Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Трамп заклікае арабскія краіны забраць да сябе палестынцаў з Газы


Дональд Трамп размаўляе з журналістамі на борце прэзыдэнцкага самалёта.
Дональд Трамп размаўляе з журналістамі на борце прэзыдэнцкага самалёта.

Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп, адказваючы на пытаньні журналістаў на борце прэзыдэнцкага самалёта Air Force One, сказаў, што вядзе перамовы зь лідэрамі Ярданіі, Эгіпту і, магчыма, іншых арабскіх краін, спрабуючы ўгаварыць іх забраць да сябе жыхароў сэктару Газа.

Новы ўрад ЗША прапануе перасяліць каля паўтара мільёна палестынцаў на час аднаўленчых работ. Але, па словах Трампа, перасяленьне можа быць як часовым, так і больш доўгатэрміновым.

Трамп падкрэсьліў, што вайна пакінула сэктар Газа разбураным і жыць там цяпер проста немагчыма.

Раней прадстаўнік Трампа ў Блізкаўсходнім рэгіёне Стыў Віткоф таксама казаў, што разглядаецца магчымасьць выселіць палестынцаў з Газы ў іншыя краіны, уключаючы Інданэзію.

Джакарта заявіла, што нічога ня ведае аб пляне Белага дома. МЗС Інданэзіі паведаміла, што краіна гатовая аказваць дапамогу ў пасьляваенным аднаўленьні сэктара.

Трамп таксама абвясьціў пра зьняцьцё забароны на пастаўку ў Ізраіль цяжкіх авіябомбаў вагой 2000 фунтаў (каля 900 кіляграмаў), уведзенай яго папярэднікам Джо Байдэнам.

Забарона, накладзеная ў траўні летась, як паведамляе Axios, стала прычынай аднаго з самых сур’ёзных крызісаў у адносінах ЗША і Ізраілю пасьля 7 кастрычніка 2023 году. Тады групоўка ХАМАС, прызнаная тэрарыстычнай у ЗША і Эўразьвязе, напала на ізраільцян на поўдні краіны. Загінулі больш за тысячу чалавек, каля 250 былі захопленыя ў закладнікі і вывезеныя ў сэктар Газа.

  • Эгіпет, які мяжуе з Ізраілем і горадам Рафах на поўдні сэктару Газа, з самага пачатку вайны адмаўляўся прымаць у сябе палестынскіх уцекачоў. Пасьля нападу ХАМАС 7 кастрычніка 2023 году памежны пераход у Рафаху быў зачынены. У сярэдзіне кастрычніка 2023 году ўлады Эгіпту ў адказ на ціск заходніх краін і патрабаваньні адкрыць памежны пераход прыгразілі пераправіць мільён палестынскіх бежанцаў, якія імкнуцца пакінуць сэктар Газа, у Эўропу.
  • Цяпер Ізраіль і ХАМАС прытрымліваюцца пагадненьня аб спыненьні агню, дасягнутага пры дапамозе пасярэднікаў. Пагадненьне мае выконвацца ў тры этапы. На першым этапе, які працягнецца 42 дні, палестынская групоўка абавязалася вызваліць 33 закладнікаў, а Ізраіль — пачаць вывад войскаў з сэктару Газа. Групоўка перадала ізраільцянам толькі 30 імёнаў. У адказ Ізраіль павінен вызваліць агульным лікам каля дзьвюх тысяч палестынскіх зьняволеных.

Вайна Ізраілю з ХАМАС і «Хэзбалой». Асноўнае

  • 7 кастрычніка 2023 году Ізраіль зазнаў ракетны ўдар з боку сэктару Газа, а баевікі руху ХАМАС прарваліся на тэрыторыю краіны, забіўшы ня менш за 260 удзельнікаў музычнага фэстывалю і захапіўшы сотні закладнікаў. Некаторых людзей расстрэльвалі проста на вуліцах.
  • Уварваньне з сэктару Газа адбылося ў 50-ю гадавіну пачатку вайны Суднага дня 1973 году.
  • Армія абароны Ізраілю (ЦАХАЛ) у адказ на атаку пачала ваенную апэрацыю «Жалезныя мячы». Ужо 8 кастрычніка Ізраіль афіцыйна абвясьціў стан вайны.
  • ХАМАС папярэдзіў, што будзе забіваць аднаго з закладнікаў кожны раз, калі ізраільскія вайскоўцы будуць бамбіць цывільныя аб’екты ў Газе.
  • Іран заявіў, што не бярэ ўдзелу ў вайне, але адкрыта заявіў пра падтрымку дзеяньняў ХАМАС. Найвышэйшы ўладар Ірану аятала Алі Хамэнэі заявіў: «Мы цалуем рукі тым, хто плянаваў напад на сыянісцкі рэжым».
  • Колькасьць параненых беларусаў на 10 кастрычніка 2023 году — 3 чалавекі. Стан адной з параненых жанчын цяжкі.
  • 10 кастрычніка ў кібуцы Кфар Аза побач з сэктарам Газа выявілі целы дзясяткаў забітых, у тым ліку малых дзяцей.
  • Міністар абароны Ізраілю Яаў Галант 11 кастрычніка заявіў, што войска пераходзіць да поўнамаштабнага наступу на сэктар Газа.
  • Лібанская ўзброеная групоўка «Хэзбала» 11 кастрычніка абстраляла супрацьтанкавымі ракетамі пазыцыі ізраільскіх вайскоўцаў і заявіла, што забіла і параніла іх.
  • Па стане на 17 кастрычніка вядома, што ў Ізраілі з пачатку вайны загінулі трое грамадзян Беларусі.
  • Ізраіль у лістападзе 2023 году пайшоў у атаку на сэктар Газа і заявіў аб пашырэньні наземнай апэрацыі.
  • 22 лістапада стала вядома, што Ізраіль і ХАМАС у Катары падпісалі пагадненьне аб замірэньні на 4 дні. Пазьней замірэньне падоўжылі, але ўжо 30 лістапада яно спынілася пасьля ракет з Газы па Ізраілі, заявілі ў ЦАХАЛ.
  • За час замірэньня з палону ХАМАС было вызвалена 105 закладнікаў, а з ізраільскіх турмаў 240 палестынскіх зьняволеных.
  • 6 студзеня Ізраіль заявіў пра тое, што поўнач сэктару Газа зачышчаная ад баевікоў ХАМАС.

    «Хэзбала» выпусьціла ракеты па Ізраілі на наступны дзень пасьля нападу ХАМАС, у кастрычніку 2023 году. З таго часу абстрэлы на мяжы адбываюцца амаль штодня. Дзясяткі тысяч жыхароў эвакуавалі з прымежных раёнаў з абодвух бакоў.

    «Хэзбала» — ваенізаваная групоўка і палітычная партыя, якая кантралюе значную частку паўднёвага Лібану. Злучаныя Штаты лічаць яе тэрарыстычнай арганізацыяй. Эўрапейскі Зьвяз унёс у свой сьпіс такіх арганізацыяў толькі яе ўзброенае крыло, але не палітычную партыю (партыя «Хэзбалы» прадстаўлена ў парлямэнце Лібану). «Хэзбала» таксама ёсьць часткаю так званай іранскай «восі супраціву» — сеткі іранскіх давераных асобаў і падтрыманых Тэгеранам групаў баевікоў, якія выступаюць супраць Ізраілю і ЗША.
  • Увосень 2024 году рэзка вырасла супрацьстаяньне на ізраільска-лібанскай мяжы. «Хэзбала» атакавала Ізраіль, а ў Тэль-Авіве вырашылі правесьці сэрыю авіяналётаў, каб зьнішчыць атакавальны патэнцыял «Хэзбалы».
  • 23 верасьня Ізраіль распачаў першую з 2006 году наземную апэрацыю на поўдні Лібану, калі пачалася Другая лібанская вайна (Ліпеньская вайна). Апэрацыю назвалі «Стрэлы поўначы».
  • 27 верасьня Ізраіль нанёс магутныя ўдары па Лібане і забіў лідэра «Хэзбалы» Хасана Насралу.
  • 3 кастрычніка Армія абароны Ізраілю паведаміла пра атаку на аб’екты «Хэзбалы» ў Бэйруце.
  • 15 студзеня 2025 году стала вядома пра пагадненьне пра спыненьне агню паміж Ізраілем і ХАМАС, якое павінна пачаць дзейнічаць з 19 студзеня. Ізраільскі бок выпусьціць некалькіх зьняволеных палестынскіх арабаў, а тэрарыстычная групоўка ізраільскіх закладнікаў.

    Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG