Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кітай і Індыя спынілі закуп расейскай нафты на фоне санкцыяў


Архіўнае ілюстрацыйнае фота. Танкер з нафтай каля тэрмінала Козьміна
Архіўнае ілюстрацыйнае фота. Танкер з нафтай каля тэрмінала Козьміна

Кітай і Індыя прыпынілі закуп расейскай нафты з пастаўкай у сакавіку на фоне росту затрат на фрахт танкераў, не закранутых санкцыямі ЗША, паведамляе Reuters са спасылкай на трэйдэраў.

Паводле іх, цана на расейскую сырую нафту ESPO, якую экспартуюць з порта Козьміна на Ціхім акіяне, вырасла на 3–5 даляраў за барэль у параўнаньні з маркай ICE Brent. Гэта зьвязана з рэзкім павышэньнем ставак фрахту суднаў. Напрыклад, для танкера тыпу «Афрамакс» па маршруце ў Кітай яны павялічыліся «на некалькі мільёнаў даляраў».

10 студзеня ЗША ўвялі самы шырокі да гэтага часу пакет амэрыканскіх санкцыяў, які закрануў даходы Расеі ад экспарту нафты і газу. Пад абмежаваньні трапілі дзьве з чатырох найбуйнейшых расейскіх нафтавых кампаній — «Газпром нафта» і «Сургутнафтагаз» і больш за 180 танкераў, якія, як мяркуецца, перавозяць расейскую нафту і нафтапрадукты ў парушэньне санкцыяў заходніх краінаў. Гэтыя абмежаваньні выклікалі скачок цэнаў на фрахт танкераў, бо некаторыя пакупнікі і парты ў Кітаі і Індыі пачалі адмаўляцца прымаць судны, якія трапілі пад санкцыі.

Фінансавы дырэктар індыйскай Bharat Petroleum Corp Ltd паведаміў Reuters на мінулым тыдні, што кампанія не атрымала ніякіх новых прапановаў на сакавіцкую пастаўку, як гэта звычайна бывае ў сярэдзіне кожнага месяца, і чакае, што колькасьць прапановаў на сакавік скароціцца ў параўнаньні з студзенем і сьнежнем.

Расейская нафта складала ў 2024 годзе 36% імпарту Індыі і амаль пятую частку імпарту Кітаю.

Паводле зьвестак аналітычнай кампаніі Kpler, апошнія санкцыі закранаюць танкеры, якія перавозяць каля 42% марскога экспарту нафты Расеі, у асноўным у Кітай. ЗША запатрабавалі ад Індыі разгрузіць гэтыя танкеры з расейскай нафтай да 27 лютага і зрабіць за іх плацяжы да 12 сакавіка. У Кітаі танкеры, якія падпалі пад новыя санкцыі, сутыкаюцца з затрымкамі пры выгрузцы нафты, нягледзячы на часовае вызваленьне ад санкцыяў.

Паводле зьвестак Kpler, імпарт сырой нафты з Расеі ў Кітай упаў на мінулым тыдні да шасьцімесячнага мінімуму, цяпер ён на ўзроўні 717 тысяч барэляў у дзень.

Што тычыцца Індыі, перабоі ў пастаўках расейскай сырой нафты складаюць да 450 тысяч барэляў у дзень, адзначае Reuters. Індыйскія нафтаперапрацоўчыя заводы шукалі на сакавік і красавік альтэрнатыўных паставак з краін Блізкага Ўсходу, Афрыкі і ЗША, бо чакаюць скарачэньня паставак з Расеі, паведамляе агенцтва.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG