Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Стала вядома, наколькі павысілі стаўкі ўтылізацыйнага збору ў Беларусі


Менская кальцавая аўтамабільная дарога. Ілюстрацыйнае фота
Менская кальцавая аўтамабільная дарога. Ілюстрацыйнае фота

Днямі стаўкі ўтылізацыйнага збору ў Беларусі прыраўнялі да расейскіх. 30 студзеня на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале апублікаваная пастанова ураду Беларусі № 60 ад 28 студзеня, у якой прапісаныя новыя стаўкі ўтылізацыйнага збору для транспарту.

Дакумэнт набудзе моц празь 10 дзён пасьля апублікаваньня.

Згодна зь ім, стаўкі ўтылізацыйнага збору для легкавых аўтамабіляў (транспартных сродкаў катэгорыі М1 (М1G) — для перавозкі пасажыраў, якія маюць ня больш за 8 месцаў для сядзеньня, акрамя кіроўцы) павялічаныя ў больш як удвая ў параўнаньні зь дзейнымі і складуць:

  • для аўтамабіляў з электрарухавікамі, за выключэньнем абсталяваных рознымі тыпамі гібрыдных сілавых установак — 1148,86 рубля, калі з даты выпуску прайшло да 3 гадоў уключна, і 2757,36 рубля — калі прайшло больш за 3 гады;
  • з працоўным абʼёмам рухавіка ня больш за 1000 куб. см — 6365,57 рубля, калі з даты выпуску прайшло да 3 гадоў уключна, і 16 249,5 рубля, калі прайшло больш за 3 гады;
  • ад 1001 да 2000 куб. см — 23 575,91 рубля і 41 471,55 рубля адпаведна,
  • ад 2001 да 3000 куб. см — 66 248,51 рубля і 100 301,81 рубля адпаведна,
  • ад 3001 да 3500 куб. см — 76 088,86 рубля і 116 459,46 рубля адпаведна,
  • звыш 3500 куб. см — 96 868,22 рубля і 127 339,56 рубля адпаведна.
  • увезеныя фізычнымі асобамі для асабістага карыстаньня — 544,5 рубля і 1089 рублёў адпаведна.

Стаўка ўтылізацыйнага збору пры ўвозе фізычнымі асобамі аўтамабіляў да 3 гадоў не зьмянілася, а пры ўвозе аўтамабіля, старэйшага за 3 гады, вырасла — цяпер яна складае 816,7 рубля.

Стаўкі ўтылізацыйнага збору адносна грузавога транспарту катэгорыі N1 (фургон масай да 3,5 тон), N2 (грузавік масай звыш 3,5 тоны, але ня больш за 12 тон), N3 (больш за 12 тон) у тым ліку павышанай праходнасьці катэгорый N1G, N2G, N3G і спэцыялізаваных транспартных сродкаў гэтых катэгорый у новай пастанове вагаюцца ад 29,5 да 194,9 тысячы рублёў у залежнасьці ад узросту і поўнай масы. Цяпер яны складаюць ад 17,3 да 187,7 тысячы рублёў.

Стаўкі ў дачыненьні да седлавых цягачоў складуць ад 30,04 тыс. да 389,6 тыс. рублёў у залежнасьці ад поўнай масы і экалягічнай клясы. Ніжэйшыя стаўкі вызначаныя для цягачоў 5 і 6 экаклясаў. У дзейнай рэдакцыі стаўкі на цягачы вагаюцца ад 32,95 да 228,49 тыс. рублёў.

Стаўкі ў дачыненьні да аўтобусаў катэгорый M2 (масай да 5 тон) і M3 (больш за 5 тон), у тым ліку павышанай праходнасьці катэгорый M2G, M3G, з электрарухавікамі за выключэньнем транспартных сродкаў, аснашчаных гібрыднымі сілавымі ўстаноўкамі, складуць 99 086,63 і 99 987,41 рубля ў залежнасьці ад узросту. Для астатніх транспартных сродкаў гэтай катэгорыі яны складуць ад ад 31,1 да 225,5 тыс. рубля ў залежнасьці ад абʼёму рухавіка (цяпер — ад 18,25 тыс. да 130,5 тыс. рублёў).

Стаўкі ў дачыненьні да прычэпаў і паўпрычэпаў катэгорыі О4 вызначаны ў 47 052,9 рубля для прычэпаў да 3 гадоў і 158 803,54 рубля — для старэйшых за 3 гады.

Таксама пастановай вызначаныя стаўкі ўтылізацыйнага збору для самаходных машын: грэйдэраў, бульдозэраў, экскаватараў, перагрузчыкаў, трамбовачных машын і каткоў, пагрузчыкаў, кранаў, трубаўкладчыкаў, тэхнікі для лясной, дарожнай гаспадаркі, трактароў, камбайнаў, іншых сельскагаспадарчых машын, карʼерных самазвалаў.

Новыя стаўкі ўтылізацыйнага збору будуць прымяняцца да транспартных сродкаў, вырабленых у Беларусі, а таксама да імпартаваных машын і прычэпаў. Выключэньне складаюць выпадкі, абумоўленыя міжнароднымі дамовамі.

Чакаецца, што гэта можа прывесьці да росту цэнаў на аўтамабілі.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG