Выданьне Earthsight апублікавала расьсьледаваньне, прысьвечанае пастаўкам фанэры, вырабленай у Беларусі і Расеі, у Эўразьвяз. Зь яго вынікае, што з моманту ўвядзеньня абмежаваньняў на прадукцыю дрэваапрацоўкі ў ліпені 2022 году ў Эўразьвяз у абыход санкцыяў трапіла прадукцыя на суму ў 1,5 млрд эўра.
Earthsight знайшоў доказы таго, што сем зь дзесяці найбуйнейшых расейскіх вытворцаў бярозавай фанэры дасюль пастаўляюць сваю прадукцыю ў Эўразьвяз. У іх ліку — дзьве фірмы, найбуйнейшымі акцыянэрамі якіх зьяўляюцца мільярдэры-алігархі, што сустракаліся з Пуціным у дзень уварваньня Расеі ва Ўкраіну. Адзін зь іх, Аляксей Мардашоў, — у санкцыйным сьпісе ЭЗ, а другі, Уладзімір Еўтушэнкаў, кантралюе найбуйнейшую ў Расеі лесанарыхтоўчую фірму, гаворыцца ў расьсьледаваньні. Для забесьпячэньня паставак выкарыстоўваюцца кампаніі з Кітаю, Казахстану, Турэччыны.
Таксама расьсьледнікам удалося атрымаць доказы паставак у Эўразьвяз бярозавай фанэры беларускіх дзяржаўных вытворцаў. «У Беларусі найбуйнейшы перапрацоўнік драўніны — сетка папраўчых калёніяў краіны, дзе палітычных зьняволеных, якіх катуюць, выкарыстоўваюць для рабскай працы», — адзначаецца ў расьсьледаваньні.
Падсанкцыйная фанэра ў ЭЗ трапляе ў шырокі асартымэнт прадукцыі, сярод яе кухні, падлогавыя пакрыцьці, мэбля і цацкі. Найбуйнейшыя імпартэры фанэры зь Беларусі і Расеі цяпер — гэта Польшча, Італія, Нямеччына, Гішпанія, Партугалія, Эстонія і Грэцыя, гаворыцца ў расьсьледаваньні.
Расьсьледнікі Earthsight дзейнічалі пад прыкрыцьцём, прадстаўляючыся пакупнікамі з краін ЭЗ, і выходзілі на пастаўшчыкоў, якія былі гатовыя прадаць тавар зь Беларусі і Расеі. Для абыходу санкцыяў выкарыстоўваюцца кампаніі-пасярэднікі з трэціх краін, часта яны прадстаўляюць толькі дакумэнты.
Дзеля прыкладу ў расьсьледаваньні апісваецца размова з Алегам, прадстаўніком латвійскай кампаніі Revival SIA. Алег прызнае, што можа арганізаваць пастаўкі фанэры з расейскіх прадпрыемстваў, а таксама беларускіх «Пінскдрэва», «Гомельдрэва» і «Рэчыцадрэва». Паводле яго, фанэра дастаўляецца на польскі склад кампаніі з выкарыстаньнем кітайскіх дакумэнтаў. Расьсьледнікі змаглі пабываць на гэтым складзе, дзе паразмаўлялі з ураджэнцам Беларусі Артурам, які кіраваў ім разам з калегам Дзьмітрыем. Артур пацьвердзіў, што паводле дакумэнтаў тавар кітайскі, але насамрэч — беларускі.
Паводле рэкамэндацыі апошняга расьсьледнікі таксама зьвярнуліся ў польскую лягістычную кампанію PL-Trading, якая прапанавала ім пастаўкі ад некалькіх беларускіх і расейскіх вытворцаў. У кампаніі запэўнілі, што ў выпадку мытнай праверкі змогуць хутка зьвязацца з кітайскай фабрыкай, якая падасьць неабходныя пацьвярджальныя дакумэнты. Паводле прадстаўніка кампаніі Антона, гэтая схема працуе ад моманту ўвядзеньня санкцыяў ЭЗ, і пастаўшчыкі заўсёды прыдумлялі спосабы дастаўкі, хоць часам бываюць тыднёвыя затрымкі.
У расьсьледаваньні адзначаецца, што ўлады шэрагу краін ЭЗ пасьля папярэдніх расьсьледаваньняў зрабілі крокі, якія адбіліся на асобных схемах паставак, аднак іх арганізатары ў шэрагу выпадкаў зьмянілі краіну-«пасярэдніка» і выбралі новыя маршруты. Калі Турэччына і Казахстан сталі аб’ектам пільнай увагі з боку кампэтэнтных органаў краін ЭЗ, арганізатары паставак пераключыліся на Кітай. Таксама адзначаецца рост імпарту з Грузіі, Эгіпту, Узбэкістану, адзначаецца ў расьсьледаваньні.
У цэлым схема, апісаная выданьнем, перагукаецца з раней апублікаванымі расьсьледаваньнямі Беларускага расьсьледніцкага цэнтру аб пастаўках драўніны зь Беларусі ў ЭЗ у абыход санкцыяў.
Цалкам расьсьледаваньне можна пачытаць па спасылцы.
Форум