Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Старшыня ЦВК Беларусі прызнаў выцек сьпісаў сябраў выбарчых камісій. На BelPol завялі крымінальную справу

абноўлена

Ілюстрацыйнае фота. На ўчастку для галасаваньня ў вайсковай частцы ўнутраных войскаў у Менску, 23 студзеня 2025 году
Ілюстрацыйнае фота. На ўчастку для галасаваньня ў вайсковай частцы ўнутраных войскаў у Менску, 23 студзеня 2025 году

Старшыня ЦВК Беларусі Ігар Карпенка 23 студзеня прызнаў, што ў сеціва трапілі сьпісы сябраў выбарчых камісій. Пра атрыманьне і публікацыю гэтых зьвестак напярэдадні паведаміла арганізацыя былых беларускіх сілавікоў BelPol. Генпракуратура завяла на BelPol крымінальную справу.

Выбары ў Беларусі адбываюцца ва ўмовах палітычнага крызісу, шырокамаштабных рэпрэсій і, паводле міжнародных арганізацый, носяць несвабодны і недэмакратычны характар.

23 студзеня старшыня ЦВК Ігар Карпенка назваў публікацыю прозьвішчаў сябраў выбарчых камісій «грубым парушэньнем электаральнага сувэрэнітэту».

«Гэта грубае парушэньне электаральнага сувэрэнітэту. Я думаю, што праваахоўныя органы дадуць гэтаму факту сваю адпаведную ацэнку. Разам з тым гэта ніякім чынам не паўплывае на працу камісій», — дадаў Карпенка.

Старшыня ЦВК адзначыў, што 75% сябраў участковых камісій — жанчыны, а ў тэрытарыяльных камісіях жанчын 68%, і рытарычна спытаў: «Вы што, з жанчынамі сабраліся ваяваць?» Таксама Карпенка заявіў, што сябрам выбарчых камісій ужо нібыта «паступаюць нейкія пагрозы, абяцаюць прыгадаць нешта», і прыгразіў, што тым, хто гэта робіць, «давядзецца трымаць адказ, бо яны ўмешваюцца ў тыя працэсы, у якія ім недапушчальна ўмешвацца».

Пасьля гэтага стала вядома, што Генэральная пракуратура Беларусі завяла крымінальную справу на ўдзельнікаў BelPol па факце «наўмысных незаконных збору і распаўсюду інфармацыі аб прыватным жыцьці і пэрсанальных дадзеных больш за дзесяці тысяч грамадзян, якія зьяўляюцца чальцамі выбарчых камісій і назіральнікамі пры правядзеньні электаральнай кампаніі 2025 году». Дзеяньні BelPol кваліфікавалі паводле ч. 1 арт. 203-1 Крымінальнага кодэксу.

  • 22 студзеня арганізацыя былых беларускіх сілавікоў BelPol заявіла, што атрымала сьпісы звыш 10 тысяч сябраў выбарчых камісій і назіральнікаў, якіх улады задзейнічаюць у прэзыдэнцкай выбарчай кампаніі ў Беларусі, а таксама што інфармацыя пра гэтых асобаў працягвае паступаць. Ініцыятыва запусьціла пошукавік, дзе кожны зможа азнаёміцца з названымі зьвесткамі на сайце. BelPol абяцае перадаць сьпісы ўдзельнікаў беларускім дэмакратычным арганізацыям і міжнародным партнэрам для апублічваньня і прыняцьця адпаведных мер рэагаваньня.
  • Раней кіраўнік Цэнтравыбаркаму Ігар Карпенка заявіў, што пэрсанальныя зьвесткі сябраў камісій на маючых адбыцца прэзыдэнцкіх выбарах публікавацца ня будуць зь меркаваньняў бясьпекі.
  • Утойваньне імёнаў сябраў выбарчых камісій — не навіна. Сьпісы выбарчых камісій не публікаваліся і на рэфэрэндуме аб Канстытуцыі, які прайшоў у лютым 2022 году, і на выбарах Палаты прадстаўнікоў 2024 году.

Выбары 2025 году ў Беларусі

  • Выбары прэзыдэнта Беларусі прызначылі на 26 студзеня 2025 году — нашмат раней, чым можна было чакаць. Паводле заканадаўства, сёмыя прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі павінны былі адбыцца не пазьней за 20 ліпеня 2025 году.
  • Аляксандар Лукашэнка адразу ж заявіў пра намер працягнуць сваю ўладу над краінай яшчэ прынамсі на 5 гадоў. Гэтыя выбары сталі сёмымі для аўтарытарнага кіраўніка дзяржавы. Колькі часу Лукашэнка застаецца ва ўладзе: онлайн-лічыльнік.
  • Офіс Сьвятланы Ціханоўскай, Аб’яднаны пераходны кабінэт і Каардынацыйная рада пасьля гэтага выпусьцілі сумесную заяву, у якой падкрэсьлілі, што электаральная кампанія праводзіцца ў сытуацыі глыбокага палітычнага крызісу ў Беларусі, а Аляксандар Лукашэнка незаконна ўтрымлівае ўладу шляхам рэпрэсіяў супраць беларускага грамадзтва, і заклікалі беларусаў «выказаць свой пратэст шляхам галасаваньня супраць усіх, хто крадзе нашае права голасу».
  • Гэтыя выбары ў Беларусі пры Лукашэнку насілі, паводле міжнародных арганізацый, несвабодны і недэмакратычны характар. Выбарчая кампанія праходзіла ва ўмовах шырокамаштабных рэпрэсій і палітычнага крызісу, які цягнецца ад папярэдніх прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году. 97% членаў выбаркамаў працавала на папярэдніх выбарах, вынікае з дакладу ініцыятывы былых сілавікоў BelPol.
  • Паводле ЦВК, яўка на выбарах склала 86,82%. Ужо ў ноч на 27 студзеня Цэнтральная выбарчая камісія заявіла, што за Лукашэнку прагаласавалі 86,82% выбарнікаў. 3 лютага ў ЦВК заявілі, што згодна з канчатковымі вынікамі Аляксандар Лукашэнка атрымаў 5 136 293 галасы (86,82%), Сяргей Сыранкоў — 189 740 галасоў, Алег Гайдукевіч — 119 272 галасы, Ганна Канапацкая — 109 760 галасоў, Аляксандар Хіжняк — 102 789 галасоў.
  • У Эўрапарлямэнце 22 студзеня ўхвалілі рэзалюцыю, у якой заклікалі не прызнаваць прэзыдэнцкія выбары 26 студзеня і легітымнасьць Лукашэнкі. Праваабаронцы Libereco і «Вясны» назвалі выбары ў Беларусі «прапагандысцкім шоў», Міжнародны інстытут дэмакратыі і садзейнічаньня выбарам — «„самапрызначэньнем“ Лукашэнкі», а гендакладчык ПАРЭ па дэмакратычнай Беларусі Рышард Пэтру заявіў, што яны «стануць чарговай фікцыяй». У Amnesty International адзначылі ўзмацненьне палітычных рэпрэсій перад выбарамі.
  • Папярэднія выбары 9 жніўня 2020 году прайшлі ва ўмовах масавых фальсыфікацыяў і адзначыліся самымі масавымі пратэстамі за ўсю гісторыю незалежнай Беларусі. Вынікі выбараў не прызнала міжнародная супольнасьць, краіны Захаду неаднойчы ўводзілі санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі, якога ня лічаць легітымным прэзыдэнтам Беларусі. Палітычны крызіс, які ўзьнік пасьля выбараў 2020 году ў Беларусі, і шырокамаштабныя рэпрэсіі ў краіне працягваюцца дагэтуль. У сувязі з пагрозай палітычнага перасьледу Беларусь пасьля 2020 году, паводле розных ацэнак, пакінулі сотні тысяч беларусаў. У Беларусі ліквідавалі амаль амаль усе палітычныя партыі, грамадзкі сэктар краіны, пачынаючы з пасьлявыбарчага пэрыяду 2020 году, страціў больш за 1,8 тысячы некамэрцыйных арганізацыяў. Пасьля выбараў 2020 году ў Беларусі прызналі «экстрэмісцкімі фармаваньнямі/арганізацыямі» і заблякавалі практычна ўсе незалежныя СМІ, журналісты гэтых мэдыя сутыкнуліся з затрыманьнямі, адміністрацыйным і крымінальным перасьледам, многія вымушана пакінулі краіну і працягнулі працаваць з-за мяжы.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG