Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кліматычны саміт ААН заклікаў адыходзіць ад выкапнёвага паліва


 На кліматычным саміце ААН у Дубаі
На кліматычным саміце ААН у Дубаі

Удзельнікі кліматычнага саміту ААН у Дубаі з амаль 200 краін дамовіліся аб пераходзе з выкапнёвага паліва на іншае.

Удзельнікі кліматычнага саміту ААН у Дубаі з амаль 200 краін дамовіліся аб пераходзе з выкапнёвага паліва на іншае.

Пагадненьне, выпрацаванае цягам двух тыдняў перамоваў, накіравана супраць асноўных фактараў выкідаў парніковых газаў, якія выклікаюць пацяпленьне плянэты.

Больш за 100 краін выступалі за больш жорсткую фармулёўку, настойваючы на відавочнай «паступовай адмове» ад выкапнёвага паліва.

Замест гэтага заключнае пагадненьне заклікае да «справядлівага, упарадкаванага і раўнапраўнага пераходу ад выкапнёвага паліва ў энэргетычных сыстэмах з актывізацыяй намаганьняў у гэтым важным дзесяцігодзьдзі».

Пагадненьне таксама заклікае патроіць магутнасьці аднаўляльных крыніц энэргіі да 2050 году і паскорыць разьвіцьцё такіх тэхналёгіяў, як улоўліваньне і захоўваньне вугляроду.

Што прадугледжвае Канвэнцыя аб зьменах клімату

Канвэнцыя вымагае ад дзяржаваў рабіць захады, каб зьменшыць «небясьпечны ўплыў дзейнасьці чалавека на клімат», стабілізаваць узровень выкідаў парніковых газаў і гэтым перадухіліць імаверны кліматычны крызіс.

Штогод ААН склікае адмысловую канфэрэнцыю, каб ацаніць прагрэс дзяржаваў у выкананьні сваіх абавязаньняў.

Як адзначаюць экспэрты, нягледзячы на амбіцыйныя абавязаньні, дзяржавы дзейнічаюць вельмі павольна.

Гучаць прапановы глябальнага пляну скарачэньня спальваньня выкапнёвага паліва, бо яно небясьпечна награвае плянэту.

Летась на саміце ў Шарм-эль-Шэйху (Эгіпет) краіны пагадзіліся заснаваць фонд дапамогі бедным і ўразьлівым краінам у барацьбе з кліматычнымі зьменамі, якія выклікаюць парніковыя газы, выпрацаваныя прамысловасьцю разьвітых краін.

Пакуль колькасьць выкідаў скарацілася неістотна, а краіны, якія здабываюць і выкарыстоўваюць газ, нафту і вугаль, не сьпяшаюцца адмаўляцца ад выкапнёвага паліва.

Навукоўцы лічаць, што павелічэньне сярэдніх глябальных тэмпэратураў на 1,5 градуса Цэльсія ёсьць парогам, пасьля якога чалавецтву будзе ўсё цяжэй даваць рады моцным штормам, засухам, сьпякоце і павышэньню ўзроўню мора.

Цяпер тэмпэратура ўжо паднялася на 1,2 градуса Цэльсія, а выкіды, якія выклікаюць зьмены, растуць.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG