці — забясьпечыць абарону сувэрэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасьці Рэспублікі Беларусь», — заявіў міністар абароны Беларусі Віктар Хрэнін.

Паводле яго, у часе вучэньняў прадугледжана выкарыстаньне сродкаў радыёэлектроннай барацьбы для «абясшкоджаньня каналаў кіраваньня і для супрацьдзеяньня бесьпілётным лятальным апаратам».

Кіраўніцтва Беларусі падтрымала агрэсію Расеі супраць Украіны і дазволіла скарыстаць вайсковую інфраструктуру і паветраную прастору для ўварваньня расейскай арміі і абстрэлаў мірных гарадоў Украіны, ахвярамі якіх сталі дзясяткі тысяч цывільных украінцаў.

Беларусь, пачынаючы з 2022 году, практычна ў бесьперапынным рэжыме праводзіць вайсковыя вучэньні на сваёй тэрыторыі, у Расеі і ў іншых краінах АДКБ.

Украіна закрыла мяжу зь Беларусьсю, спыніла гандаль, арыштавала маёмасьць і прадукцыю беларускіх прадпрыемстваў і пачала ўмацоўваць сваю мяжу на беларускім кірунку, каб зрабіць немагчымым паўторны наступ расейскіх войскаў зь беларускай тэрыторыі.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG