Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Радзе Эўропы асудзілі «атмасфэру рэпрэсіяў, ва ўмовах якой праводзіліся выбары ў Беларусі»


Генэральны сакратар Рады Эўропы Ален Бэрсэ
Генэральны сакратар Рады Эўропы Ален Бэрсэ

Рада Эўропы «глыбока занепакоеная тым, што 26 студзеня ў Беларусі прайшлі чарговыя выбары, якія не былі ні свабоднымі, ні справядлівымі», гаворыцца ў заяве генэральнага сакратара Рады Эўропы Алена Бэрсэ, апублікаванай 29 студзеня.

«У дэмакратычным грамадзтве выбары павінны гарантаваць свабоднае волевыяўленьне ўсіх яго чальцоў і плюралізм думак. Павага да права на свабоду выказваньня думак, сходаў і аб’яднаньняў мае вырашальнае значэньне для іх дэмакратычнай легітымнасьці. На жаль, улады Беларусі сыстэматычна і наўмысна парушаюць гэтыя ўнівэрсальныя прынцыпы, і апошнія выбары ня сталі выключэньнем», — падкрэсьліў Ален Бэрсэ.

У сваёй заяве генсакратар Рады Эўропы адзначыў, што адсутнасьць своечасовага запрашэньня ўладамі Беларусі незалежных назіральнікаў зь Бюро па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека АБСЭ «яшчэ больш падарвала давер да выбарчага працэсу».

«Рада Эўропы рашуча асуджае агульную атмасфэру рэпрэсіяў, ва ўмовах якой праводзіліся выбары», — заявіў Ален Бэрсэ.

Ад імя Рады Эўропы ён выказаў салідарнасьць з усімі беларусамі, якія былі несправядліва зьняволеныя ці зазналі іншыя рэпрэсіі ў Беларусі «за сьмелае адстойваньне сваіх правоў чалавека» з 2020 году. Генсакратар Рады Эўропы заклікаў «неадкладна і безумоўна» вызваліць усіх беларускіх палітвязьняў і забясьпечыць ім кампэнсацыю шкоды, а таксама прыцягненьне да адказнасьці вінаватых у рэпрэсіях у Беларусі.

«Рада Эўропы працягне цьвёрда падтрымліваць усіх, хто працуе над прасоўваньнем правоў чалавека, вяршэнства закону і дэмакратыі ў Беларусі. У гэтым сьвятле нашае супрацоўніцтва зь беларускімі дэмакратычнымі сіламі і незалежнай грамадзянскай супольнасьцю застанецца прыярытэтам», — дадаў ён.

30 студзеня Парлямэнцкая асамблея Рады Эўропы правядзе тэрміновыя дэбаты на тэму «Вострая неабходнасьць свабодных і справядлівых выбараў у Беларусі». Даклад прадставіць гендакладчык ПАРЭ па Беларусі, дэпутат Сэйму Польшчы Рышард Пэтру. У дэбатах возьмуць удзел прадстаўнікі дэлегацыі беларускіх дэмакратычных сілаў.

  • 27 студзеня ЦВК абвясьціў Аляксандра Лукашэнку пераможцам у прэзыдэнцкіх выбарах, якія прайшлі ў Беларусі 26 студзеня. Паводле папярэдніх вынікаў галасаваньня сьцьвярджаецца, што ён нібыта атрымаў 86,82% галасоў. Канчатковыя вынікі выбараў-2025 падвядуць 3 лютага.
  • Гэтыя выбары ў Беларусі пры Лукашэнку, які ва ўладзе больш за 30 гадоў і балятаваўся на сёмы прэзыдэнцкі тэрмін, насілі, паводле міжнародных арганізацый, несвабодны і недэмакратычны характар. Выбарчая кампанія праходзіла ва ўмовах шырокамаштабных рэпрэсій і палітычнага крызісу, які цягнецца ад папярэдніх прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году.
  • Пра непрызнаньне выбараў 2025 году ў Беларусі раней заявіў шэраг краінаў, сярод іх суседзі Беларусі — Літва, Польшча, Украіна і Латвія. У Эўрапарлямэнце 22 студзеня ўхвалілі рэзалюцыю, у якой заклікаюць не прызнаваць прэзыдэнцкія выбары 26 студзеня і легітымнасьць Лукашэнкі. У МЗС Беларусі рэзалюцыю назвалі «найгрубейшым умяшаньнем у электаральныя працэсы сувэрэннай дзяржавы».
  • Праваабаронцы Libereco і «Вясны» назвалі выбары ў Беларусі «прапагандысцкім шоў», Міжнародны інстытут дэмакратыі і садзейнічаньня выбарам — «„самапрызначэньнем“ Лукашэнкі», а гендакладчык ПАРЭ па дэмакратычнай Беларусі Рышард Пэтру заявіў, што яны «стануць чарговай фікцыяй». У Amnesty International адзначылі ўзмацненьне палітычных рэпрэсій перад выбарамі.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG