Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хроніка перасьледу 29 студзеня: трэці раз судзяць палітзьняволенага ўраджэнца Херсону; у Горадні судзяць мужа і жонку

абноўлена

Суд Заводзкага раёну Менску, архіўнае фота
Суд Заводзкага раёну Менску, архіўнае фота

Рэпрэсіі ў Беларусі працягваюцца. Свабода вядзе храналёгію судоў, затрыманьняў, іншага перасьледу з палітычных матываў.

У Горадні сужэнцаў судзяць паводле 5 палітычных артыкулаў

Леаніда і Антаніну Церабей пачалі судзіць 29 студзеня ў Горадзенскім абласным судзе, паведамляе тэлеграм-канал «Суды и задержания. Гродно и область».

Іх абвінавачваюць у «абразе Лукашэнкі», «арганізацыі і падрыхтоўцы дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўным удзеле ў іх», «распальваньні расавай, нацыянальнай, рэлігійнай ці іншай сацыяльнай варожасьці ці варажнечы», «паклёпе ў дачыненьні да Лукашэнкі» і «здзеку зь дзяржаўных сымбаляў».

Справу разглядае судзьдзя Мікалай Рачынскі.

Пару затрымалі ў лістападзе 2024 году за ўдзел у акцыі пратэсту 6 верасьня 2020 году. У мужа і жонкі ёсьць непаўналетняе дзіця. Антаніну пакінулі пад хатнім арыштам, каб яна магла клапаціцца пра дзіця, а Леаніда ўтрымліваюць у СІЗА.

Ураджэнца Херсону Сяргея Белага будуць судзіць трэці раз

Праваабаронцам стала вядома, што 4 лютага ў судзе Заводзкага раёну Менску адбудзецца разгляд ужо трэцяй справы супраць Сяргея Белага — гэтым разам паводле арт. 369 Крымінальнага кодэксу (абраза прадстаўніка ўлады). Працэс будзе весьці судзьдзя Жанна Хвайніцкая, паведамляе «Вясна».

Сяргей Белы родам з украінскага Херсону, але амаль усё жыцьцё пражыў у Беларусі. Мае двух непаўналетніх дзяцей. Затрымалі яго ў лютым 2023 году. На відэа сілавікоў яго прымусілі сказаць, што ён пакідаў камэнтары ў тэлеграме і «прайшоў рэгістрацыю ў чат-боце пляну «Перамога». Першы раз яго асудзілі ў кастрычніку 2023 году за «распальваньне іншай сацыяльнай варожасьці» (ч. 1 арт. 130 КК).

Наступны суд над Сяргеем адбыўся 27 верасьня 2024 году ў Менгарсудзе. Яго абвінавацілі паводле 4 артыкулаў:

  • «удзел у экстрэмісцкім фармаваньні» (ч. 3 арт. 361-1 КК),
  • «распальваньне іншай сацыяльнай варожасьці» (ч. 1 арт. 130 КК),
  • «абраза прадстаўніка ўлады» (арт. 369 КК),
  • «абраза Лукашэнкі» (ч. 1 арт. 368 КК).

Справу разглядаў судзьдзя Міхаіл Макарэвіч. Вынік суду праваабаронцам невядомы.

У Віцебску судзяць палітвязьня Міхаіла Лабаня

У Віцебскім абласным судзе 29 студзеня пачалі судзіць за данаты паводле арт. 361-2 КК (фінансаваньне дзейнасьці экстрэмісцкага фармаваньня) палітзьняволенага Міхаіла Лабаня. Справу разглядае судзьдзя Аляксандар Абашын, паведамляе «Вясна».

Міхаіл Лабань — гаспадар ювэлірнай майстэрні «Самародак», вырабляў упрыгожаньні для ўдзельнікаў рэканструктарскіх суполак, вывучаў гісторыю Сярэднявечча. Яго абвінавацілі ў «паклёпе ў дачыненьні да Лукашэнкі» (ч. 1 арт. 367 КК), «абразе Лукашэнкі» (ч. 1 арт. 368 КК) і «абразе прадстаўніка ўлады» (арт. 369 КК).

У траўні 2022 году судзьдзя Віталь Лапко прысудзіў палітвязьню 4 гады калёніі і штраф у памеры 100 базавых велічынь. Тэрмін Міхаіл адбываў у івацэвіцкай калёніі № 22. У траўні 2024 году яму ўзмацнілі пакараньне і перавялі на турэмны рэжым у Магілёў.

Судзяць беларуса, які вярнуўся з Польшчы дадому

Руслану Зубкову 26 гадоў. Мяркуючы па сацсетках, ён апошнія гады жыў і працаваў у Польшчы, паведамляюць праваабаронцы.

У сьнежні 2023 году Зубкова ўнесьлі ў сьпіс удзельнікаў экстрэмісцкага фармаваньня «Расея — гэта зло». Гэта невялікі тэлеграм-чат на 135 чалавек, дзе актыўныя цяпер толькі трое. У лютым 2024 году Руслана абвяшчалі ў вышук на тэрыторыі Беларусі і Расеі — гэта значыць, што на той час ён яшчэ быў на свабодзе.

Калі Руслана затрымалі, невядома. Першы раз яго судзілі ў чэрвені 2024 году за «абразу Лукашэнкі» ў Камянецкім раённым судзе. Прысуд невядомы, піша «Наша Ніва».

10 лютага ў Берасьцейскім абласным судзе пачнецца новы працэс над Русланам Зубковым. Хлопца абвінавачваюць паводле двух артыкулаў — «садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці» (ч. 1 арт. 361-4 КК) і «абраза Лукашэнкі» (ч. 1 арт. 368 КК). Судовы працэс прызначылі весьці Руслана Сянько.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG