Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Трамп заклікаў да стварэньня сыстэмы «Жалезны купал» над ЗША. Такі існуе ў Ізраілі


Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп. Архіўнае фота
Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп. Архіўнае фота

Прэзыдэнт Дональд Трамп заявіў у панядзелак, што падпіша ўказ аб пачатку будаўніцтва ў ЗША сыстэмы супрацьпаветранай абароны «Жалезны купал», падобнай да той, якую Ізраіль выкарыстоўвае для перахопліваньня тысяч ракет.

«Мы павінны неадкладна пачаць будаўніцтва сучаснага супрацьракетнага шчыта „Жалезны купал“, які зможа абараніць амэрыканцаў», — сказаў Трамп на выязным пасяджэньні рэспубліканскага кангрэсу ў Маямі, паведамляе «Голас Амэрыкі».

Па словах Трампа, сыстэма «будзе зроблена проста тут, у ЗША». Выступаючы ў дзень заступленьня на пасаду новага міністра абароны Піта Гэгсэта, Трамп сказаў, што гэта адно з чатырох яго будучых распараджэньняў, нароўні з указам, які забараняе «трансгендэрную ідэалёгію» ў войску.

Падчас перадвыбарнай кампаніі 2024 году Трамп неаднаразова абяцаў пабудаваць для Злучаных Штатаў вэрсію ізраільскай сыстэмы «Жалезны купал».

Сыстэма, аднак, прызначаная пераважна для пагроз малой далёкасьці, што робіць яе малапрыдатнай для абароны ад міжкантынэнтальных ракет, якія зьяўляюцца галоўнай небясьпекай для ЗША. «Яны зьбіваюць практычна кожную з гэтых ракет, — сказаў Трамп. — Таму я думаю, што Злучаныя Штаты таксама маюць на гэта права».

Сыстэма «Жалезны купал» была распрацаваная Ізраілем пры падтрымцы ЗША. Яна спэцыялізуецца на зьбіваньні ракет малой далёкасьці. З пачатку яе эксплюатацыі ў 2011 годзе з дапамогай гэтай сыстэмы былі знойдзены і перахоплены тысячы ракет, у тым ліку і падчас апошняй вайны супраць ХАМАС і «Хэзбалы». Ізраіль сьцьвярджае, што каэфіцыент пасьпяховасьці яе работы складае больш за 90%.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG