Мінулы год стаў самым цёплым за ўсю гісторыю мэтэаназіраньняў у Беларусі. Сярэднегадавая тэмпэратура была 9,5 градуса пры норме 7,2. Сярэдняя тэмпэратура сьнежня перавысіла норму на 2,8 градуса.
Гэтая зіма таксама застаецца вельмі цёплай, бо кліматычнай зімой лічыцца пэрыяд, калі сярэднясуткавая тэмпэратура на ўзроўні 0 градусаў і ніжэй. Сёлетні студзень б’е рэкорды. Месцамі сярэднясуткавыя тэмпэратуры на 8-10 градусаў вышэйшыя за норму. 28 студзеня на паўднёвым захадзе Беларусі было да +12.
Усё гэта вынік глябальнага пацяпленьня і зьмены клімату, які ўплывае на жывёлаў, птушак, расьліны і эканоміку.
«Усе пройдуць праз стрэс»
На ўмовах ананімнасьці Свабода распытала экспэрта, які займаецца пытаньнямі беларускай экалёгіі, пра ўплыў глябальнага пацяпленьня на Беларусь. На ягоную думку, цяперашнія цёплыя зімы хутка могуць стаць нормай.
«Мы кажам, што мінулы год анамальна цёплы. Але што значыць анамалія? Тое, што мы раней лічылі анамальным, зараз можа быць ужо нармальнасьцю. У прыродзе ёсьць арганізмы, якія паміж сабой узаемадзейнічаюць, і, канечне, зьмены тэмпэратуры ўплываюць на гэтыя працэсы», — зважае экспэрт.
Паводле суразмоўцы, ад зьменаў клімату мэханізмы, якія будаваліся ў прыродзе тысячагодзьдзямі, трапляюць пад вельмі моцны ціск, што выклікае ў шмат якіх відаў і арганізмаў стрэс.
«Шмат якія віды, якія прыстасаваліся да пэўных кліматычных умоваў, мусяць адаптавацца да хуткай зьмены клімату. Не ўва ўсіх гэта атрымаецца добра, усе будуць праходзіць праз пэўны пэрыяд стрэсу. Некаму стане цяплей, але цяплей стане і паразытам, якія жывуць у гнязьдзе нейкай жывёлы», — разважае суразмоўца.
Экспэрт дадае, што ёсьць і так званыя «плястычныя віды», якія хутчэй адаптуюцца да новых умоваў. У Беларусі празь зьмену клімату зьяўляюцца новыя віды жывёлаў.
«Зімы становяцца лягчэйшымі, і мяжа жыцьця некаторых жывёл з поўдня ўжо праходзіць па мяжы Беларусі. Напрыклад, амяла, якая расьце на дрэвах, раней была толькі на Палесьсі, бо пры —18 яе насеньне не выжывае. А пры такіх зімах амяла ўжо ёсьць у Менску і Віцебску», — прыводзіць прыклад эколяг.
Іншым жа відам патрэбны сьнег і холад, і яны перасоўваюцца на поўнач. У Беларусі іх хутка можа больш ня быць.
«Гэта віды, якія пераапранаюцца на зіму ў белае. Напрыклад, заяц-бяляк, некаторыя віды птушак. Гэта адбываецца, бо гэтым жывёлам патрэбна сьнежнае покрыва», — зважае суразмоўца.
На думку экспэрта «Зялёнай сеткі» Аляксея Аўчыньнікава, найбольш пацяпленьне шкодзіць хвойным лясам, якія будуць адыходзіць на Поўнач.
«Гэтыя лясы асабліва пакутуюць ад зьмены клімату. Таксама Палесьсе знаходзіцца на мяжы кліматычных зон і пакутуе праз асушэньне балотаў. Зьяўляюцца новыя віды: тарантулы, шакалы», — прыводзіць прыклад Аўчыньнікаў.
«Праз пэўны час некаторыя віды змогуць жыць толькі ў Скандынавіі»
Некаторыя віды жывёлаў ужо маюць праблемы ад глябальнага пацяпленьня. Напрыклад, летась у кастрычніку навукоўцы прапаноўвалі ўключыць у Чырвоную кнігу Беларусі махнаногага сыча. Гэтая птушка гняздуецца ў старых сасновых барах узростам 50 гадоў і больш. Такія дрэвы цярпяць ад караеда, які распаўсюдзіўся больш, чым раней, у тым ліку з прычыны глябальнага пацяпленьня.
Ад павышаных тэмпэратураў цярпяць і балоты. Тэмпэратура становіцца большай, а ападкаў меней. Праз гэта на мяжы зьнікненьня аказаліся матылькі: пэрлямутравік фрэя (Boloria freija) і пэрлямутравік фрыга (Boloria frigga).
«Кліматычныя зьмены адбываюцца хутчэй, чым раней прагназавалася. Арэалы пасунуцца, і некаторыя віды змогуць жыць толькі ў Скандынавіі, бо глябальнае пацяпленьне ідзе хутчэй, чым плянавалася», — зважае ананімны суразмоўца, які займаецца беларускай экалёгіяй.
Паводле экспэрта Аляксея Аўчыньнікава, пакуль нельга сказаць, як будзе выглядаць расьлінны і жывёльны сьвет Беларусі праз 20 ці 50 гадоў. Шмат што залежыць ад крокаў, якія будзе рабіць улада.
«Інвазіўныя віды залежаць ад дзейнасьці чалавека. Нельга сказаць, што ў будучыні ў Беларусі будзе расьці толькі бамбук. Многае залежыць ад палітыкі дзяржавы і ад таго, як будзе адбывацца зьмена клімату. Але зьмены будуць вялікія», — даводзіць Аўчыньнікаў.
Як прыклад хуткіх зьменаў ён прыводзіць вінаград, які, паводле дасьледаваньняў, можна будзе вырошчваць у Беларусі праз 10–15 гадоў. І клімат будзе гэтаму спрыяць.
«Трэба перабудоўваць гаспадарку»
Паводле Аляксея Аўчыньнікава, сельскую гаспадарку Беларусі ўжо варта перабудоўваць з улікам глябальнага пацяпленьня.
«Важна, каб людзі, якія прымаюць рашэньні, разумелі, што адбываецца зьмена клімату, а не карысталіся рашэньнямі савецкага ўзору. Трэба быць гнуткімі і разьвіваць тыя культуры, якія будуць больш гарманічна ўзаемадзейнічаць з прыродай», — кажа экспэрт.
Па словах іншага эколяга, глябальнае пацяпленьне закране сельскую гаспадарку, бо магчымыя засуха, замаразкі ў неўласьцівы час, экстрэмальныя нечаканыя маразы.
«Беларуская сельская гаспадарка прыстасаваная да пэўных умоваў. А тут могуць не вымярзаць узімку нейкія шкоднікі, што паўплывае на сельскагаспадарчыя культуры. На тое, каб перабудавацца, трэба час. Напрыклад, у Беларусі ўвесь час садзілі сасну і яліну, а зараз трэба садзіць іншыя дрэвы. А перабудова гэтага — доўгі працэс», — кажа суразмоўца.
Глябальнае пацяпленьне ўплывае і на чалавека. Сьпякота ўлетку — адна з распаўсюджаных прычынаў дрэннага самаадчуваньня.
«Сытуацыя са сьпякотай будзе пагаршацца, яна будзе больш уплываць на ўразьлівыя групы», — зважае эколяг.
Рэкорды кожны год
У 2016 годзе 55 краін, сярод іх і Беларусь, падпісалі Парыскае пагадненьне ў межах ААН, якое павінна было рэгуляваць захады дзеля зьмяншэньня ўтрыманьня вуглякіслага газу ў атмасфэры. У ягоных межах глябальнае пацяпленьне павінна было спыніцца на адзнацы 1,5 градуса вышэй за норму. Аднак усё аказалася іначай — у Беларусі ў 2024 годзе тэмпэратура была вышэйшая за норму на 2,3 градуса. Вось цяпер, зімой 2025 году, у некаторых месцах Беларусі тэмпэратура вышэйшая за норму ажно на 8 градусаў.
Паводле экспэрта «Зялёнай сеткі» Аляксея Аўчыньнікава, пакуль нельга адсачыць, ці зробіць беларуская ўлада неабходныя захады, каб зьменшыць выкіды паводле Парыскага пагадненьня.
«Ёсьць абавязкі, якія бярэ на сябе дзяржава, яны прапісаныя ў дакумэнтах. Беларусь бяре за норму выкіды, якія былі ў 80–90-х гадах, яшчэ да мадэрнізацыі вытворчасьці. Калі параўноўваць з гэтым, то зьмяншэньне ёсьць, але ці ёсьць яно ва ўмовах сучасных рэалій — незразумела», — кажа экспэрт.
Пасьля ўступленьня на пасаду прэзыдэнта Дональда Трампа ЗША вырашылі выйсьці з Парыскага пагадненьня аб клімаце. На думку Аляксея Аўчыньнікава, гэта ня моцна паўплывае на клімат у Беларусі. Аднак кліматычная палітыка ў сьвеце «пэсымістычная».
«Кірунак на здабычу і выкарыстаньне вугляроднага паліва кажа пра тое, што будзе менш інвэстыцый ва ўзнаўляльныя крыніцы энэргіі», — дадае Аўчыньнікаў.
Навукоўцы ўжо прызналі, што ўтрымаць глябальнае пацяпленьне ў межах заплянаваных 1,5 градуса немагчыма.
Форум