Сілавікі прыйшлі зь ператрусам у кватэру горадзенскага блогера Vadimati
Набліжаны да сілавікоў тэлеграм-канал апублікаваў інфармацыю, што ў кватэры горадзенскага блогера Вадзіма Ермашука прайшоў ператрус. Аўтары паста сьцьвярджаюць, што ператрус зьвязаны з удзелам блогера ў маршы дэмакратычных сіл, які прайшоў 26 студзеня ў Варшаве.
Інфармацыю пра ператрус таксама пацьвердзіла крыніца Hrodna.life.
27 студзеня СК Беларусі заявіў, што «ідэнтыфікаваў» 365 удзельнікаў акцыяў за мяжой у дзень выбараў і прыгразіў, што ўсіх іх прыцягнуць іх да крымінальнай адказнасьці, у тым ліку ў рамках спэцвядзеньня.
Раней стала вядома, што СК арыштаваў маёмасьць Ермашука ў Беларусі. У 2021 годзе блогера асудзілі да 3 гадоў калёніі паводле абвінавачаньня ў абразе Аляксандра Лукашэнкі (артыкул 368 КК) і зьдзеку зь дзяржаўнай сымболікі (артыкул 370 КК).
Вадзім Ермашук выйшаў на волю 29 чэрвеня 2024 году. Ён зьехаў зь Беларусі.
У Глыбокім судзяць за пратэсты 2020 году
Суд Глыбоцкага раёну цягам двух тыдняў разгледзіць крымінальныя справы паводле ч. 1 арт. 342 КК (актыўны ўдзел у дзеяньнях, што груба парушаюць грамадзкі парадак) у адносінах да чатырох чалавек. Раней па гэтым крымінальным артыкуле ў Глыбокім нікога не судзілі, паведамляе праваабарончы цэнтар «Вясна».
28 студзеня за ўдзел у акцыях пратэсту судзяць братоў Івана і Дзьмітрыя Піскуновічаў. 4 лютага пад крымінальны суд трапіць Раман Васілевіч, а 7 лютага пачнуць судзіць прадпрымальніка Ігара Шкетава, якога сілавікі называюць адміністратарам Instagram-акаўнта «Падслухана Глыбокае». Усе справы паводле арт. 342 КК разглядае судзьдзя Андрэй Тарасевіч.
У верасьні і кастрычніку 2024 году сілавікі зладзілі рэйд на жыхароў Глыбокага за ўдзел у пасьлявыбарчых акцыях пратэсту. Паведамлялася пра затрыманьне мінімум 12 чалавек. Некаторым інкрымінавалі арт. 342 КК.
Намесьніцу дырэктаркі ляхавіцкай гімназіі Тацяну Крапіневіч эвакуавалі зь Беларусі з дапамогай BySol
Пра гэта паведаміў сузаснавальнік фонду BySol Андрэй Стрыжак.
Тацяна Крапіневіч была вымушаная пакінуць Беларусь з прычыны ціску, ініцыятаркай якога стала прарасейская прапагандыстка Вольга Бондарава. Яна напісала на Крапіневіч сэрыю даносаў, абвінаваціўшы ў «экстрэмісцкай дзейнасьці», і настаўніцай зацікавіліся сілавікі.
Жанчыну ўдалося вывезьці з краіны за некалькі дзён да суду.
«Мой суд быў прызначаны на 28 студзеня, і, баючыся несправядлівага прысуду, я была вымушаная пакінуць родную краіну і разам з дачкой шукаць прытулку ў Польшчы. Цяпер мы ў Варшаве, дзе спрабуем пачаць жыцьцё нанова.
На жаль, нашыя ашчаджэньні абмежаваныя, і бяз вашай дапамогі нам будзе складана забясьпечыць сабе годныя ўмовы для жыцьця», — кажа Тацяна Крапіневіч.
BySol адкрыў дабрачынны збор для яе.
Тацяна Крапіневіч доўгі час працавала ў бізнэс-сфэры ў Менску, пазьней пераехала зь Менску ў Ляхавічы па праграме «Настаўнік для Беларусі» і прысьвяціла сябе пэдагагічнай дзейнасьці. За 5 год у ляхавіцкай гімназіі яна прайшла шлях ад настаўніка да намесьніка дырэктара па вучэбнай працы. У 2023 годзе яна стала фіналісткай конкурсу «Настаўнік году Рэспублікі Беларусь 2023».
Менчука, які адказваў за бясьпеку пасажыраў у аэрапорце «Менск», судзяць за «распальваньне варожасьці»
28 студзеня ў Менскім гарадзкім судзе за «распальваньне варожасьці» (ч. 1 арт. 130 Крымінальнага кодэксу) пачалі судзяць Анатоля Крупіна. Працэс прызначаны весьці судзьдзя Аляксандар Рудэнка, паведамляе «Вясна».
Анатолю Крупіну 65 гадоў. Паводле інфармацыі «Белпола», у 1993–2015 гадах мужчына працаваў у аэрапорце «Менск-2» інспэктарам службы бясьпекі. У 2016 годзе ён згадваўся як начальнік зьмены авіяцыйнай бясьпекі і рэжыму — тады ў аэрапорце затрымалі грамадзянку Расеі за няўдалы жарт пра тратыл у багажы. Сытуацыю камэнтаваў менавіта Крупін.
У сацсетках апошні ягоны допіс датуецца чэрвенем 2024 году, піша «Наша Ніва».
У Беларусі новыя «экстрэмісцкія фармаваньні» — праекты «Лукашолкі» і «Простымі Словамі»
Адпаведнае рашэньне МУС Беларусі прыняло 28 студзеня, паведамляе «Вясна». Паводле ведамства, дачыненьне да праекту «Лукашолкі» маюць Ганна Федаронак і Ганна Канавалава, а да «Простымі Словамі» — Кірыл Данько і грамадзянка Расеі Ганна Грабенчыкава.
Праваабаронцы адзначаюць, што калі праект «Лукашолкі» вядзецца актыўна, дык старонкі «Простымі Словамі» не абнаўляліся ўжо два гады.
У Менску судзяць стаматалягіню, якая нібыта мае дачыненьне да тэлеграм-канала «ШапитоДичь»
У Менскім гарадзкім судзе 28 студзеня пачалі судзіць 33-гадовую Алену Елькіну. Яе абвінавачваюць у «стварэньні экстрэмісцкага фармаваньня» (ч. 1 арт. 361-1 КК) і «закліках да санкцыяў» (ч. 3 арт. 361 КК). Справу будзе разглядаць Алена Ананіч, паведамляе «Вясна».
4 ліпеня 2024 году КДБ прызнаў тэлеграм-канал «ШапитоДичь» «экстрэмісцкім фармаваньнем». Паводле ведамства, дачыненьне да яго мае Алена Елькіна. Праз пошук гэтая суполка не вызначаецца.
Ініцыялы жанчыны цалкам супадаюць са стаматалягіняй зь Віцебску — апошнія допісы ў яе сацыяльных сетках датаваныя траўнем 2024 году.
Беларускаму бізнэсоўцу пагражае да 12 гадоў калёніі па трох палітычных артыкулах
Суд над Алегам Самародзкім пачнецца 6 лютага ў Менскім гарадзкім судзе, піша «Наша Ніва». Вінавацяць бізнэсоўца паводле трох артыкулаў — «удзел у экстрэмісцкім фармаваньні» (ч. 3 арт. 361-3), «заклікі да дзеяньняў, якія наносяць шкоду Беларусі» (ч. 3 арт. 361 КК) і «распальваньне варожасьці» (ч. 1 арт. 130 КК). Акалічнасьці справы невядомыя.
Працэс прызначылі весьці судзьдзю Тацяну Фалькоўскую.
Алегу Самародзкаму 61 год. Усё жыцьцё ён займаўся бізнэсам — быў кіраўніком фірмы «Ўладкас», якая займалася вырошчваньнем гародніны, насеньня і расады, таксама дырэктарам фірмы «Белбаскітлід», якая вырабляе драўляную тару і іншыя рэчы з дрэва ў Іўі Горадзенскай вобласьці.
Форум