Вырасьце бюджэт пражытковага мінімуму
Бюджэт пражытковага мінімуму (БПМ) у сярэднім на душу насельніцтва з 1 лютага па 30 красавіка 2025 году складзе 447,64 рубля, вынікае з пастановы Міністэрства працы і сацыяльнай абароны, пра прыняцьцё якой 28 студзеня паведаміла прэс-служба ведамства.
Такім чынам, у сярэднім на душу насельніцтва БПМ вырасьце на 9,84 рубля.
Згодна з згаданай пастановай, для працаздольнага насельніцтва БПМ у бліжэйшыя месяцы будзе складаць 477,22 рубля, пэнсіянэраў — 326,72 рубля, дзяцей: ва ўзросьце да трох гадоў — 280,87 рубля, ва ўзросьце ад трох да шасьці — 376,96 рубля, ад шасьці да васямнаццаці — 442,76 рубля.
Дапамога жанчынам, якія сталі на ўлік у арганізацыях аховы здароўя да 12-тыднёвага тэрміну цяжарнасьці, адначасова складзе 100% БПМ.
Вернуць збор за перасячэньне мяжы
З 1 лютага ў Горадзенскай, Віцебскай і Берасьцейскай вобласьцях вернуць мясцовы збор за перасячэньне дзяржаўнай мяжы ў пунктах пропуску на аўтамабілі. Ён складае адну базавую велічыню. Цяпер гэта 42 рублі.
Вырастуць працоўныя пэнсіі
З 1 лютага вырастуць працоўныя пэнсіі — у сярэднім на 10%. Міністарка працы і сацыяльнай абароны Натальля Паўлючэнка анансавала, што ў 2025 годзе пэнсіі вырастуць на 15%.
Чакаецца таксама рашэньне ўраду, як з 1 лютага зьменяцца мінімальныя працоўныя і сацыяльныя пэнсіі. Іх пераглядаюць раз на квартал, іхны памер прывязаны да бюджэту пражытковага мінімуму. Сацыяльная пэнсія цяпер складае 218,9 рубля.
Зьменіцца памер дапамогі на дзяцей
Улады падымуць сумы дапамогі па доглядзе за дзіцем ва ўзросьце да трох гадоў. Гэта плянавы перагляд памеру дапамог у залежнасьці ад зьмяненьня сярэдняй зарплаты па краіне за папярэдні квартал. Акрамя таго, улады павінны агучыць новы памер аднаразовых выплат па нараджэньні дзіцяці. Яны залежаць ад памеру бюджэту пражытковага мінімуму.
Аднаразовая дапамога пры нараджэньні першага дзіцяці з 1 лютага вырасьце да 4476,4 рубля, а другога і наступных дзяцей — да 6266,96 рубля.
Скасуюць зьніжку ад мабільнага апэратара
Мабільныя апэратары анансавалі на люты зьмяненьні для сваіх кліентаў. Да прыкладу, кампанія МТС з пачатку наступнага месяца перастане даваць зьніжку па сэрвісе «TWIN-карта». Як удакладнілі ў МТС, аплата з гэтай даты будзе ісьці штомесяц.
Гэты сэрвіс дазваляе актываваць дзьве сім-карты з адным абанэнцкім нумарам. Дзякуючы гэтаму можна паралельна выкарыстоўваць некалькі прыладаў і быць актыўнымі ў сетцы гэтага мабільнага апэратара.
Вырасьце падатак на арэнду нерухомасьці
У лютым вырастуць стаўкі падаходнага збору для тых, хто здае ў арэнду нерухомасьць. Да прыкладу, у Менску гэты падатак за здачу аднаго пакоя паднялі на 6,4%, да 50 рублёў. За студзень стаўка складала 47 рублёў. Рост — на 6,4%. Гаворка пра фізычных асоб, якія здаюць жыльлё без рэгістрацыі ІП.
Зьмены ў запаўненьні дэклярацый
Тым часам Дзяржаўны мытны камітэт скарэктаваў інструкцыю аб парадку запаўненьня і рэгістрацыі статыстычнай дэклярацыі, унясеньня зьмяненьняў у зарэгістраваную статыстычную дэклярацыю, а таксама яе ануляваньня. Адпаведная пастанова ведамства апублікаваная на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале.
«Навацыі тычацца ўказаньня ў графе 22 „Дадатковая інфармацыя/Зьвесткі аб наяўных дакумэнтах“ статыстычнай дэклярацыі інфармацыі аб дакумэнтах, якія пацьвярджаюць захаваньне часовых абмежавальных захадаў і захадаў абароны ўнутранага рынку пры статыстычным дэкляраваньні тавараў. Размова ідзе аб таварах, у адносінах да якіх Рэспублікай Беларусь устанаўліваецца нацыянальнае рэгуляваньне шляхам увядзеньня часовых абмежаваньняў, спэцыяльных абмежавальных захадаў, а таксама абмежаваньняў на ўвоз у краіну цывільных бесьпілётных лятальных апаратаў і авіямадэляў», — растлумачылі ў прэс-службе ДМК.
Пастанова ўступае ў сілу з 1 лютага 2025 году.
Часовыя правілы падачы на студэнцкую візу ў Польшчы
У лютым некаторыя беларусы, якія прэтэндуюць на атрыманьне польскай нацыянальнай студэнцкай візы, змогуць падаць заяву ў візавыя цэнтры Польшчы без папярэдняй рэгістрацыі.
Падаць дакумэнты без рэгістрацыі можна будзе з 3 па 28 лютага ў візавых цэнтрах у Менску, Магілёве і Гомлі. Праўда, гэта распаўсюджваецца толькі на тых заяўнікаў, якія адносяцца да Менскай юрысдыкцыі, удакладнілі ў кампаніі.
З 1 студзеня 2025 году Польшча павялічыла збор за выдачу нацыянальнай польскай візы (тып D) для грамадзян Беларусі, цяпер ён складае 60 эўра. Ад збору вызваляюцца пры падачы заявы на нацыянальную візу непаўналетнія асобы ва ўзросьце ад 12 да 18 гадоў, а таксама людзі, маладзейшыя за 25 гадоў, якія ўдзельнічаюць у сэмінарах, канфэрэнцыях, спартовых, культурных і адукацыйных мерапрыемствах, арганізаваных некамэрцыйнымі арганізацыямі. Таксама збор ня будуць плаціць грамадзяне Беларусі, якія зьвяртаюцца па гуманітарную візу.
Форум