Днём 26 студзеня ананімныя Telegram-каналы, зьвязаныя зь беларускімі сілавікамі, заявілі пра ўзлом сайту аб’яднаньня былых беларускіх сілавікоў BelPol. BelPol пацьвердзіў тэлеканалу «Белсат», што сайт аб’яднаньня быў узламаны.
Пасьля ўзлому на сайце разьмясьцілі банэр у падтрымку Аляксандра Лукашэнкі. Праўладныя тэлеграм-каналы заявілі, што хакеры атрымалі доступ да сыстэмы публікацыі кантэнту на сайце. Абвестку пра ўзлом першапачаткова разьмясьцілі на расейскім форуме Cyberforum.ru, але пазьней яна адтуль зьнікла. На скрыншотах, якія распаўсюджваюць у Telegram, у абвестцы гаворыцца, што хакеры «скралі базу» ўдзельнікаў BelPol і неўзабаве яе апублікуюць.
На момант публікацыі сайт Belpol.pro працуе ў звычайным рэжыме. У аб'яднаньні пацьвердзілі «Белсату», што сайт быў узламаны.
«Цягам некалькіх месяцаў нашы рэсурсы, у тым ліку навінавы сайт, атакавалі ў сярэднім за дзень каля 200–220 мільёнаў разоў. Менавіта сайт зазнаў гэтую нагрузку, напады ідуць і цяпер. У выніку абарона ня справілася і сайт быў пашкоджаны. Праз тое, што сайт навінавы, ніякай крытычнай інфармацыі, акрамя той, што была апублікаваная, на ім не было. Заявы прыхільнікаў рэжыму дыктатара пустыя», — заявілі ў BelPol.
Аб’яднаньне падкрэсьлівае, што пра тых, хто атакаваў сайт, «ведае куды больш, чым яны пра нас».
На думку BelPol, узлом — гэта «індыкатар, які выразна паказвае, хто сапраўды пагражае рэжыму».
Таксама пра спробу ўзлому 27 студзеня паведаміў сайт Motolko.help, заснаваны беларускім блогерам Антонам Матолькам.
«Сёньня апоўдні на наш сайт motolko.help пачалася чарговая DDOS-атака. Для разуменьня, „хакеры“ робяць масаваныя запыты, і за кароткі час мы атрымалі 1090% ад стандартнага сутачнага трафіку», — гаворыцца ў паведамленьні.
Сайт BySol 27 студзеня працуе павольна з прычыны хваляў DDOS-атак, паведаміў сузаснавальнік фонду Андрэй Стрыжак.
«Усе дадзеныя абароненыя, працуем над пераадоленьнем наступстваў», — дадаў ён.
Форум